У цесным узаемадзеянні з сям’ёй

- 11:24Планёрка ў рэгіёне

Дзейнасць аддзела адукацыі, спорту і турызму Калінкавіцкага райвыканкама Гомельскай вобласці найперш накіравана на прафесійную падтрымку педагогаў. Начальнік аддзела Іна Віктараўна ГУБАР пераканана, што настаўнік — прафесія не для выпадковых людзей, а прыклад для навучэнцаў, таму ў аддзеле адукацыі імкнуцца матываваць педагогаў на няспынную самаадукацыю і ствараюць умовы для максімальнай самарэалізацыі.

— Іна Віктараўна, як прайшло першае паўгоддзе ў сістэме адукацыі Калінкавіцкага раёна?

— Толькі лічбы. Адукацыйная прастора раёна — 29 школ, 1 гімназія, 25 дзіцячых садкоў, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, 2 спартыўныя школы, фізкультурна-спартыўны клуб, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзіцячы дом сямейнага тыпу. Гэта 6984 навучэнцы і 2538 выхаванцаў (у бягучым навучальным годзе мы прыраслі на 97 дзяцей!) і 1630 педагогаў (з іх 73 —маладыя спецыялісты).

Па выніках першага паўгоддзя — ў скарбонцы дасягненняў нашага раёна — 10 вучнёўскіх дыпломаў абласнога ўзроўню, 7 настаўніцкіх дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Гэта нашы вынікі ўдзелу ў спартыўных, выхаваўчых, даследчых спаборніцтвах і конкурсах. У бягучым навучальным годзе ў раёне стартаваў праект па дапрафесійнай падрыхтоўцы, удзельнікамі якога сталі 50 вучняў 10-х класаў сельскіх устаноў адукацыі. Праз два гады яны атрымаюць спецыяльнасць трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці.

У верасні—снежні адбыліся 793 экскурсіі па Беларусі, 475 з іх — па Калінкавіцкім раёне (раён уваходзіць у маршрут “Залатое кола Гомельшчыны”). Навучэнцы разам з настаўнікамі прымаюць удзел у Рэспубліканскім краязнаўчым конкурсе “Пазнаём Беларусь разам”: навукова-даследчы праект “Старога звычаю не кідай…” дазволіў ажыццявіць этнаграфічныя экспедыцыі ў вёскі Вялікія Аўцюкі, Бярозаўка, Казловічы.

Вялікая ўвага ўдзяляецца і ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Праект “Гадуем патрыётаў разам” — гэта развіццё асобы ў гісторыка-краязнаўчым, духоўна-маральным, навукова-даследчым і спартыўна-аздараўленчым аспектах. Гэта актыўнае супрацоўніцтва з грамадскімі і ваенна-патрыятычнымі арганізацыямі і ўстановамі, з музеямі, якіх, дарэчы, ва ўстановах адукацыі раёна 9. У аграгарадку Юравічы ў бягучым навучальным годзе прайшоў духоўна-патрыятычны злёт. Была праведзена ваенна-патрыятычная гульня “Адзін дзень з жыцця армейца”.

Актыўны ўдзел у конкурснай дзейнасці прымаюць юныя журналісты (на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі працуе прэс-цэнтр, які штомесяц выпускае “Школьную краіну” — дадатак да раённай газеты “Калінкавіцкія навіны”). У абласным этапе конкурсу юных журналістаў “Ты ў эфіры!” Алена Забаўка стала першай у намінацыі “Радыё”. Восенню актывісты прэс-цэнтра сталі ўдзельнікамі тэматычнай змены ў НДЦ “Зубраня”. На гэтым тыдні 36 нашых вучняў прымалі ўдзел у 3 этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Чакаем перамог. І рыхтуемся да ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання адораных навучэнцаў, якая традыцыйна праходзіць у раёне ў студзені.

— Ваша актыўная дзейнасць уражвае. Што цікавага ўстановы адукацыі прапаноўвалі вучням на канікулах?

