У творчым пошуку

- 9:21Людзі адукацыі

Настаўніку геаграфіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Дзмітрыю Паджыгераву прафесія, можна сказаць, дасталася ў спадчыну. Схільнасць да настаўніцкай працы з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, бо вырас Дзмітрый у сям’і педагогаў у некалькіх пакаленнях.

— Бабуля і бацька ў мяне настаўнікі, у свой час скончылі геаграфічны факультэт тагачаснага Магілёўскага педагагічнага інстытута. Дома пастаянна ішла гаворка пра школу і вучняў. Таму выбар прафесіі перада мной нават не стаяў. Я заўсёды падсвядома ведаў, што мой шлях — гэта шлях педагога, — расказаў Дзмітрый Уладзіміравіч.

Атрымаўшы школьны атэстат, Дзмітрый Паджыгераў вырашыў не змяняць сямейную традыцыю і працягнуў адукацыю на тым жа факультэце, выпускнікамі якога былі яго бацька і бабуля. У педагогіку ён імкнуўся мэтанакіравана, таму вучыўся старанна, спасцігаючы азы прафесіі. Да таго ж, каб адтачыць практычныя навыкі, ужо студэнтам-чацвёртакурснікам пайшоў працаваць.

— Мае першыя прафесійныя спробы адбыліся ў Кадзінскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна. Памятаю, з якім энтузіязмам да позняй ночы рыхтаваўся да заняткаў, а потым уставаў на досвітку, каб паспець на працу. Было складана, але аб гэтым часе засталіся толькі цёплыя ўспаміны, бо я пераканаўся, што педагогіка — тая справа, якой мне хочацца займацца, — адзначыў Дзмітрый Уладзіміравіч.

Старанне студэнта Паджыгерава да авалодання педагагічным майстэрствам прынесла адпаведны вынік: пасля заканчэння ВНУ Дзмітрый Уладзіміравіч атрымаў дыплом з адзнакай і накіраваўся па размеркаванні ў Пярэкальскую сярэднюю школу Клічаўскага раёна.

Малады педагог адначасова выкладаў сельскім школьнікам геаграфію, біялогію і англійскую мову. Загрузка працай была вялікай, але педагагічную дзейнасць у Пярэкальскай сярэдняй школе Дзмітрый Уладзіміравіч лічыць асабліва прадукцыйнай. Вельмі ўдзячны ён і мясцоваму калектыву настаўнікаў, якія дапамаглі маладому спецыялісту ў прафесійным станаўленні.

— Пасля працы ў сельскіх школах у мяне ніколі не ўзнікала складанасцей з выкладаннем у гарадскіх навучальных установах, — адзначыў Дзмітрый.

Дарэчы, выкладаннем Д.У.Паджыгераў паспяхова займаецца на працягу вось ужо пятнаццаці гадоў, большую частку з якіх настаўнічае ў першым абласным ліцэі Магілёва. За гэты час выпрацаваў свае методыкі навучання. Педагог заўсёды прымае дзяцей такімі, якія яны ёсць, заўсёды памяркоўна ставіцца да іх памылак і патрабавальна — да сябе. Галоўнае для Дзмітрыя Уладзіміравіча — стварыць для вучняў сітуацыю поспеху, дапамагчы кожнаму паверыць у сябе. Каб дасягнуць гэтай мэты, свае ўрокі настаўнік праводзіць у творчай атмасферы, актыўна выкарыстоўваючы пры гэтым асобасна арыентаваны падыход.

— Кожны вучань праяўляе сябе па-рознаму: адзін — знаўца геаграфічнай наменклатуры, другі цудоўна выконвае заданні па контурнай карце, трэці можа стварыць выдатную прэзентацыю па тэме ці нават зрабіць відэаролік. Для настаўніка важна разгледзець індывідуальныя здольнасці кожнага і дапамагчы дзецям у іх раскрыцці, — упэўнены Дзмітрый Паджыгераў.

