У цёплым доме дзіцячага фонду

- 12:11Сацыяльны ракурс

Сёння, 27 лютага, спаўняецца 30 гадоў Беларускаму дзіцячаму фонду, адной са старэйшых, а магчыма, і найстарэйшай грамадскай арганізацыі, якая дапамагае дзецям і іх бацькам у нашай краіне. За сваю шматгадовую дзейнасць па ахове правоў і інтарэсаў дзяцей фонд атрымаў нямала ўзнагарод, у тым ліку спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, Падзяку кіраўніка краіны, Ганаровую грамату Савета Міністраў Беларусі. Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з дырэктарам Беларускага дзіцячага фонду Аляксандрам Васільевічам ТРУХАНАМ.

— Фонд, нягледзячы на сталы ўзрост, усё такі ж актыўны, якім ён быў на пачатку свайго існавання. Гавару гэта ўпэўнена, бо ўжо шмат гадоў сачу за дзейнасцю арганізацыі. А для вас 30 гадоў — гэта вельмі многа?

— 30 гадоў і ў жыцці чалавека — перыяд значны, а для грамадскай арганізацыі — гэта тэрмін вельмі вялікі, бясконца вялікі. Мы ўвесь гэты час не проста існавалі, а працавалі, дзейнічалі і, прабачце за нясціпласць, карысталіся і карыстаемся аўтарытэтам у людзей, дзяржава не абыходзіць нас увагай і падтрымкай. І ў той жа час у нас шмат сяброў сярод камерцыйных арганізацый, якія дапамагаюць фонду ажыццяўляць яго праграмы.

— А як усё пачыналася, Аляксандр Васільевіч?

— У Савецкім Саюзе (многія, напэўна, гэта памятаюць) вельмі папулярным быў лозунг “Усё лепшае — дзецям!” Лічылася, што ў савецкіх хлопчыкаў і дзяўчынак самае лепшае дзяцінства і ніякіх вялікіх праблем няма. А праблемы, канечне, былі — і ў сем’ях, і са здароўем, і з правамі дзіцяці. Лічылася, напрыклад, што для дзяцей-сірот няма нічога лепшага, чым дзіцячы дом або школа-інтэрнат, а падлеткі з іх выходзілі і часта паўтаралі шлях сваіх нядбайных бацькоў. Але падчас перабудовы ў 1985 годзе праблемы перасталі замоўчвацца, спала ружовая заслона, якой было “прыкрыта” дзяцінства савецкіх дзяцей, і аказалася, што і ў дзяцей, як і ў дарослых, дастаткова праблем.

І вось у 1987 годзе вядомы расійскі пісьменнік Альберт Анатольевіч Ліханаў выступіў з ініцыятывай стварэння дзіцячага фонду. Ён як чалавек, які шмат пісаў аб дзецях, добра ведаў іх праблемы, разумеў неабходнасць стварэння такой арганізацыі. У кастрычніку 1987 года прайшоў установачны з’езд Савецкага дзіцячага фонду імя У. І. Леніна ў Маскве. Ад Беларусі на ім прысутнічалі 8 дэлегатаў, у тым ліку і я. У той час я працаваў загадчыкам аддзела школьнай моладзі і піянераў ЦК камсамола Беларусі, усё сваё жыццё быў звязаны з дзецьмі.

А. А. Ліханаў выступіў з дакладам, у якім назваў лічбы, факты з жыцця дзяцей, якія раней нідзе не гучалі. У зале была дзіўная атмасфера: з аднаго боку, усе былі ашаломлены, з другога — гарэлі энтузіязмам, хацелі дапамагчы, нешта зрабіць. Ну, а ў снежні ў Беларусі пачаў працаваць арганізацыйны камітэт, пачалася работа па стварэнні Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду. 27 лютага 1988 года прайшла ўстановачная канферэнцыя, падчас якой і быў створаны наш фонд. Яго заснавальнікамі сталі 45 міністэрстваў і ведамстваў, СМІ, прысутнічалі больш за 300 дэлегатаў. Так пачалася наша работа. У сваім статуце мы адразу ж запісалі, што асноўная задача фонду — ахова правоў дзяцей, дапамога сіротам, хворым дзецям, інвалідам. Гэтай місіі мы прытрымліваемся ўсе 30 гадоў, не ўступаючы ні ў якія палітычныя гульні. Мы, як і раней, служым дзецям.

