У сузор’і талентаў

- 11:34Адукацыйная прастора

Малагарадзішчанскаму дзіцячаму саду — сярэдняй школе, што на Ляхавіччыне Брэсцкай вобласці, па-добраму можа пазайздросціць не адна гарадская школа. Тут працуе зладжаная каманда прафесіяналаў — вопытных, творчых, шукаючых педагогаў, вучацца таленавітыя дзеці, якія ніколі не падвядуць сваіх настаўнікаў. Нездарма ўстанова адукацыі неаднаразова станавілася пераможцай і прызёрам спаборніцтваў рознага ўзроўню. У 2019 годзе раённым аддзелам па адукацыі ўпершыню зацверджаны пераходны памятны знак “Сузор’е талентаў” за стварэнне ўмоў для работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, высокія вынікі інтэлектуальнай, даследчай, турыстычна-краязнаўчай, творчай дзейнасці. І ВПК стаў яго першым уладальнікам. Работа калектыву і дасягненні навучэнцаў сёлета адзначаны райвыканкамам — установа занесена на галерэю славы Ляхавіччыны. Пра тое, што прывяло да такога поспеху, мы гутарым з дырэктарам установы Анжэлай Георгіеўнай ЯВАРЧУК. 

Педагагічны калектыў ВПК (у цэнтры — дырэктар А.Г.Яварчук).

— Анжэла Георгіеўна, якія асаблівасці мае адукацыйная прастора школы?

— Пазіцыя нашай школы — стварэнне ўмоў для аптымальнага развіцця здольнасцей усіх дзяцей, уключаючы тых, чые здольнасці ў цяперашні момант могуць яшчэ не праявіцца, а таксама тых, у дачыненні да якіх ёсць сур’ёзная надзея на далейшы якасны скачок у развіцці. І самае галоўнае — гэта стварэнне эмацыянальна прывабнага школьнага асяроддзя. А таму арганізацыя адукацыйнага працэсу накіравана ў першую чаргу на захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей. Заняткі праводзяцца ў першую змену.

Традыцыйна навучэнцы выбіраюць факультатыўныя заняткі па матэматыцы, беларускай і рускай мовах, па здаровым ладзе жыцця, па курсе “Мая прафесійная будучыня”. У бягучым навучальным годзе арганізаваліся новыя факультатыўныя групы па абслуговай і тэхнічнай працы. Дзейніча­юць 22 факультатыўныя групы па 13 вучэбных прадметах, якія наведваюць 69 навучэнцаў, што складае 100%. У школе працуюць дзве групы прадоўжанага дня для 44 дзяцей І і ІІ ступені навучання. Гэта дае магчымасць, асабліва дзецям, якіх падвозяць з іншых населеных пунктаў, атрымаць гарачае трохразовае харчаванне, наведваць спартыўныя секцыі, заняткі аб’яднанняў па інтарэсах, заняткі школы мастацтваў (“Малюнак” і “Баян”). Дарэчы, для дзяцей арганізавана работа 7 аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці: “Юныя інспектары дарожнага руху”, “Чароўныя фарбы”, “Здаравячок”, “Кнігалюбы”, “Юны рэдактар”, працуе тэатральны гурток “Нямецкая без адзнак”, танцавальны. 

На працягу апошніх трох гадоў удзельнікі тэатральнага гуртка па нямецкай мове, якім кіруе Алена Аляксандраўна Дзямід, папаўняюць школьную скарбонку дыпломамі. Яны паспяхова прадстаўляюць пастаноўкі “Беласнежка і сем гномаў”, “Запрашаем на Вялікдзень”, “Паўлінка”. Навучэнцы з вялікім жаданнем запісваюцца ў гурток, дзе яны не проста замацоўваюць свае веды і ўменні па нямецкай мове, але і могуць праявіць свае тэатральныя здольнасці. Цяпер Алена Аляксандраўна захапіла школьнікаў даследчай дзейнасцю “Будуем дыялог з нямецкай моладдзю”. У школе працуе рэдакцыя школьнай газеты “Крынічка” пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Мікалаеўны Смаршчок. У гэтым навучальным годзе наша рэдакцыя прыняла ўдзел у раённым этапе XV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер” і ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.

