У трэндзе інфарматызацыі

- 11:19Якасць адукацыі

У межах XIV спецыялізаванай выставы “Адукацыя і кар’ера” і VII Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Адукацыйнае асяроддзе і вучэбныя тэхналогіі” прайшла ІІІ адкрытая міжнародная канферэнцыя “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку”, якая аб’яднала вучоных і практыкаў з Беларусі, Расіі і Казахстана. Мэта канферэнцыі — развіццё патэнцыялу і ўзаемадзеяння ІТ-спецыялістаў і прадстаўнікоў адукацыйнай галіны па пошуку аптымальных педагагічных і тэхналагічных рашэнняў у галіне інфарматызацыі адукацыі.

“Штогод выстава “Адукацыя і кар’ера” выклікае вялікі рэзананс. Колькасць наведвальнікаў налічвае дзясяткі тысяч. Яна, несумненна, карысная для навучэнцаў, студэнтаў, іх бацькоў і педагогаў. Наведаўшы гэтую выставу, моладзь можа вызначыцца з будучай прафесіяй”, — адзначыў на адкрыцці выставы старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык.
Адукацыйныя паслугі на выставе прадставілі 140 устаноў вышэйшай адукацыі з 12 краін свету. Яны прэзентавалі шырокі спектр праграм: ад школьных да пасляўніверсітэцкіх, уключаючы дактарантуру, а таксама дадатковага навучання і атрымання адукацыі за мяжой. Установы вышэйшай адукацыі прадэманстравалі наведвальнікам магчымыя формы адукацыйных стажыровак як на платнай, так і бясплатнай аснове. Каля стэндаў вядучых беларускіх УВА было мнагалюдна. Будучыя абітурыенты прыходзілі цэлымі класамі. Больш за ўсё школьнікаў можна было бачыць каля экспазіцый УВА, якія рыхтуюць інжынераў-робататэхнікаў і ІТ-спецыялістаў.Каледжы і ліцэі падрыхтавалі прэзентацыі самых запатрабаваных прафесій. На выставе ў рэжыме нон-стоп працавала інтэрактыўная пляцоўка “Не боги горшки обжигают”, дзе навучэнцы змаглі паспрабаваць свае магчымасці ў многіх напрамках: уласнымі рукамі палажыць плітку ці паркет, вырабіць драўляныя дэкаратыўныя элементы ці стварыць модныя прычоскі. Падчас работы выставы яны змаглі наведаць семінары і прэзентацыі па актуальных тэмах, сярод якіх “Як прадаць сябе работадаўцу?”, “Класная гадзіна ў старшай школе весела і з карысцю: навучанне ўзаемаадносінам з выкарыстаннем гарвардскіх тэхналогій”.
Адкрытую міжнародную канферэнцыю “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку” пачала намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Паўлаўна Харужая. Яна падкрэсліла, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы ў бягучым навучальным годзе акцэнт зроблены на фарміраванне сучаснай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы; развіццё інфраструктуры і арганізацыйна-эканамічных механізмаў, што забяспечваюць роўную даступнасць сучасных інфармацыйных тэхналогій для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу; укараненне электронных інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў і воблачных электронных сэрвісаў.
Па словах намесніка дырэктара па навуковай рабоце Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Сяргея Сяргеевіча Альшэўскага, трэндамі інфарматызацыі ў найбліжэйшай перспектыве стануць падрыхтоўка кадраў, ліцэнзаванне, распрацоўка адукацыйнага кантэнту (у межах развіцця і мадэрнізацыі нацыянальнага адукацыйнага партала плануецца стварэнне інтэграцыйнай адукацыйнай прасторы), стварэнне адпаведнай тэхнічнай інфраструктуры, а таксама пабудова інфармацыйна-камунікацыйных і экспертных сістэм для абмену інфармацыяй аб стане сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў рэжыме рэальнага часу. Дарэчы, ужо зараз праводзіцца мадэрнізацыя інфармацыйна-аналітычных сістэм карпаратыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і Міністэрства адукацыі.
