Удалае першае рабочае месца рыхтуецца загадзя

- 15:57Рознае, Сацыяльны ракурс

Хімічны факультэт БДУ ў гэтым годзе размяркоўваў 108 чалавек. Усе яны атрымалі першае рабочае месца. Пры гэтым былі выпадкі, калі прадстаўнікі арганізацый змагаліся за лепшых студэнтаў, жадаючы бачыць іх у ліку сваіх супрацоўнікаў.

Аб асаблівасцях сёлетняга паспяховага размеркавання на хімічным факультэце мы гутарым з яго дэканам членам-карэспандэнтам НАН Беларусі Дзмітрыем Вадзімавічам СВІРЫДАВЫМ.

Кансэнсус паміж работадаўцамі
і выпускнікамі

“Практычна ўсе сёлетнія студэнты-бюджэтнікі былі размеркаваны падчас асноўнага размеркавання, якое праходзіла 28 красавіка. Выключэнне — выпускнікі, якія ідуць працаваць у сферу судовых экспертыз. Ім трэба сабраць вялікую колькасць дакументаў, таму аддзел кадраў універсітэта дазваляе даносіць іх на працягу месяца пасля асноўнага размеркавання”, — адзначыў Дзмітрый Вадзімавіч.

У лічбы прыёму на ядзерную спецыяльнасць “Хімія высокіх энергій” закладваецца крытэрый МАГАТЭ аб трохразовым перавышэнні колькасці рыхтуемых спецыялістаў у параўнанні з іх прагназуемай запатрабаванасцю. Гэта ўніверсальны крытэрый, які прымяняецца ў многіх краінах свету. Так, выпускнікі ядзернай спецыяльнасці хімічнага факультэта БДУ, не размеркаваныя на атамную электрастанцыю, што будуецца, працуюць на іншых профільных прадпрыемствах.

Пытаннямі размеркавання на факультэце ўшчыльную пачынаюць займацца з лютага. Збіраюць інфармацыю аб патэнцыяльных месцах працы на прадпрыемствах, накіроўваюць туды студэнтаў, каб яны на ўласныя вочы паглядзелі на канкрэтную арганізацыю.

“Поўнасцю змяніўся стыль размеркавання. Патэнцыяльныя работадаўцы сталі надзвычай патрабавальнымі да выпускнікоў. Практычна ў кожным выпадку яны праводзяць уласныя субяседаванні, перш чым узяць чалавека на працу. Такая тэндэнцыя ўзнікла ў мінулым годзе і вельмі распаўсюджана ў гэтым”, — дзеліцца назіраннямі Дзмітрый Вадзімавіч.

Многія арганізацыі сур’ёзна ставяцца і да падбору практыкантаў. Трэба адзначыць, што практыка, і пра гэта заўсёды нагадваюць на факультэце, з’яўляецца магутным сродкам пошуку работы. Аднак, калі раптам штосьці не склалася, козырам студэнта становіцца яго сярэдні бал.

“На сярэдні бал работадаўцы звяртаюць выключную ўвагу. Гэты паказчык больш важны, чым гендарны”, — адзначыў дэкан хімічнага факультэта.

Рэдка бывае, што прадстаўнкі фірм просяць кіраўніцтва факультэта размеркаваць у арганізацыю менавіта хлопцаў. Як правіла, для такіх рэдкіх выпадкаў ёсць аб’ектыўныя прычыны: будучаму супрацоўніку прыйдзецца працаваць з цяжкім навуковым абсталяваннем.

Пры размеркаванні на факультэце заўсёды стараюцца ўлічваць жыццёвыя абставіны выпускніка, напрыклад, яго прапіску ці нават перспектывы прапіскі (сітуацыя, калі дзяўчына хутка выйдзе замуж, а хлопец ажэніцца).

“Работадаўцу і выпускніку варта дасягнуць кансэнсусу. Выпускніка, які прыходзіць на працу, павінна цікавіць яго работа”, — рэзюмаваў Дзмітрый Вадзімавіч.

Трэба адзначыць, што размяркоўвалі на факультэце не толькі бюджэтнікаў-беларусаў. З просьбай быць размеркаванымі да кіраўніцтва факультэта звярталіся выпускнікі, якія з’яўляюцца грамадзянамі Расіі, аднак маюць від на жыхарства ў нашай краіне, жылую плошчу ў Беларусі і звязваюць сваю будучыню з Беларуссю.

Што да платнікаў-беларусаў, жадання быць размеркаванымі яны традыцыйна не выказваюць. “Яны цэняць сваю мабільнасць як працоўнага рэсурсу, з чым звязваюць магчымасць лёгкай замены месца сваёй працы пры з’яўленні больш прывабнага варыянта. Праўда, за парадай, у якую арганізацыю можна звярнуцца для пошуку работы, прыходзяць часам і платнікі”, — падсумаваў Дзмітрый Вадзімавіч.

Месца працы сёлетніх выпускнікоў

Куды ж былі размеркаваны выпускнікі хімічнага факультэта? Вялікую патрэбу ў кадрах хімічнага профілю адчувае фармацэўтычны сектар нашай краіны. Заўважым, што сярод базавых прадпрыемстваў хімічнага факультэта, з якімі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве, такія прадпрыемствы, як “Белмедпрэпараты”, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, інстытуты акадэміі навук.

