Падвесці вынікі і рухацца наперад — такая задача штогод паўстае перад удзельнікамі выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама. Сёлета яе ўдзельнікі працавалі вочна, сабраўшыся ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце, а таксама дыстанцыйна — у кожным раёне вобласці была арганізавана работа студый, адкуль да галоўнай рабочай пляцоўкі падключаліся па відэасувязі.
Удзел у рабоце калегіі ўзялі намеснік старшыні Мінаблвыканкама І.С.Маркевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь К.В.Капуцкая, начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь М.С.Кіндзірэнка, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.В.Апраніч.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Башко ў сваім дакладзе прааналізаваў дзейнасць сістэмы адукацыі Міншчыны ў 2020 годзе і паставіў перад работнікамі сістэмы задачы на будучыню.
— У сферы адукацыі ў цэнтры ўвагі — развіццё асобаснага патэнцыялу падрастаючага пакалення, высокі ўзровень ведаў. Маладзёжная палітыка будзе сканцэнтравана на фарміраванні ў маладога пакалення прававых, культурных і маральных каштоўнасцей. Павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі, патрыятычнае выхаванне, захаванне сямейных традыцый — асноўныя задачы адукацыі, — падкрэсліў М.М.Башко.
Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што рашэнні, прынятыя на мінулай выніковай калегіі і жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, дазволілі забяспечыць дынаміку развіцця сістэмы адукацыі вобласці па асноўных напрамках дзейнасці. Так, у мінулым годзе актыўна вырашалася праблема будаўніцтва новых устаноў дашкольнай адукацыі. Завершана ўзвядзенне 12 новых дзіцячых садкоў. Арганізаваны падвоз выхаванцаў, адкрыты групы кароткачасовага знаходжання. Забяспечанасць дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў вобласці складае 96%. Забяспечанасць сродкамі выхавання, навучання ўзрасла да 89,4%. Зафіксавана зніжэнне абласнога паказчыка захваральнасці дзяцей дашкольнага ўзросту. Па гэтым паказчыку вобласць мае лепшы вынік у краіне.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі павялічылася колькасць навучэнцаў, якія атрымалі на выпускных іспытах практычна па ўсіх прадметах адзнакі высокага і дастатковага ўзроўняў. Сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбных прадметах у 2020 годзе склаў 58,5 бала. Колькасць выпускнікоў, якія атрымалі 100-бальны вынік на ЦТ, павялічылася на 34,5%. Аналагічная дынаміка назіраецца і ў атрыманні атэстатаў асаблівага ўзору. Як вынік — павелічэнне колькасці навучэнцаў, якія паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Аднак патэнцыял адукацыі ў галіне якасці далёка не вычарпаны. Працягваецца работа па маштабіраванні STEM-падыходу ў адукацыі: у 2020 годзе адкрыты 6 STEM-цэнтраў, арганізаваны 3 выезды мабільнага STEM-класа. Актуальным напрамкам з’яўляецца работа з навучэнцамі па фарміраванні фінансавай пісьменнасці і вывучэнні асноў прадпрымальніцкай дзейнасці. На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі перад сістэмай адукацыі пастаўлена задача ўдасканальваць арганізацыю адукацыйнага працэсу з улікам аналізу вынікаў рэспубліканскіх кантрольных работ, міжнароднага даследавання PISA, цэнтралізаванага тэсціравання.
Прафесійная адукацыя — асноўная крыніца забеспячэння эканомікі і сацыяльнай сферы кваліфікаванымі кадрамі. І ў гэтай галіне на Міншчыне таксама ёсць поспехі. У вобласці 100% выпускнікоў забяспечаны першым рабочым месцам, падрыхтавана 70% рабочых з павышаным узроўнем кваліфікацыі. Па выніках рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства навучэнцы і педагогі 9 устаноў прафесійнай адукацыі атрымалі 18 медалёў і 30 дыпломаў. Ва ўстановах назапашаны значны рэсурс, які дазваляе рэальна падысці да павышэння якасці прафесійнай адукацыі. Пры навучанні акцэнт робіцца на вывучэнне сучасных машын і абсталявання, тэхналогій вытворчасці. Практыкуецца правядзенне вучэбных заняткаў з прыцягненнем вядучых спецыялістаў прадпрыемстваў. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама звярнуў увагу на тое, што ўстановы прафесійнай адукацыі павінны пастаянна ўзаемадзейнічаць з прадпрыемствамі, арганізацыямі, у тым ліку малога і сярэдняга бізнесу, галіновымі органамі кіравання, для якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў, са структурнымі падраздзяленнямі рай(гар)выканкамаў.
Павышэнне якасці і даступнасці адукацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця дасягаецца шляхам ранняга выяўлення і своечасовага аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям дашкольнага ўзросту і стварэння для іх спецыяльных умоў. На Міншчыне ахоп дзяцей з АПФР ранняй комплекснай дапамогай склаў 99,5%. Праведзена больш за 3000 розных мерапрыемстваў з удзелам навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця сумесна з іх аднагодкамі, якія тыпова развіваюцца. Навучэнцы ўстаноў спецыяльнай адукацыі дасягнулі пэўных вынікаў у навуковай, спартыўнай, творчай дзейнасці. Працягваецца работа па стварэнні ва ўстановах адукацыі безбар’ернага асяроддзя. М.М.Башко звярнуў увагу, што ў сістэме спецыяльнай адукацыі неабходна перагледзець падыходы да прафарыентацыі дзяцей з асаблівасцямі, працягнуць работу па забеспячэнні ўстаноў адукацыі спецыяльным абсталяваннем, спецыялізаванымі сродкамі навучання, спартыўным інвентаром.
Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму — стратэгічная задача сістэмы адукацыі. М.М.Башко падкрэсліў, што падчас навучання важна закласці ў моладзі асновы маральных установак, якія стануць вызначальнымі на ўсё жыццё. Сучасныя падыходы дазволілі ў мінулым годзе па-новаму арганізаваць правядзенне героіка-патрыятычных мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Прыклад гэтага — абласны праект “75 гісторый пра вайну…”. Дадзеную тэндэнцыю трэба падтрымліваць і ў рамках мерапрыемстваў Года народнага адзінства. Гэтаму будзе спрыяць жывая работа ваенна-патрыятычных клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах, усіх педагогаў. Кансалідаваць работу прапануецца ў рамках абласнога грамадзянска-патрыятычнага праекта “Мой край, мой лёс — мая Айчына”.
— Рэалізацыя задач, якія ста яць перад органамі кіравання адукацыяй і ўстановамі, у канчатковым выніку накіравана на дасягненне галоўнай мэты сістэмы адукацыі — павышэнне яе якасці пры захаванні і ўмацаванні здароўя навучэнцаў. Упэўнены, яны будуць паспяхова рэалізаваны дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і вашаму прафесійнаму патэнцыялу, — рэзюмаваў, звяртаючыся да прысутных, М.М.Башко.
Традыцыйна на калегіі былі агучаны пераможцы абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках мінулага года. Лідарства ўжо шмат гадоў запар утрымліваюць упраўленні па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага і Дзяржынскага раёнаў. Таксама на мерапрыемстве педагогі, кіраўнікі аддзелаў і ўстаноў адукацыі атрымалі ўзнагароды Міністэрства адукацыі і Мінаблвыканкама за плённую працу.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.