Бадай што адным з самых хвалюючых на сёння пытанняў з’яўляецца пытанне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, бо сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі развіваюцца значна хутчэй, чым вучэбныя праграмы, па якіх займаецца школа. Так, напрыклад, сярэдні тэхналагічны цыкл аднаўлення займае ад года да паўгода: змяненні могуць адбывацца два разы на год. А гэта значыць, што не заўсёды настаўнікі могуць паспяваць за тымі сучаснымі трэндамі, якія існуюць зараз. Плануецца перагледзець патрабаванні да медыйнай і інфармацыйнай кампетэнтнасці педагогаў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.
Яшчэ адно пытанне — выкарыстанне ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння ва ўстановах адукацыі. Кіраўнікам навучальных устаноў трэба звярнуць увагу на закупку ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння і працаздольнасць распрацаваных раней праграм на апошніх версіях аперацыйных сістэм. Плануецца падрыхтаваць нарматыўны дакумент, які рэгламентуе закупку камп’ютарнага абсталявання і які будзе насіць статус абавязковага для выканання, а не рэкамендацыі.
Удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, ІТ-інфраструктуры таксама знаходзіцца ў цэнтры ўвагі педагогаў. Як адзначыў С.С.Альшэўскі, у ГІАЦ завершана рэалізацыя праекта па аўтаматычнай распрацоўцы пакета дакументаў, неабходнага для стварэння ва ўстанове адукацыі сеткі Wi-Fi.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ўжо некалькі гадоў вядзе прыёмную кампанію з прымяненнем распрацаванай аўтаматызаванай сістэмы падачы заяў і залічэння (АСПЗіЗ). Як адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце і інфарматызацыі БДУІР, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Барыс Віктаравіч Нікульшын, гэтая сістэма дазваляе не страціць добрага абітурыента і даць яму магчымасць паступіць ва УВА.
— Пяцігадовы вопыт паспяховага прымянення сістэмы дазволіў прыйсці да найбольш аптымальнай мадэлі конкурснага адбору для бюджэтнай формы атрымання адукацыі. Абітурыенты ранжыруюцца ў межах выбранай імі групы спецыяльнасцей на аснове агульнай сумы набраных балаў і залічваюцца на спецыяльнасць у адпаведнасці з указанымі ў заяве прыярытэтамі. Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе на першую ўказаную імі спецыяльнасць з групы, удзельнічаюць у конкурсе на наступную спецыяльнасць з указанага імі прыярытэтнага пераліку спецыяльнасцей гэтай групы. Абітурыенты, які не прайшлі па конкурсе ні на адну з пералічаных у іх заяве спецыяльнасцей, не залічваюцца ў БДУІР па ўказанай групе спецыяльнасцей, на выбранай імі форме атрымання адукацыі, — адзначыў Барыс Віктаравіч.
Б.В.Нікульшын назваў асноўныя вынікі інфарматызацыі прыёмнай кампаніі: істотна ўзрасла прапускная здольнасць прыёмнай камісіі; памылкі ўводу даных практычна звяліся да нуля; мінімізаваны ўдзел абітурыента пры фарміраванні асабістай справы; вырашана праблема “апошняга дня” прыёмнай кампаніі; рэалізавана магчымасць аператыўна адсочваць фарміраванне конкурсу як у цэлым па профілі, так і па кожнай асобнай спецыяльнасці.
Па выніках эксплуатацыі прапанаваны алгарытмы выкарыстання аўтаматызаванай сістэмы: аўтаматызаваны рэжым (у межах УВА), карпаратыўны рэжым (аб’яднанне некалькіх зацікаўленых УВА для правядзення агульнай прыёмнай кампаніі, пры гэтым установы самі вызначаюць спецыяльнасці для ўнутрыўніверсітэцкага конкурсу і спецыяльнасці міжуніверсітэцкага карпаратыўнага конкурсу; сеткавы рэжым (сістэма праводзіць прыёмную кампанію з магчымасцю ўдзелу ў конкурсе абітурыентаў на пэўныя спецыяльнасці УВА Міністэрства адукацыі).