— Якімі самымі яркімі падзеямі вызначылася за мінулы час жыццё Беларускага дзіцячага фонду, чым ён жыве цяпер?

— Першае, пра што хочацца ўзгадаць, гэта святкаванне Міжнароднага дня аховы дзяцей у 1988 годзе, якое мы правялі ў парку імя Максіма Горкага ў Мінску. Цяпер і ўявіць нельга, што калісьці гэтае свята не адзначалі, бо зараз яго ведаюць і святкуюць усе.

У кастрычніку таго ж года фонд устанавіў спецыяльную стыпендыю для дзяцей-сірот, якія вучацца ў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах. Цяпер гэтай стыпендыі ўжо няма, ёсць іншыя. Тады ж, у 1988 годзе, БДФ устанавіў прэмію “Сябар дзяцей”, якую мы ўручаем і да гэтага часу людзям, якія бескарысліва дапамагаюць дзецям. Штогод яе атрымліваюць тры чалавекі. Гэта ў свой час былі бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, вядомыя асобы, такія як Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Надзея Мікуліч і інш., людзі шырока не вядомыя — самыя розныя.

Таксама мы правялі 14-гадзінны тэлемарафон “Выратуем дзяцей”, які прыцягнуў увагу грамадства, кіраўніцтва краіны да праблем дзяцей.

Фонд у нейкім сэнсе ствараўся на фоне чарнобыльскай аварыі, і мы амаль адразу ж заняліся дапамогай дзецям з пацярпелых раёнаў. Так, памятаю, як рыбакі з Камчаткі прыслалі чорную ікру, якую мы перадалі чарнобыльцам. А крыху пазней фонд пачаў акцыю “Салідарнасць з дзецьмі Чарнобыля” па аздараўленні малых, якія пацярпелі ад аварыі. У выніку аздаравіліся больш за 2000 дзяцей у двух дзясятках краін свету. Так звычайныя людзі за мяжой даведаліся пра дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Правялі сход былых непаўналетніх вязняў канцлагераў, упершыню звярнулі на іх увагу ўлад і паспрыялі стварэнню самастойнай грамадскай арганізацыі.

— Аляксандр Васільевіч, ведаю, што і на пачатку стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, вельмі запатрабаванай цяпер формы дапамогі дзецям, стаяў Беларускі дзіцячы фонд…

— Першы такі дзіцячы дом у Беларусі фонд стварыў у супрацоўніцтве з органамі адукацыі. Многія зараз думаюць, што дамы сямейнага тыпу з’явіліся параўнальна нядаўна, а гэта не так. Такую форму выхавання дзяцей-сірот прыдумаў Савецкі дзіцячы фонд. У Беларусі дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся 15 мая 1989 года. Гэта быў дом мінчанкі Лідзіі Аляксандраўны Кузняцовай, між іншым, настаўніцы. Паралельна ў Жодзіне быў створаны дзіцячы дом Марыны Ахатаўны Сагайдаравай, якая ўзяла на выхаванне цемнаскурых хлопчыкаў і дзяўчынак.

Некалькі гадоў мы нават выплачвалі дапамогу дзецям, падтрымлівалі маці-выхавальніц, вучылі іх. А ў 1993 годзе было прынята часовае палажэнне аб дзіцячых дамах сямейнага тыпу, зацверджанае Міністэрствам адукацыі. На сённяшні момант БДФ у рамках праграмы “Цёплы дом” сумесна з органамі адукацыі стварыў 43 такія дзіцячыя дамы, для 36 з іх фонд набыў будынкі, астатнім сем’ям дапамог у будоўлі, рамонце памяшканняў, набыцці мэблі, бытавой тэхнікі і г.д. А ў 2007 годзе, магчыма, дзякуючы і нашай рабоце, была пачата дзяржаўная праграма па стварэнні і падтрымцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Мы ж цяпер проста падтрымліваем і тыя дамы, якія стваралі самі, і тыя, што ўзніклі дзякуючы дзяржпраграме: дапамагаем першакласнікам, выпускнікам, ладзім святы для дзяцей, дапамагаем з медыцынскімі абследаваннямі і г.д.

