Расія: астраномія патрэбна любому школьніку

- 12:05Паралелі, Рознае

Астраномія ў сучасным свеце неабходна любому школьніку, адзначыў дырэктар Інстытута касмафізікі НДЯУ МІФІ прафесар Аркадзь Гальпер, каменціруючы намер Міністэрства адукацыі і навукі ўвесці астраномію як асобны школьны прадмет.

Кіраўнік адукацыйнага ведамства Вольга Васільева заявіла пра намер вярнуць у школьную праграму астраномію як асобны прадмет. “Зварот будзе дакладна, сто працэнтаў”, — сказала В.Васільева ў сераду, 21 верасня, на прэс-канферэнцыі ў МІА “Расія сёння”.

Пры гэтым дырэктар дэпартамента дзяржпалітыкі ў сферы агульнай адукацыі Мінадукнавукі Анастасія Зыранава нагадала, што астраномія з базіснага плана школьнай праграмы знікла ў 1993 годзе, аднак засталіся астранамічныя гурткі, а многія школы ўключаюць раздзел астраноміі ва ўрокі па фізіцы.

“Астраномія — гэта не толькі пашырэнне кругагляду і разуменне таго, як развіваецца навука, але і перапляценне гісторыі і навукі. Яна ўключае ў сябе ўсе бакі навуковых ведаў”, — мяркуе Аркадзь Гальпер.

Паводле яго слоў, мы жывём у такі час, калі маем велізарныя магчымасці выкарыстання касмічнай апаратуры і ўстаноўкі на борце касмічных караблёў прыбораў, якія пашыраюць спектр назіранняў за Сусветам. У выніку рэзка павялічваецца паток інфармацыі пра навакольны свет, адзначыў прафесар. “Сёння школьнікам патрэбна астраномія, бо ў Расіі актыўна развіваюцца навуковыя даследаванні касмічнай прасторы за межамі зямной атмасферы, якая перашкаджае пранікаць многім відам выпраменьвання, тым самым адкрываючы магчымасці ўстаноўкі апаратуры на касмічных караблях”, — падкрэсліў вучоны.

Пры гэтым ён дадаў, што расійскія даследчыкі рознымі сродкамі бесперапынна сочаць за Сонцам і астраномія становіцца ў значнай ступені прыкладной навукай. “Уводзячы астраномію як абавязковы прадмет, мы як бы дабаўляем яго да агульнай геаграфіі”, — падкрэсліў ён.

На пытанне пра гатоўнасць саміх школ прафесар выказаў меркаванне, што ў Расіі ёсць добрыя падручнікі па астраноміі, а ўзровень падрыхтоўкі настаўнікаў фізікі цалкам дазволіць ім выкладаць гэты прадмет. “Гаворка ідзе не пра ўвядзенне новай і чужой навукі, якую ніхто не разумее. Астраномію ў школах і ВНУ чакаюць”, — сказаў ён.

На думку вучонага, увядзенне ў школах астраноміі будзе карысна для абітурыентаў не толькі НДЯУ МІФІ і ўсіх тэхнічных ВНУ, але і ўніверсітэтаў, якія займаюцца грамадскімі навукамі. “Гаворачы пра тое, як зарадзілася жыццё, школьнік павінен уяўляць сабе сувязь гэтага пытання з астраноміяй”, — растлумачыў на прыкладзе Аркадзь Гальпер.