— Укараненне сістэмы ў аўтаномным рэжыме дазволіць абітурыенту ўдзельнічаць у конкурсе на некалькі спецыяльнасцей у парадку прыярытэту і такім чынам максімальна ўлічыць яго жаданне і магчымасці, скараціць тэрміны прыёмнай кампаніі па галіновых, рэгіянальных прыкметах, па роднасных спецыяльнасцях альбо на дагаворнай аснове і г.д., — падкрэсліў Барыс Віктаравіч. — Назіраецца і эфект ад укаранення АСПЗіЗ у карпаратыўным рэжыме. Па-першае, павышаецца эфектыўнасць прыёмнай кампаніі: верагоднасць дадатковага набору зніжаецца за кошт аб’яднання патокаў абітурыентаў УВА — удзельнікаў карпарацыі, і, як вынік, скарачаюцца тэрміны прыёмнай кампаніі; у абітурыентаў з высокімі баламі рэзка ўзрастаюць шансы стаць студэнтамі за кошт адначасовага ўдзелу ў конкурсе на ўнутрыўніверсітэцкія спецыяльнасці і спецыяльнасці міжуніверсітэцкага конкурсу; рэзка ўзрастае значнасць прафарыентацыйнай работы УВА сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Па-другое, павышаецца камфортнасць правядзення прыёмнай кампаніі для ўсіх яе ўдзельнікаў: абітурыент мае магчымасць падаць заяву на спецыяльнасці розных УВА ў прыёмную камісію найбліжэйшай установы адукацыі — члена карпарацыі; для абітурыента ствараецца электронны кабінет для аператыўнага ўзаемадзеяння з прыёмнай камісіяй і падрыхтоўкі заявы ў ВНУ ў камфортных умовах. Электронная версія заявы паступае ў базу камісіі і такім чынам павышае аператыўнасць прыёму дакумента абітурыентаў.
Аб выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя адукацыйнай прасторы Мінска для фарміравання і развіцця інфармацыйнай культуры педагогаў расказала прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве і інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч.
— Сучасны педагог — гэта праваднік, сувязное звяно паміж цяперашнім і будучыняй. Ніхто не будзе пярэчыць, што цяперашні настаўнік вучыць чалавека, які будзе жыць праз 30—50 гадоў ва ўмовах, невядомых тым, хто жыве зараз, займацца прафесійнай дзейнасцю, пра якую сёння ніхто не чуе, карыстацца гаджэтамі, якіх яшчэ няма ў прыродзе, — падкрэсліла Таццяна Якаўлеўна. — Адсюль істотна мяняецца роля педагога ў адукацыйным працэсе. Ён ужо не можа замыкацца на канкрэтнай прадметнай галіне ці настойліва дабівацца засваення пэўнай інфармацыі, бо гэта праз 10 гадоў можа быць неактуальным ці элементарна сцерціся з памяці.
Сістэма павышэння кваліфікацыі выконвае місію адаптацыі настаўнікаў да сацыяльных і прафесійных умоў, якія пастаянна мяняюцца. Высокі ўзровень авалодання сучаснымі ІКТ становіцца агульным атрыбутам прафесійнай кваліфікацыі педагога. Дэвіз настаўніка новага часу — “Дошка і крэйда добра, але трэба, каб было цудоўна!”. Навучэнцам цікавы камп’ютарныя праграмы, інтэрнэт. Таму прымяненне камп’ютарных тэхналогій у адукацыйным працэсе дазваляе сумясціць прыемнае з карысным. Выкарыстанне прэзентацый, кліпаў, вучэбных праграм, пошук у сетцы інфармацыі, неабходнай для падрыхтоўкі і выканання заданняў, стварэнне ўласных інтэлектуальных прадуктаў, укараненне элементаў адукацыйнай робататэхнікі і г.д. — усё гэта накіравана на развіццё.
Якія магчымасці прадастаўлены сталічнаму педагогу для таго, каб ён адчуваў сябе ўпэўнена, пастаянна працаваў над павышэннем узроўню інфармацыйнай культуры?
Асноўнымі напрамкамі дзейнасці гарадской сістэмы дыстанцыйнага навучання Moodle (http://moodle.minsk.edu.by) з’яўляюцца павышэнне кваліфікацыі педагогаў, курсы ўстаноў адукацыі; гарадскія конкурсы, фестывалі, канферэнцыі; інтэрнэт-алімпіяды; нацыяльныя электронныя сродкі навучання, даступныя ў анлайн-рэжыме; інтэрнэт-праекты, інавацыйная дзейнасць. У цяперашні час у СДН Moodle функцыянуюць і пастаянна абнаўляюцца больш за 20 тэматык павышэння кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме, сярод іх — “Арганізацыя прафарыентацыйнай работы ва ўстанове адукацыі”, “Арганізацыя адукацыйнага працэсу на аснове электроннага журнала”, “Выкарыстанне праграмы КОМПАС-3D для арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў па працоўным навучанні і чарчэнні”, “Падрыхтоўка ІТ-цьютараў для арганізацыі і суправаджэння адукацыйнага працэсу сродкамі дыстанцыйных тэхналогій”, “Сэрвісы Google ў адукацыі” і інш.
