У станоўчай дынаміцы

- 13:13Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша планёрка праходзіць у начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мсціслаўскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Валерыя Сяргеевіча ХАРЫТОНАВА, які акрэсліў стан і перспектывы адукацыйна-выхаваўчай сістэмы свайго рэгіёна.

— Валерый Сяргеевіч, як развіваецца і куды рухаецца сістэма адукацыі Мсціслаўскага раёна?

— У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна вучыцца 2231 навучэнец, ва ўстановах дашкольнай адукацыі — 645 выхаванцаў. У раёне, як і ва ўсёй Магілёўскай вобласці, рэалізуецца пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Як юрыдычныя асобы функцыянуюць цэнтралізаваная бухгалтэрыя, метадычны кабінет, гаспадарчая група.

Праводзіцца паслядоўная работа па аптымізацыі сеткі, напаўняльнасці класаў, штатнай колькасцi работнiкаў устаноў адукацыі з улікам дэмаграфічнай сітуацыі, перспектывах сацыякультурнага і эканамічнага развіцця рэгіёна. У параўнанні з 2015/2016 навучальным годам сетка агульнай сярэдняй адукацыі скарацілася на 1 установу, з 1 ліпеня 2017 года плануецца ліквідацыя яшчэ адной установы адукацыі.

Дасягнуты пазітыўныя вынікі ў выяўленні, развіцці і падтрымцы адораных дзяцей. На працягу навучальнага года навучэнцы раёна прымаюць удзел у дыстанцыйных алімпіядах па вучэбных прадметах, міжнародных і рэспубліканскіх анлайн-турнірах, інтэрнэт-канферэнцыях. Штогод каманда “Новы дзень” Ходасаўскай сярэдняй школы з’яўляецца прызёрам Міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды “Эрудыты планеты”, Рэспубліканскага фестывалю па эканоміцы і прадпрымальніцтве “Лесвіца поспеху”. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваявана 4 дыпломы, 5 навучэнцаў устаноў адукацыі раёна сталі дыпламантамі абласной канферэнцыі даследчых работ. Двое дзяцей уключаны ў банк даных адораных навучэнцаў Рэспублікі Беларусь і ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Наколькі цесна супрацоўнічаеце з бацькамі?

— Толькі цеснае супрацоўніцтва бацькоў і школы здольна выхаваць усебакова развітую асобу. Выхаванне дзяцей ва ўстанове адукацыі не можа будавацца на аднолькавых падыходах. Мае значэнне і сацыяльны статус сям’і, у прыватнасці, гаворка ідзе пра тых, хто знаходзіцца на ўліку. Асаблівая ўвага сёння ўдзяляецца нядобранадзейным сем’ям. Школа выступае ў ролі стабільнай апоры для дзіцяці, чые бацькі не належным чынам выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей. Асноўныя задачы па арганізацыі своечасовай комплекснай асобасна арыентаванай сацыяльна-педагагічнай, псіхалагічнай і іншых відаў дапамогі навучэнцам ускладзены на сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную службу ўстаноў адукацыі.

— А што прапануеце ў шосты школьны дзень?

— Ва ўстановах адукацыі раёна рэалізуюцца міжведамасныя планы работы ў шосты школьны дзень, якія прадугледжваюць правядзенне спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, экскурсій, арганізацыю прафарыентацыйнай, валанцёрскай і цімураўскай работы, работы з бацькамі. У шосты школьны дзень ва ўстановах адукацыі раёна працуе 80 аб’яднанняў па інтарэсах. Дзейнасць у шосты школьны дзень плануецца з улікам пажаданняў і запытаў дзяцей і іх бацькоў пры абавязковым узаемадзеянні, супрацоўніцтве з установамі дадатковай адукацыі, праваахоўнымі органамі, установамі сацыякультурнай сферы, сацыяльнай абароны, грамадскімі арганізацыямі.

У шосты школьны дзень дзеці наведваюць не толькі школу, але і ўстанову дадатковай адукацыі, дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы, Дом рамёстваў, школу мастацтваў. Бацькі могуць у суботу наведаць кансультацыі настаўнікаў, сустрэцца з педагогамі і абмеркаваць пытанні, якія не змаглі вырашыць у будныя дні.

— Як развіваеце профільную адукацыю?

— Увядзенне профільнай адукацыі ў раёне асаблівых цяжкасцей не выклікала. Ідэю адраджэння профільных класаў педагогі раёна ўспрынялі спакойна. З улікам запытаў і пажаданняў вучняў і іх бацькоў у трох установах арганізавана профільнае навучанне па 6 вучэбных прадметах. 32,5% старшакласнікаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Пераважаюць профільныя групы філалагічнага напрамку. У 2017/2018 навучальным годзе на базе гімназіі Мсціслава плануецца адкрыць педагагічны клас, у які будуць залічаны навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна.

— Раскажыце, калі ласка, пра работу вашага РВМК.

— Абнаўленне сучаснага зместу адукацыі, большыя патрабаванні да павышэння яго якасці абавязваюць педагога імкнуцца да пастаяннага прафесійнага развіцця і сістэматычнай работы над удасканаленнем свайго прафесійнага майстэрства. У сувязі з гэтым узрастае роля метадычнай службы, найважнейшая задача якой заключаецца ў тым, каб забяспечыць бесперапынную прафесійную адукацыю як маладых, так і вопытных педагогаў. Сёння метадысты павінны вырашаць розныя актуальныя задачы: забеспячэнне метадычнага суправаджэння; вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне лепшых узораў эфектыўнай педагагічнай практыкі; аказанне практычнай дапамогі маладым педагогам; забеспячэнне падрыхтоўкі педагогаў да работы ва ўмовах укаранення абноўленага зместу адукацыі. У апошні час шмат гавораць пра запатрабаванасць раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Хачу адзначыць, што метадыст з’яўляецца і арганізатарам, і аналітыкам метадычнай дзейнасці ўстаноў адукацыі і таму, на мой погляд, сёння ён вельмі запатрабаваны.

— Што больш за ўсё хвалюе?

— Дасягненне пэўных станоўчых вынікаў у рабоце не азначае адсутнасці праблем. Працягвае зніжацца колькасць навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці. У цяперашні час актуальныя пытанні, звязаныя з рэалізацыяй пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ад іх вырашэння ў значнай ступені залежыць функцыянаванне ўсёй галіны, яе далейшае развіццё. Фінансава-гаспадарчая дзейнасць устаноў адукацыі, тэхнічны стан аб’ектаў, іх аснашчанасць шмат у чым вызначаюць самы галоўны паказчык — якасць адукацыі, магчымасць выпускнікоў атрымліваць годную адукацыю. Неабходна прадоўжыць паслядоўную работу па аптымізацыі сеткі, напаўняльнасці класаў, штатнай колькасці работнікаў устаноў адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.