Асаблівая ўвага ва ўстанове адукацыі ўдзя­ляецца працоўнаму выхаванню. Гэта не толькі развівае патрэбны навык, але і выхоўвае павагу да чалавека працы. Пачынаючы з 3 класа арганізоўваецца грамадска карысная праца, дзе навучэнцы займаюцца ўборкай і добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, помнікаў і пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны (а іх у нас 5), аказваем дапамогу пажылым людзям ва ўборцы двароў, расчыстцы снегу і інш.

Ужо некалькі гадоў запар нашы дзеці вучацца зарабляць грошы. Праз упраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва ў школе арганізуецца другасная занятасць моладзі. На працягу ўсяго лета старшакласнікі фарбуюць сцены ў школе, плот, абсталяванне, добраўпарадкоўваюць школьную тэрыторыю, рамантуюць кнігі ў школьнай бібліятэцы. У 2019 годзе за летні перыяд вучні зарабілі каля 200 рублёў. Таксама нашы старшакласнікі ў складзе студатрада не адзін год працуюць у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” падсобнымі рабочымі на зернетаку, на праполцы сортнага аўса. Кіравалі студатрадамі настаўнікі Лілія Тадэвушаўна Пятроўская і Юлія Вячаславаўна Лешык.

— Ці адчуваеце вы недахоп дзяцей? Як арганізоўваецца ў школу падвоз навучэнцаў? 

— Вядома ж, мы востра адчуваем недахоп дзяцей. За мінулыя 10 гадоў найбольшая колькасць навучэнцаў была ў 2016/2017 навучальным годзе  — 109 (з іх 14 выхаванцаў, 95 вучняў). Павелічэнне кантынгенту адбылося ў сувязі з аптымізацыяй устаноў адукацыі раёна (закрыццё дзвюх суседніх школ — Альхоўскай сярэдняй школы ў 2014 годзе і Мядзведзіцкай сярэдняй школы  ў  2016 го­дзе), але з кожным годам зніжаецца колькасць навучэнцаў прыкладна на 6 чалавек. Сёлета ва ўстанове вучацца 83 чалавекі (14 выхаванцаў дашкольнай групы і 69 навучэнцаў). З іх 65% дзяцей падвозяцца з 9 вёсак раёна двума школьнымі аўтобусамі. І калі ў 2016 годзе было 9 першакласнікаў, то сёння ў нас іх толькі 5.

— Якія б меркаванні сёння ні выказваліся, аднак менавіта ад настаўніка залежыць і матывацыя ў дзіцяці да школы і навучання ў цэлым, і зацікаўленасць асобным прадметам, і выбар жыццёвага шляху. Раскажыце, калі ласка, аб сваім педагагічным калектыве, аб творча працуючых педагогах.

— Наша зладжаная каманда складаецца з 24 педагогаў — творчых, актыўных, ініцыятыўных, сярэдні ўзрост якіх — 44 гады. Калектыў пастаянна абнаўляецца маладымі спецыялістамі, якія прыносяць з сабой энергію маладосці, новыя веды і ідэі. У 2018 го­дзе Дар’я Аляксандраўна Маслоўская, настаўніца геаграфіі, падрыхтавала ўдзельніка раённай алімпіяды па геаграфіі вучня 7 класа Данііла Мацкевіча, які адзначаны дыпломам II ступені. Дар’я Аляксандраўна стала пераможцай раённага конкурсу сярод маладых педагогаў “Педагагічны дэбют”. У 2019 годзе настаўніца біялогіі Алёна Сяргееўна Савінская падрыхтавала дыпламантаў абласной экалагічнай акцыі “Падтрымаем птушак!” і ўдзельніцу раённай алімпіяды па біялогіі вучаніцу 7 класа Наталлю Шыпіла, якая адзначана дыпломам III ступені. У 2019 го­дзе калектыў папоўніўся маладым спецыя­лістам — настаўніцай хіміі Ксеніяй Аляксандраўнай Булыга.

Настаўнік інфарматыкі Аляксандр Мікалаевіч Касабуцкі рыхтуе вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе (на рахунку яго выхаванцаў — дыпломы рознай вартасці). У 2018 годзе педагог прадставіў на рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” распрацаваную ім камп’ютарную праграму “Трэніроўка хуткасці чытання” і атрымаў перамогу (дыплом II ступені). Праграма шырока выкарыстоўваецца настаўнікамі пачатковых класаў нашай школы, іншых школ краіны. Яна знаходзіцца ў вольным доступе ў інтэрнэце (http://chtenie.net).