З дапамогай сістэмы дыстанцыйнага навучання Moodle праводзяцца семінары, дыягнастычныя даследаванні, ідзе суправаджэнне эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Платформа выкарыстоўваецца ўстановамі адукацыі для стварэння ўласных дыстанцыйных курсаў. За перыяд дзеяння сістэмы ў ёй педагогамі распрацавана і размешчана 204 курсы. Найбольш актыўна выкарыстоўваюць аўтарскія распрацоўкі, размешчаныя ў сістэме, гімназіі №№ 14, 1, 40, 22, 10, сярэднія школы №№ 162, 55, 25 і 68.
У цяперашні час актыўна развіваюцца дыстанцыйныя формы правядзення розных мерапрыемстваў на ўзроўні горада і рэспублікі. Напрыклад, штогадовыя гарадскія ІТ-конкурсы, жнівеньскія секцыі па інфарматызацыі, гарадскія інтэрнэт-секцыі. Добрай традыцыяй стала правядзенне метадалагічных семінараў па падрыхтоўцы пасяджэнняў раённых метадычных аб’яднанняў у форме вэбінара з выкарыстаннем праграм-месенджэраў (Skype, ooVoo).
Як адзначалася, актыўна, а галоўнае персаніфікавана з педагогамі па павышэнні іх узроўню інфармацыйнай культуры працуюць адкрытыя ІТ-лабараторыі. У цяперашні час на базе МГІРА дзейнічаюць шэс ць адкрытых ІТ-лабараторый: лінгафонная мультымедыйная лабараторыя (ажыццяўляе метадычную дапамогу па выкарыстанні праграмнага забеспячэння лінгафонных кабінетаў), інтэрактыўная лабараторыя (накіравана на павышэнне кваліфікацыі педагогаў у галіне прымянення інтэрактыўных сродкаў навучання), лабараторыя інавацыйных дыстанцыйных тэхналогій “Адукацыя без межаў”, “Лабараторыя інтэлектуальных сістэм і тэхналогій “Ліст” (створана з мэтай павышэння кваліфікацыі педагогаў у сферы выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў навучання, асваення навыкаў работы з абсталяваннем новых лічбавых лабараторый, прымянення перадавых тэхналогій работы з адоранымі дзецьмі), лабараторыя робататэхнікі “STEAM-акадэмія” (прызначана для навучання асновам праектавання, канструявання і праграмавання робатаў, засваення тэхналогій адукацыйнай робататэхнікі), Цэнтр падрыхтоўкі інструктараў і падтрымкі акадэмій Cisco.
Магчымасць прадэманстраваць свой талент, падзяліцца педагагічным вопытам з калегамі прадастаўлена ў межах рэалізацыі рэгіянальнага праекта “Адукацыйны холдынг “Сталіца”. Холдынгавая стратэгія дазваляе актыўна развіваць сеткавае ўзаемадзеянне паміж установамі, органамі кіравання і МГІРА. Толькі ў 2015 годзе было праведзена 99 практычных заняткаў для педагогаў на базе рэсурсных цэнтраў горада, у 2016 годзе іх запланавана 84 на базе 24 рэсурсных цэнтраў. Акрамя таго, 80 устаноў адукацыі з’яўляюцца пляцоўкамі для правядзення практычных і семінарскіх заняткаў.
Інфармацыйнае асяроддзе адукацыйнай прасторы Мінска дазваляе педагогу заставацца ў актуальнай зоне навукова-тэхнічнага прагрэсу, арыентавацца ва ўмовах імклівага развіцця інфармацыйнага грамадства і інфармацыйных тэхналогій у адукацыі, а таксама павышаць сваю інфармацыйную культуру.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.