Сем’і, якія складваюцца ў такіх дзіцячых дамах, цудоўныя. Вось, напрыклад, дзіцячы дом сямейнага тыпу Маргарыты Уладзіміраўны (былой загадчыцы дзіцячага садка) і Сяргея Аляксеевіча Кундзікавых з Клічава Магілёўскай вобласці. За 28 гадоў замяшчальнага бацькоўства гэтыя людзі выгадавалі і гадуюць 43 дзіцяці. 10 дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю, 6 з іх — педагагічную. У гэтым і сэнс нашай работы — дзеці не згубіліся, наладзілі сваё жыццё. У Кундзікавых зараз 20 унукаў, на юбілей Маргарыты Уладзіміраўны сабралася больш за 100 чалавек. І падобных прыкладаў многа.

— Нельга не ўзгадаць і пра іншыя праграмы дзіцячага фонду. Іх нямала, і кожная з гэтых праграм — сацыяльна значная, жыццёва важная для вашых падапечных.

— Канечне, я не магу не ўзгадаць аб праграме “Дзіцячае сэрца”, якую мы пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя запусцілі ў самым пачатку нашай дзейнасці. Спачатку фонд накіроўваў хворых дзяцей на аперацыі за мяжу (усяго больш за 500 малых), а потым запрашаў у краіну амерыканскіх хірургаў на чале з доктарам Уільямам Новікам. Брыгада працавала бясплатна разам з беларускімі хірургамі. Цяпер у нашым РНПЦ дзіцячай хірургіі робяць самыя складаныя аперацыі на сэрца, а раней такога не было. Але БДФ і зараз дапамагае навукова-практычнаму цэнтру, перадае яму абсталяванне, расходныя матэрыялы, дзіцячае харчаванне. На сёння такая дапамога склала каля 1 млн рублёў. Акрамя таго, мы стварылі рэабілітацыйна-аздараўленчыя праекты “Вясёлка надзеі” для анкахворых дзяцей і “Вясёлыя сэрцайкі” для дзетак, якія перанеслі складаныя аперацыі на сэрцы, дзяцей-інвалідаў з самымі сур’ёзнымі захворваннямі.

Жыццё многіх дзяцей, якія былі ўдзельнікамі гэтых праграм, мяняецца неверагодна. Магчыма, самы яркі прыклад — Надзея Кучар, якой фонд дапамог зрабіць аперацыю яшчэ ў 1990 годзе. Сёння гэтая дзяўчына — оперная спявачка, якую ведаюць ва ўсім свеце. Нядаўна яна разам з маці прыходзіла сюды, у фонд, каб падзякаваць за тую падтрымку і прапанаваць сваю дапамогу дзіцячаму фонду. Мы запрасілі Надзею выступіць на нашым юбілеі. Падобныя прыклады вельмі натхняюць.

Або такі выпадак: Дар’я Ціханенка (па мужу Місачэнка), якой дапамагла тая ж праграма, зараз заканчвае медыцынскі ўніверсітэт у Гомелі, таксама актыўны валанцёр. Людзі жывуць паўнацэнным жыццём, ствараюць сем’і. Што можа быць лепш?

Мы заўсёды стараліся ствараць сацыяльна значныя і доўгатэрміновыя праграмы, робім гэта і зараз. Магчыма таму фонд заўсёды знаходзіць кампаніі, якія гатовы дапамагчы рэалізаваць іх. Дзяржава ўсё робіць для дзяцей, бачыць праблемы, якія трэба вырашаць, але дзяржава — гэта махіна, якая не заўсёды хутка можа развярнуцца, пачаць імгненна дзейнічаць. Роля грамадскіх арганізацый якраз у тым, каб пачаць гэтую дапамогу, паказаць праблему і магчымыя шляхі яе вырашэння.

— Наўрад ці ў нас ёсць магчымасць пагаварыць пра ўсе праграмы і акцыі дзіцячага фонду — за 30 гадоў іх было вельмі многа, але хаця б каротка, што б вы хацелі ўзгадаць яшчэ?

— У свой час БДФ падрыхтаваў першы варыянт Закона аб правах дзіцяці, стаў ініцыятарам стварэння дзіцячага парламента. Мы займаліся і з мнагадзетнымі сем’ямі, і з дзецьмі з рознымі захворваннямі. Цяпер, канечне, з імі працуюць свае, вузканакіраваныя грамадскія арганізацыі, а калісьці быў толькі дзіцячы фонд.