У Надзеі Мікалаеўны Лапіч 2017/2018 навучальны год стаў першым у якасці педагога-арганізатара, але ён быў багатым на ўражанні, эмоцыі і шчаслівыя падзеі. Яна на адной хвалі з навучэнцамі. У 2018 годзе піянерская дружына нашай установы прызнана лепшай дружынай раёна. Н.М.Лапіч падрыхтавала пераможцаў і прызёраў абласных этапаў конкурсаў: конкурс агітбрыгад “Запалі вогнішча дабра!” (дыплом I ступені), акцыя “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі” ў намінацыі “Нам 41-ы не забыць… Нам 45-ы славіць…” (дыплом I ступені) і інш. Таксама Надзея Мікалаеўна заваявала дыпломам I ступені ўпраўлення адукацыі ў выставе-конкурсе “Лепшы вопыт: методыка і тэхналогія работы валанцёрскіх атрадаў”. А яшчэ ў школе створана каманда КВЗ “Мандарын” пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Юліі Вячаславаўны Лешык. І вынікі таксама ёсць.

Плённай працы педагогаў установы адукацыі спрыяюць гарантыі, якія замацаваны ў калектыўным дагаворы нашай установы: ахова працы, матэрыяльнае стымуляванне, гарантыі занятасці і адпачынку. Дарэчы, у 2018 годзе ў раённым конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі мы сталі пераможцамі ў намінацыі “За якасць работы з педагагічнымі кадрамі ва ўстанове”. Правядзенне экскурсій, удзел у розных спартыўна-масавых, турыстычных мерапрыемствах, арганізацыя карпаратыўных сустрэч у гонар свят і юбілеяў садзейнічаюць стварэнню спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў калектыве, што з’яўляецца неад’емнай часткай згуртавання і наладжвання сяброўскіх адносін. Для педагогаў ва ўстанове адукацыі ствараюцца камфортныя сацыяльна-бытавыя ўмовы: 70% настаўнікаў забяспечваюцца гарачым харчаваннем, сёлета зроблены рамонт у настаўніцкім пакоі, на што выдаткавана 150 рублёў з пазабюджэтных сродкаў. У педагогаў ёсць магчымасць даязджаць да месца работы на школьным аўтобусе.

— Анжэла Георгіеўна,  якая ўвага ўдзя­ляецца ў школе прафарыентацыйнай рабоце? Якія прафесіі выбіраюць вашы вучні?

—  Велізарная роля адводзіцца дапрафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў. Право­дзяцца тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны, факультатыўныя заняткі, арганізоўваюцца экскурсіі на прадпрыемствы і сустрэчы з прадстаўнікамі сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі. Штогод у сакавіку праводзіцца месячнік прафарыентацыі, дзе школьнікі вывучаюць розныя прафесіі, арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій.

Нашы дзеці штогод становяцца навучэнцамі сярэдніх спецыяльных сельскагаспадарчых устаноў адукацыі — Ляхавіцкага аграрнага каледжа, Ганцавіцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Ужо некалькі гадоў запар навучэнцы выбіраюць медыцынскія прафесіі. Любоў да хіміі і біялогіі прывіла ім настаўніца Надзея Міхайлаўна Патоцкіх (цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку). Урокі Надзеі Міхайлаўны спалучалі навуковасць з займальнасцю. А ў 2019 годзе выпускнік школы Сяргей Лешык стаў студэнтам біялагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Малодшыя школьнікі гавораць, што Сяргей “вучыцца на Надзею Міхайлаўну”. Кожны год хоць адзі­н выпускнік становіцца студэнтам педагагічнага факультэта ўстановы вышэйшай адукацыі.

Педагагічны калектыў разумее, як важны пошук сучасных падыходаў да фарміравання іміджу прафесіі, які раскрывае новае сацыяльна-псіхалагічнае аблічча рабочага і спецыяліста, здольнага да асобаснага і прафесійнага самавызначэння, прафесійнага росту і развіцця. У сувязі з гэтым у 2019 го­дзе наша ўстанова ўключылася ў рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з дапамогай тэхналогіі адукацыйнага падарожжа”, якое спрыяе прадастаўленню кожнаму вучню магчымасцей для актыўнага ўключэння ў працэс пазнання свету прафесій, раскрыццю рэальных перспектыў сацыялізацыі, абуджэння і развіцця здольнасцей асобы незалежна ад яе адукацыйных патрэб.

