У сістэме адукацыі ёсць пэўны элемент, які можа легчы ў аснову нацыянальнай ідэі

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Ад якасці падрыхтоўкі кадраў залежыць устойлівае развіццё эканомікі дзяржавы ў цэлым. Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, каменціруючы вынікі “Вялікай размовы з прэзідэнтам”.

“Дзяржава — гэта велізарны карабель, і кожная галіна ўзаемазвязана з другой. Ад таго, як спрацуе эканоміка, як будзе напоўнены бюджэт, залежыць і рост заробкаў у той жа бюджэтнай сферы, што немалаважна для сістэмы адукацыі. Зноў жа мы гаворым пра якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, каб галіны эканомікі актыўна развіваліся, каб спецыялісты былі сапраўднымі драйверамі ўстойлівага эканамічнага росту. Усё гэта ўзаемазвязана”, — сказаў міністр.

Ён адзначыў, што на “Вялікай размове з прэзідэнтам” ва ўнісон гучала тэма пошуку нацыянальнай ідэі Беларусі, якая аб’ядноўвала б і згуртоўвала людзей. “Мне здаецца, у сістэме адукацыі, у яе канцэпцыі ўстойлівага развіцця, таксама ёсць пэўны элемент, які можа легчы ў аснову гэтай нацыянальнай ідэі”, — дадаў Ігар Карпенка.