Па яго меркаванні, геаграфія — адзін з найважнейшых прадметаў. Гэтая навука дапамагае развіць у вучняў цэласнае ўспрыманне навакольнага свету.

— Школьныя ўрокі геаграфіі фарміруюць у дзяцей асаблівы тып мыслення. Абмяркоўваючы на занятках падзеі, якія адбываюцца ў свеце, дзеці вучацца знаходзіць прычыны праблемы і прапаноўваць рацыянальнае вырашэнне. Гэтыя навыкі вельмі спатрэбяцца ім у дарослым жыцці, — лічыць Дзмітрый Уладзіміравіч.

На думку настаўніка, навучанне будзе эфектыўным, калі вучэбны працэс цікавы, таму на сваіх уроках ён імкнецца максімальна захапіць дзяцей. Разбіраючы чарговую тэму, Дзмітрый Паджыгераў падае матэрыял праз яркія, запамінальныя вобразы. Ён шырока выкарыстоўвае на занятках мультымедыйныя, інфармацыйныя тэхналогіі. Дзмітрый Уладзіміравіч стараецца навучыць ліцэістаў вучыцца, імкнецца паказаць, як працаваць самастойна, як шукаць новую інфармацыю, удасканальваць свае веды. Такі падыход дапамагае дасягнуць высокай паспяховасці ў засваенні прадмета вучнямі.

Значнае месца ў сваёй працы Дзмітрый Уладзіміравіч адводзіць раскрыццю талентаў адораных навучэнцаў. З гэтай катэгорыяй дзяцей ён пачаў працаваць, калі быў яшчэ маладым настаўнікам.

— Я і зараз добра памятаю першую перамогу свайго вучня ў гарадской алімпіядзе па геаграфіі. Калі даведаўся пра вынікі, узляцеў, нібы на крылах. Гэта было першае ўсведамленне таго, што я магу навучыць, захапіць, павесці за сабой, — расказаў Дзмітрый Паджыгераў.

Натхніўшыся першым поспехам вучня, Дзмітрый Уладзіміравіч пабудаваў уласную сістэму работы з юнымі талентамі. Галоўнае ў яго методыцы развіцця здольнасцей дзяцей — цеснае ўзаемадзеянне з імі. Рыхтуючыся да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах, педагог і навучэнцы пастаянна сустракаюцца на стымулюючых занятках і факультатывах. Акрамя таго, ёсць і традыцыйныя суботнія сустрэчы. Яны пачынаюцца раніцай і часам расцягваюцца амаль на цэлы дзень.

— Гэтыя заняткі не падобны да звычайных урокаў. Па форме правядзення яны больш нагадваюць клуб аматараў геаграфіі. Акрамя падрыхтоўкі, мы з навучэнцамі проста гутарым, дзелімся надзённымі праблемамі за кубкам чаю з прысмакамі. Бываюць і такія моманты, калі я бяру ў рукі гітару і мы ўсе разам спяваем песні, — расказаў Дзмітрый Паджыгераў.

Такая непадробная зацікаўленасць настаўніка лёсам і жыццём сваіх навучэнцаў, усебаковая падтрымка любых іх пачынанняў прыносіць станоўчы вынік. Вучні Дзмітрыя Уладзіміравіча неаднаразова станавіліся пераможцамі геаграфічных алімпіяд рознага ўзроўню. Пяцёра з’яўляюцца лаўрэатамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Плённая праца Дзмітрыя Паджыгерава не застаецца незаўважанай. Яго прафесійныя дасягненні адзначаны ўзнагародамі, сярод якіх грамата Міністэрства адукацыі і падзяка Адміністрацыі прэзідэнта.

За 15 гадоў педагагічнай дзейнасці Дзмітрый Уладзіміравіч дасягнуў многага, але ў прафесійным развіцці не спыняецца, бо перакананы: галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.