Ад урокаў мужнасці ў музеі баявой славы да стварэння настольных гульняў ваенна-патрыятычнай тэматыкі з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Як вучням Верхменскай сярэдняй школы імя В.А.Тумара Смалявіцкага раёна дапамагаюць асэнсаваць цану перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Вораг не прайшоў
Верхменскай школе выпаў вялікі гонар — захоўваць у музеі баявой славы памяць аб байцах, якія ў ліпені 1944 года стаялі ў гэтым краі насмерць, не дапусціўшы прарыву гітлераўцаў з Мінскага катла. Гэты подзвіг падчас наступальнай аперацыі “Баграціён” здзейсніў 873-і знішчальна-процітанкавы артылерыйскі полк.
— У ноч з 4 на 5 ліпеня ля вёскі Роткаўшчына полк змог 13 гадзін стрымліваць шматтысячную нямецкую групоўку, якая прабівалася з акружэння. Цяжка ўявіць, што было б, калі б вораг уварваўся ва ўжо вызвалены Мінск. Нашы байцы пратрымаліся да раніцы, пакуль падаспела падмога, — расказвае кіраўнік музея настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Граковіч.
За гэты бой многія воіны былі ўдастоены ордэнаў і медалёў, а трое з іх — звання Героя Савецкага Саюза. Старшы сяржант Фёдар Смірноў і ўсе байцы яго батарэі загінулі смерцю храбрых, знішчыўшы каля 300 фашыстаў, 5 нямецкіх гармат, 4 кулямётныя пункты. Старшы сяржант Міхаіл Цяплоў застаўся адзін са свайго аддзялення і, нягледзячы на раненне, да апошняга сам заражаў гармату і страляў па гітлераўцах, а калі сітуацыя стала бязвыхаднай, падарваў гранатай сябе і ворагаў, якія яго акружылі. Уражвае і подзвіг 19-гадовага наводчыка Анатолія Аўдзеева. Калі не засталося снарадаў, ён узяўся за аўтамат, потым у ход пайшлі гранаты. Кінуўшы апошнюю, адважны хлопец схапіў сякеру, у рукапашным баі забіў яшчэ некалькі фашыстаў, а сам застаўся жывы!
Вучні Верхменскай школы ўжо двойчы сустракаліся з землякамі Міхаіла Цяплова, які быў родам з вёскі Верхні Юрас Пінежскага раёна Архангельскай вобласці. Стала традыцыяй, што ўдзельнікі аўтапрабегу “Шляхамі памяці і подзвігу” з Архангельска ў Брэст ускладаюць кветкі да брацкай магілы ў вёсцы Студзенка, дзе пахаваны герой. Дзякуючы гэтаму дзеці бачаць, што аб подзвігах, здзейсненых на смалявіцкай зямлі, ведаюць нават за дзве тысячы кіламетраў.
Ветэраны 873-га артылерыйскага палка доўгія гады падтрымлівалі сувязь з Верхменскай школай. Яны дапамаглі стварыць экспазіцыю школьнага музея, які адкрыўся ў 1986 годзе. У ёй да гэтага часу захоўваецца цэлая галерэя фотаздымкаў ваенных часоў, ад рукі напісаныя ўспаміны франтавікоў, іх асабістыя дакументы. Таццяна Граковіч успамінае, што ў 1980-я гады школу рэгулярна наведвалі каля 20 ветэранаў палка, з кожным годам іх шэрагі радзелі, але некалькі чалавек прыязджалі яшчэ да сярэдзіны 2000-х. Так, цёплую памяць аб сабе пакінулі муж і жонка Васіль Завадскі і Фаіна Цімкаева. Яны пажаніліся ў Дзень Перамогі, адсвяткаваўшы вяселле разам з аднапалчанамі на лясной паляне паблізу Берліна. Пасля вайны жылі ў Оршы, выхавалі траіх дзяцей.
У экспазіцыі музея можна ўбачыць шмат элементаў ваеннай зброі і іншых рэчаў з далёкага 1944-га, якія былі знойдзены ў наваколлі мясцовымі жыхарамі. Вёска Роткаўшчына пасля вайны не адрадзілася, на яе месцы па ініцыятыве школы ўсталяваны памятны знак, які даглядаюць вучні. Дарэчы, на гэтай палітай крывёй і свінцом зямлі людзі і сёння адшукваюць прадметы ваенных часоў. Так, мінулым летам дзеці знайшлі тут абгарэлую нямецкую спражку ад рамня. Зараз яна таксама захоўваецца ў музеі.