З 1988 года БДФ для дзяцей-сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі рэалізоўвае праграму “Юныя таленты”. Гэта падтрымка рознага кшталту, у тым ліку ўручэнне стыпендый Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў “Мы верым у цябе!” Адзін з лаўрэатаў гэтай прэміі — Данііл Савеня — вучыцца ў Маладзечанскай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце. Хлопчык не бачыць, але ён у свае 12 гадоў з’яўляецца лаўрэатам многіх музычных конкурсаў. Так, у 2015 годзе Данііл атрымаў гран-пры рэспубліканскага музычнага конкурсу “Музыка дзіцячай душы” для дзяцей-сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, які праводзіў наш фонд, у намінацыі “Вакал”.

Існуюць праграмы, якія фонд з дапамогай дзяржорганаў і пры фінансавай падтрымцы фонду “Кока-Кола” пачаў у апошнія гады — дабрачынны сацыяльны праект “Стрыт варкаўт” па будаўніцтве і абсталяванні сучасных спартыўных пляцовак для дзяцей і моладзі. Пабудавана ўжо 13 пляцовак у розных гарадах краіны, летам будуць адкрыты яшчэ 2 — у Жодзіне і Рагачове. Самае важнае, што гэта будуць інтэграваныя пляцоўкі для звычайных дзяцей і моладзі і тых, хто мае абмежаваныя магчымасці. Тут моладзь зможа не толькі бясплатна займацца спортам, але і знаёміцца, наладжваць зносіны. Для інвалідаў гэта магчымасць сацыялізавацца.

І, зразумела, вы ведаеце пра дабрачынны праект БДФ і кампаніі Velcom “Я бачу!” па дыягностыцы і аказанні афтальмалагічнай дапамогі вясковым дзецям. У 2016—2017 гадах спецыялісты праверылі зрок больш чым у 25 тысяч дзяцей, многім аказалі неабходную дапамогу. Праект працягваецца.

— Мяркуючы па тым, што вы расказалі, у Беларускага дзіцячага фонду шмат сяброў па ўсёй краіне. Гэта так?

— Канечне. Фонд мае 6 абласных аддзяленняў, 80 зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік раённых аддзяленняў. І ў кожным падраздзяленні БДФ свае ініцыятывы, цікавыя справы. Так, у Гродзенскай вобласці на працягу 7 гадоў праходзіць абласны дабрачынны марафон “Анёл у тваім сэрцы”, сродкі ад якога ідуць на дапамогу хворым дзецям, дзецям-сіротам. На Магілёўшчыне стала традыцыяй праводзіць абласныя сходы для бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а таксама збіраць такія сем’і з усёй вобласці 1—2 разы на год разам з дзецьмі на спартыўныя турніры, экскурсіі, святы. Вялікі ўклад робіць Магілёўскае аддзяленне для арганізацыі палеатыўнай дапамогі. На Гомельшчыне распрацаваны экалагічныя праекты для дзяцей-сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Амаль усе 30 гадоў ва ўстановах адукацыі вобласці праходзіць акцыя “Зялёны вітамін”. На Брэстчыне створаны маштабны валанцёрскі рух і г.д.

У нас 20 тысяч валанцёраў, і гэта толькі тыя людзі, якія нейкім чынам заявілі аб сваім удзеле ў дабрачынным руху БДФ. А ёсць яшчэ тысячы тых, хто не “праявіўся” публічна, але дапамагае дзецям, сем’ям. І сярод дабрачынцаў шмат педагогаў, медыкаў, студэнтаў. Так, педагогі ўзначальваюць многія нашы раённыя арганізацыі. На чале Брэсцкай абласной арганізацыі стаіць начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі, на чале Гродзенскага — першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская. На Магілёўшчыне нам актыўна дапамагае таксама намеснік начальніка ўпраўлення Ірына Міхайлаўна Кускова. Педагог Галіна Генадзьеўна Пранько ўзначальвае Мінскае абласное аддзяленне фонду ўжо на працягу 30 гадоў. Такіх прыкладаў многа, сярод бацькоў-выхавальнікаў таксама шмат былых настаўнікаў і выхавальнікаў. Педагогі — наша асноўная падтрымка і апора.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва фонду.