— На зімовых канікулах працавалі 25 школьных аздараўленчых лагераў на 500 месцаў. Ва ўсіх установах адукацыі прайшлі навагоднія святы ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. 320 нашых школьнікаў выязджалі на ёлкі ў Мінск, Гомель, Мазыр. Запамінальнай падзеяй для мяне асабіста стала сустрэча з раённым органам вучнёўскага самакіравання — саветам старшакласнікаў. Наша моладзь, безумоўна, лепшая за нас. За ёй — будучыня. Але самае галоўнае ў канікулярны час — гэта адсутнасць надзвычайных здарэнняў з дзецьмі. Дзеля гэтага праводзім актыўную работу з бацькамі з удзелам суб’ектаў прафілактыкі.

— Сёння не спыняецца размова пра ўзаемадзеянне сям’і і школы, якія ў выхаванні дзяцей павінны быць партнёрамі. Як арганізавана партнёрства з бацькамі ў вашым раёне?

— Базавыя чалавечыя каштоўнасці фарміруюцца ў сям’і. І калі нешта ў ёй не ладзіцца, то трэба дапамагчы. З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі працуюць сямейныя клубы. У мінулым годзе іх было 26, у бягучым — ужо 28. У сярэдняй школе № 7 працуе сямейны цэнтр “Сям’я”, у сярэдняй школе № 2 — рэсурсны цэнтр па сямейным і гендарным выхаванні. Вялікую папулярнасць набылі канферэнцыі татаў.

Дзеля павышэння ўзроўню бацькоўскай адказнасці і кампетэнтнасці ў пытаннях выхавання ў бягучым навучальным годзе стартаваў праект “9 бацькоўскіх субот”. Гэта своеасаблівая раённая школа для бацькоў, у якой праводзяцца заняткі па такіх тэмах, як “Псіхалагічнае здароўе падлеткаў: як не трапіць у бяду”, “Асцярожна: залежнасць!” і інш. 6 снежня ў школе № 6 Калінкавіч была адкрыта “ТатаЗала”, якая зараз працуе кожную сераду. Бацькам сёння трэба не проста паказваць, як можна разам з дзецьмі праводзіць вольны час, бацькаў трэба да гэтага прывучаць.

— Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны раённы вучэбна-метадычны кабінет і якія яго формы работы самыя актуальныя?

— Метадычная работа — гэта ланцужок паміж мэтай і вынікам работы ўстановы адукацыі па павышэнні якасці. РВМК — арганізатар гэтай работы і стымулятар асобаснага развіцця кожнага педагога ў раёне. Метадычная сетка раёна — 33 вучэбна-метадычныя аб’яднанні, 4 творчыя групы. Працуюць рэсурсныя цэнтры па 23 напрамках. Актуальнай задачай становіцца з’яўленне настаўнікаў з катэгорыяй “настаўнік-метадыст”. Сёння да гэтай важнай падзеі рыхтуюцца 2 педагогі: пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” настаўніца гісторыі Эмілія Эдуардаўна Хазановіч і настаўнік працоўнага навучання (тэхнічнай працы) Віктар Мікалаевіч Савіцкі, які за 10 гадоў падрыхтаваў не аднаго пераможцу рэспубліканскай алімпіяды.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца станаўленню і развіццю прафесійных якасцей маладых педагогаў. Раённая школа маладога настаўніка дае ім штуршок для ініцыятывы і творчасці. У бягучым навучальным годзе 8 устаноў адукацыі раёна працуюць у інавацыйным рэжыме.

— А якія праблемы сёння больш за ўсё хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— Трэба разумець, што праблема — гэта не адхіленне ад нормы. Праблема — гэта магчымасці, якія адкрываюцца перад намі. Сучасная адукацыя мае магчымасці як для павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню настаўнікаў, стымулявання педагагічнай ініцыятывы, так і для стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці для кожнага навучэнца і выхаванца. Сучасная школа можа і павінна развіваць і развівацца. Наша галоўная задача — садзейнічаць якаснаму змяненню адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.