Яшчэ адна важная частка экспазіцыі прысвечана ўраджэнцу вёскі Пеліка Смалявіцкага раёна Віктару Тумару, Герою Савецкага Саюза, імя якога носіць школа. У баі за вызваленне румынскага горада Ясы ён, адбіваючы атаку нямецкіх танкаў, кінуўся з гранатамі пад адзін з “тыграў” і падарваў яго цаной свайго жыцця.
Расказвае музей і аб іншых земляках-героях, у ліку якіх — лётчык Антон Аляхновіч. За вайну ён здзейсніў 258 баявых вылетаў, выконваў самыя рызыкоўныя заданні і ні разу не быў збіты. Як расказала дырэктар установы адукацыі Марына Крэсік, у іх наладжана сяброўства з сярэдняй школай № 217 Мінска імя А.А.Аляхновіча. Гэтай вясной сталічныя школьнікі разам з унукам праслаўленага лётчыка прыязджалі да іх у госці, на лета запланаваны сумесны паход па месцах воінскай славы Смалявіччыны.
Школьны музей з’яўляецца цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Тут праводзяцца ўрокі мужнасці, класныя гадзіны, памятныя мерапрыемствы. У музеі працуюць юныя экскурсаводы, шчырыя аповеды якіх нікога не пакідаюць абыякавым. Адна з іх, дзевяцікласніца Настасся Марусева, у мінулым годзе заняла 2-е месца ў раённым конкурсе экскурсаводаў.
— Мой прадзед Аляксей Андрэевіч Шубін таксама ваяваў, быў тройчы паранены. Узнагароджаны ордэнамі Славы і Чырвонай Зоркі, медалём “За адвагу”. На подступах да рэйхстага 30 красавіка 1945 года ён знішчыў у баі пяць нямецкіх салдат, а двух узяў у палон, — паведамляе Настасся. — Мужнасць людзей таго пакалення, на лёс якога выпала вайна, уражвае. Мы павінны захоўваць памяць і ганарыцца імі!..
Дапоўненая рэальнасць
З нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў школа асвоіла новы нестандартны фармат работы па ваенна-патрыятычным выхаванні. У школьным клубе па стварэнні настольных гульняў, які да гэтага працаваў у асноўным па краязнаўчым і экалагічным напрамках, пачалі рабіць кубікі і гульні-хадзілкі па ваеннай тэматыцы.
Па словах кіраўніка клуба настаўніцы матэматыкі Людмілы Агароднай, першым такім праектам сталі папяровыя кубікі-арыгамі з выявамі ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Зараз вырашылі зрабіць такія выявы ўжо на драўлянай аснове. Сэнс гульні не толькі ў тым, каб скласці з кубікаў тую ці іншую карцінку, гэтым сучасных дзяцей не ўразіш. Напрыклад, на выяву баявога самалёта можна будзе навесці мабільны тэлефон ці планшэт і з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці (АR) ажывіць карцінку, візуалізаваць дадатковую інфармацыю аб самалёце, даведацца, кім і калі ён быў створаны, колькі варожых “месераў” збілі на ім знакамітыя савецкія лётчыкі.
Таксама ў стадыі распрацоўкі настольная гульня-хадзілка з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”. Яна ўяўляе сабой карту нашай краіны з нанесенымі на яе знакавымі аб’ектамі. Кідаеш кубік — робіш хады. Калі апынуўся на значку мемарыяльнага комплексу, трэба адказаць на пытанні аб ім. Тут жа можна будзе перайсці па QR-кодзе на тэкставы аповед аб мемарыяле ці па спецыяльным значку — на відэакантэнт у дапоўненай рэальнасці.
— Над праектамі працуе цэлая каманда нашых педагогаў і вучняў. У будучыні плануем стварыць яшчэ некалькі такіх настольных гульняў. Напрыклад, гульню-хадзілку “Шлях Перамогі”, якая будзе знаёміць з асноўнымі бітвамі Чырвонай Арміі за вызваленне Беларусі, — адзначае Людміла Васільеўна. — А яшчэ збіраемся рабіць наборы пазлаў, у тым ліку па ваеннай тэматыцы. Ужо набылі машынку для стварэння пазлаў.
Паспяхова рэалізуюць тут і распрацоўкі іншых фарматаў. Так, новы школьны праект віртуальных экскурсій у кастрычніку гэтага года стаў лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак “Патрыёт.by”. Ён уключае ў сябе жывы каляндар падзей Вялікай Айчыннай вайны, інтэрактыўнае знаёмства з гарадамі-героямі, помнікамі Смалявіччыны, а таксама 15 кніг па ваеннай тэматыцы, напісаных рускімі і беларускімі аўтарамі. Настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць гэтыя распрацоўкі на ўроках, класных і інфармацыйных гадзінах. Такая шчырая гутарка аб мінулым на мове сучаснасці даходзіць да розуму і сэрца кожнага вучня.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі