Учора, сёння і заўтра лялечнага тэатра абмеркавалі ў Мінску

- 13:28АРТ-квартал, Новости

Як спалучыць сцэнічныя здабыткі мінулага і сучаснасць? Пра гэта пагутарылі педагогі-тэатралы падчас рэспубліканскага семінара. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Здавалася б, батлейка нясе ў сабе аўтэнтыку стагоддзяў і не імкнецца да сучаснай інтэрпрэтацыі. Але ўсё ж, каб не страціць цікавасць юных гледачоў і акцёраў, іх педагогі імкнуцца быць у віры тэатральных трэндаў.

Менавіта на гэта быў накі­раваны рэспубліканскі се­мінар “Лялечны тэатр у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — сучасныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця”, які прайшоў у Мінску ў рамках рэс­публіканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў тэатральнай творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі. Традыцыйна арганізатарам сустрэчы стаў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яго дырэктар Надзея Васільчанка прадставіла тэатральнае асяроддзе ў лічбах:

— Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дзейнічае больш за 300 тэатральных калектываў, у якіх працуюць 932 аб’яднанні па інтарэсах у розных кірунках тэатральнай творчасці. У тэатральных аб’яднаннях займаецца больш за 10 530 навучэнцаў, працуе больш за 330 педагогаў. Тэатральныя калектывы з’яўляюцца гонарам не толькі сваіх устаноў адукацыі, але і рэс­публікі — 66 калектываў тэатральнага кірунку ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і агульнай сярэдняй адукацыі маюць званні “заслужаны”, “узорны”, “народны”. З іх 40 калектываў працуюць ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і 26 — ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Для сучасных дзяцей асваенне батлеечнага мастацтва становіцца своеасаблівай школай інтэграванага навучання, бо ўдзел у батлейцы патрабуе развіцця розных здольнасцей: даследчых, інтэлектуальных, мастацкіх, творчых у розных відах мастацтва (тэатральным, дэкаратыўна-прыкладным, фальклорным, музычным).

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі з’яўляецца арганізатарам маштабных творчых мерапрыемстваў, якія служаць пляцоўкай для дэманстрацыі тэатральных талентаў і педагогаў, і навучэнцаў, спрыя­юць павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў, абмену вопытам і творчымі ідэямі. Не менш важна і назапашванне арыгінальных напрацовак для тэатральнага рэпертуару. Прынамсі, зараз, у студзені, пачаўся заключны этап III Рэспубліканскага конкурсу распрацовак літаратурнага матэ­рыялу для дзіцячага тэатра. Якраз у гэтыя дні ідзе экспертыза конкурсных матэрыялаў.

Пра сусвет па-мірску

З лепшым тэатральным вопытам у адукацыі краіны і змаг­лі азнаёміцца прысутныя. У прыватнасці, з батлейкай Канстанціна Петрымана, выкладчыка Мірскага дзяржаўнага каледжа, кіраўніка народнага лялечнага тэатра “Мірская батлейка”, якая ў снежні 2022 года была ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Педагог расказаў пра свой шлях у батлейку, падзяліўся вопытам аднаўлення сцэнарыяў батлеечных спектакляў. Так, ён падчас экспедыцый па наваколлі Міра па крупінках збіраў успаміны яго старажылаў пра выступленні мясцовых батлеечнікаў Сілко ў 20—30-х гадах XX стагоддзя, пра лялек, пра іх вобразы. Цікава і тое, што педагог бярэ ў сваю тэатральную трупу ў асноўным падлеткаў, якія стаяць на розных відах уліку. І прызнаецца:

— Мне асабліва прыемна назіраць, як мяняюцца акцёры-падлеткі падчас работы з лялькай, як, ствараючы яе характар, мяняюць і свае погляды, адносіны да свету, да людзей, да спадчыны свайго народа. І паступова знікае той “бандыт з непрычасаным характарам”, а застаюцца цёплыя адчуванні ад добрай зайздрасці калег “Дзе вы іх бераце, такіх класных?!”. Ды нідзе! Мае дзеці сапраўды самыя лепшыя! Проста лялечная справа дапамагла ім убачыць сябе збоку, падштурхнула да свайго роду эвалюцыі.

У пацвярджэнне гэтага педагог і яго навучэнцы паказалі ўдзельнікам семінара батлеечны спектакль “Калядна”, які і стаў рэканструкцыяй паказу знакамітых мірскіх батлеечнікаў і тым рэдкім прыкладам, калі лялькі загаварылі галасамі звычайных людзей.

Адзін на ўсіх поспех

Адну цікавую батлеечную рэканструкцыю прадставіла Таццяна Маліноўская, метадыст Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Рэканструяваная батлейка Віцебскага рэгіёна з выкарыстаннем ценявога тэатра, якая існавала ў ХІХ стагоддзі менавіта на Віцебшчыне, стала вынікам маштабнай работы педагогаў і навучэнцаў установы ў межах іх праекта “Віцебскі жлоб” (ад назвы жолаба для корму жывёлам, які служыў калыскай нованароджанаму Хрысту).

Каб узнавіць “Віцебскі жлоб”, спатрэбілася праявіць разнастайныя здольнасці і ўменні: акцёрскія, рэжысёрскія, драматургічныя, музычныя, мастацкія і тэхнічныя. Менавіта таму да праекта далу­чыліся хлопчыкі і дзяўчынкі з пяці розных аб’яднанняў па інтарэсах, якія займаюцца дрэваапрацоўкай, выяўленчым мастацтвам, кера­мікай, а таксама ўзорны дзіцяча-юнацкі тэатр “Мара” і ўзорны вакальна-харавы калектыў “Дзвіна”. Гэтая работа не засталася незаўважанай: яна пераможца рэс­публіканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”.

Яшчэ адна перамога ў гэтым конкурсе была прысуджана калектыву Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. У тэатральны паказ па матывах містэрыяльнай драмы “Цар Ірад” вылілася сумесная работа навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Калейдаскоп”, якія асвойваюць жывапіс, дэкаратыўна-прыкладную творчасць, ткац­тва, вышыўку і г.д. (кіраўнік Алеся Акінчыц), і фальклорнага ансамб­ля “Карагод” (кіраўнік Алена Меляшчова). Хоць ні навучэнцы, ні іх педагогі не супрацоўнічалі цесна з тэатрам, іх прага асвоіць гэты жанр рухала наперад.

Як расказалі кіраўнікі праекта, каб падрыхтавацца да выступлення і дасканала даведацца пра магілёўскую батлейку, яны з навучэнцамі ездзілі ў музей Мінска, наведвалі Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава. Алена Меляшчова і яе навучэнцы знайшлі калядныя тэксты на стараславянскай мове і выканалі іх у спектаклі, не перакладаючы, у арыгінале. Ацаніць гэтае прадстаўленне змаглі і ўдзельнікі семінара.

Працягнула творчае знаёмства прысутных з выбітнымі тэатральнымі праектамі выступленне гуртка “Жаронцы” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Валожынскага раёна. Нядаўна яго ўдзельнікі сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу “Творчасць без меж”, які праводзіць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Толькі гурткоўцы паказалі не тую трыумфальную работу пра Мушку-зелянушку і Камарыка, а не менш цікавую — спектакль “Як журавель з лісою частаваліся” паводле казкі “Ліса і журавель”.

Гэта прыклад злучэння лялечнага тэатра і акцёрскага майстэрства ракаўскіх школьнікаў, бо ў спектаклі шмат плаўных пераходаў ад лялечных герояў да жывых акцёраў. Аздобілася дзейства жывой музыкай дзякуючы ансамблю традыцыйнай беларускай музыкі Ракаўскай дзіцячай школы мастац­тваў (музычны кіраўнік Сабіна Пятроўская), а таксама сакавітай роднай мовай, народным гумарам, шчырасцю, спевамі, танцамі… і, канечне, адмысловымі лялькамі. Улічваючы іх вялікія памеры, такі тэатр можа збіраць куды большае кола гледачоў: яны са сцэны ві­даць далёка. Іх стварэнне апошнім часам стала агульнай справай для кіраўніка гуртка Хрысціны Лямбовіч і яе сям’і — і муж, і сын тут жа, на сцэне. Зрэшты, увесь гэты калектыў як адна вялікая сям’я.

Ганна Выгонная, кіраўнік “Школы батлейкі” міжнароднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, мастак-рэстаўратар, адзначае, што, хоць спектаклі “Жаронцаў” далёкія ад кананічных батлеечных паказаў, усё ж сувязь з імі захоўваецца:

— У выступленні ад батлейкі засталіся зносіны з гледачом і перавагі музычнага суправаджэння, бо класічная батлейка заўсёды са скрыпкай, барабанам, а імправізаваная жывая музыка — гэта вельмі рэдкая, унікальная з’ява.

Несумненна, правядзенне такога семінара паспрыяла не толькі абмену вопытам, павышэнню прафесійнага майстэрства, але і ўзбагачэнню тэатральнай педагагічнай практыкі ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. І, як адзначылі педагогі, дало новыя ідэі, як аб’яднаць намаганні розных кірункаў, каб спектаклі сталі больш яркімі і відовішчнымі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і  Алега ІГНАТОВІЧА