— Ці ахвотна вучні наведваюць установу ў шосты школьны дзень? Што вы ім прапаноўваеце?

— Так, навучэнцы з задавальненнем прыходзяць у школу ў суботні дзень. Праўда, у асноўным гэта дзеці з Малога Гарадзішча. Навучэнцаў з суседніх вёсак уключаем у мерапрыемствы, якія арганізоўваюцца ў раёне: спартыўныя спаборніцтвы, мерапрыемствы, якія праводзяць піянеры і БРСМ, тэматычныя мерапрыемствы. У школе ў суботу працуюць камп’ютарны клас, трэнажорная зала, бібліятэка. Наведваць іх можа любы вучань. Аб’яднанне па інтарэсах “Здаравячок” прапануе як заняткі па матывацыі да здаровага ладу жыцця, так і заняткі, якія дазваляюць навучыцца гатаваць здаровую і смачную ежу, пагуляць у рухавыя гульні. Настаўнікі право­дзяць кансультацыі па вучэбных прадметах. Не застаюцца ў баку ад шостага школьнага дня і нашы бацькі. З іх удзелам праводзяцца і круглыя сталы, і экскурсіі, і спартландыі, і сустрэчы за кубачкам чаю. На мерапрыем­ствах, на якія прыходзяць бацькі, мы прадстаўляем нашы поспехі і дасягненні, справаздачныя канцэрты, самыя цікавыя работы дзяцей.

— Наколькі я зразумела, у школе атрымаў развіццё і турыстычна-края­знаўчы напрамак. Чаму ён так захапіў вучняў?

—  З прыходам у 2015 годзе ў школу На­дзеі Мікалаеўны Лапіч вучны захапіліся турыстычнай дзейнасцю, якая з’яўляецца адной з эфектыўных форм навучання. У раёне штогод праходзяць турыстычныя злёты, у якіх нашы вучні неаднаразова перамагалі. Двух-, трохдзённыя паходы з наведваннем гісторыка-культурных мясцін раёна сталі адной з форм краязнаўчай, даследчай дзейнасці. У выніку гэтай дзейнасці з’явілася старонка на сайце школы “Адукацыйнае падарожжа”, віртуальная экскурсія па гістарычных месцах раёна, устаноўлены QR-коды са спасылкай на старонку віртуальнай экскурсіі, выраблены экскурсійна-турыстычныя прадукты (буклеты). Самым важным вынікам гэтай дзейнасці з’яўляецца падрыхтоўка сямікласніцы Дар’і Наскавец, якая стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў “З чаго пачынаецца Радзіма…”.

— Наколькі актыўныя вашы вучні ў сацыяльных сетках? Ці выкарыстоўваюцца смартфоны, планшэты ў вучэбным працэсе? 

— Акрамя сайта ўстановы, школьным актывам вядзецца старонка ў Instagram, дзе навучэнцы расказваюць пра школьнае жыццё, пра свае дасягненні, робяць аб’явы. Старонку наведваюць і бацькі. Вучэбны працэс таксама не абыходзіцца без сучасных гаджэтаў. На многіх уроках выкарыстоўваюцца планшэты і мабільныя тэлефоны. Ужо не першы год у школе настаўнікі запаўняюць электронныя журналы. Для гэтых мэт педагогам раздалі планшэты, з якіх настаўнікі непасрэдна на ўроках ма­юць магчымасць заходзіць у інтэрнэт. У сваю чаргу ў бацькоў ёсць магчы­масць адсоч­ваць паспяховасць сваіх дзяцей у рэжыме анлайн.

— Анжэла Георгіеўна, якой бачыцца ваша школа ў будучыні?

— У наш няпросты час, калі кожны год адбываецца аптымізацыя адукацыйных устаноў, мы робім усё, каб школа была канкурэнтаздольнай, прывабнай для дзяцей і іх бацькоў, педагогаў. У нас шмат яшчэ планаў: рэалізаваць інавацыйны праект па праф­арыентацыі, “раскруціць” бізнес-кампанію ў школе па стварэнні вырабаў з паперы, пенаплексу і іншых матэрыялаў, працягнуць края­знаўчую работу па родным краі і не толькі. Спадзяёмся, у нас усё атрымаецца!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.