Практыка, і пра гэта заўсёды нагадваюць на факультэце, з’яўляецца магутным сродкам пошуку работы. Аднак, калі раптам штосьці не склалася, козырам студэнта становіцца яго сярэдні бал.

Сёлета ў такія падраздзяленні Нацыянальнай акадэміі навук, як “Акадэмфарм” і Інстытут біяарганічнай хіміі, па размеркаванні накіраваны 14 выпускнікоў. Гэтыя арганізацыі — яскравы прыклад таго, што акадэмія навук мае ўласную вытворчасць, дзе таксама патрэбны спецыялісты хімічнага профілю.

“Вытворчыя падраздзяленні — гэта маленькія, надзвычай высокатэхналагічныя заводзікі. На многіх з іх выпускаюць лекі і імунныя наборы”, — расказаў дэкан хімічнага факультэта.
Усяго ў акадэмію навук размеркаваны 26 чалавек. 12 з іх плануюць паступаць у магістратуру, дзе будуць займацца навуковай дзейнасцю.

Трэба адзначыць, што, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, заработная плата ў інстытутах хімічнага профілю акадэміі навук даволі высокая. Напрыклад, у Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі сярэдні заробак па стане на 31 снежня 2015 года складае 10,5 млн рублёў.

Выпускнікі хімічнага факультэта працуюць і ў арганізацыях, дзе праводзяцца складаныя комплексныя аналізы. Так, для трох чалавек месцам працы стане антыдопінгавая лабараторыя. Яшчэ тры чалавекі пойдуць у лабараторыю фармацэўтычнага прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ”. Восем чалавек будуць працаваць у сферы судовых экспертыз.

У выпускніках хімічнага факультэта сёлета былі зацікаўлены і прадстаўнікі ваеннай сферы. Яны шукалі работнікаў у аналітычныя лабараторыі парахавых складоў. У гэтых лабараторыях спецыялісты-хімікі будуць займацца аналізам прадуктаў згарання пораху і ракетнага паліва.

Гаворачы аб месцах працы выпускнікоў хімічнага факультэта, немагчыма не згадаць такую сферу, як мікраэлектроніка. Безумоўна, у параўнанні з 80-мі гадамі, калі яна была на вастрыі, яе сучасныя маштабы ў разы меншыя, аднак запатрабаванасць такіх спецыялістаў адчуваецца і зараз. Хімікі, напрыклад, патрэбны на “Інтэграле”, які з задавальненнем прымае іх на працу.

Дзе працуюць выпускнікі “ядзерных” спецыяльнасцей?

Спецыялістаў для атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы, рыхтуюць у некалькіх установах вышэйшай адукацыі. Сярод іх — хімічны факультэт БДУ. Тут навучанне хімікаў-ядзершчыкаў вядзецца па спецыяльнасці “Хімія высокіх энергій”.

“Мы разумеем, што не ўсе выпускнікі гэтай спецыяльнасці будуць працаваць на электрастанцыі. Больш за тое, у лічбы прыёму закладваецца крытэрый МАГАТЭ аб трохразовым перавышэнні колькасці рыхтуемых спецыялістаў у параўнанні з іх прагназуемай запатрабаванасцю. Гэта ўніверсальны крытэрый, які прымяняецца ў многіх краінах свету пры падрыхтоўцы спецыялістаў для ядзернай энергетыкі”, — адзначыў Дзмітрый Вадзімавіч Свірыдаў, дэкан хімічнага факультэта БДУ.

Сёлета на электрастанцыю, як і ў мінулым годзе, размеркавалі 4 чалавекі. Яны будуць займацца прыёмкай абсталявання, а таксама працягваць сваё навучанне.

Так, адна з выпускніц хімічнага факультэта, якая скончыла “ядзерную” спецыяльнасць, за дзяржаўны кошт будзе вучыцца ў магістратуры Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта МІФІ. Там яна будзе займацца ядзернай хіміяй.

“У яе быў высокі бал атэстата, таму ёй была прапанавана магчымасць быць размеркаванай у распараджэнне ўніверсітэта. Ад БДУ яна і паедзе вучыцца далей па профілі ў Расію”, — расказаў Дзмітрый Вадзімавіч.

Акрамя атамнай электрастанцыі, студэнты-ядзершчыкі размяркоўваюцца ў Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў НАН Беларусі, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Н.Н.Аляксандрава.

Як расказаў Дзмітрый Вадзімавіч, некалькі гадоў назад Міністэрства аховы здароўя звярнулася на хімічны факультэт з просьбай рыхтаваць кадры для Цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі, які на той момант яшчэ толькі будаваўся. Цэнтр адкрыўся восенню мінулага года. Зараз у ім працуе цыклатронная лабараторыя, якая напрацоўвае ізатопы, што з дапамогай аўтаматаў уводзяцца ў кроў хворых. Пазначаную ізатопамі глюкозу пухліна інтэнсіўна “з’ядае”, што і дазваляе вызначаць яе месцазнаходжанне. Гэта добра відаць на атрыманых выявах (да адкрыцця гэтай лабараторыі такія выявы нашым пацыентам можна было зрабіць у Расіі або Ізраілі). У гэтай цыклатроннай лабараторыі якраз і працуюць выпускнікі хімічнага факультэта, як ядзернага, так і фармацэўтычнага кірунку.

“Хімікі-ядзершчыкі — гэта ўніверсальныя спецыялісты. Яны працуюць на вытворчасцях, дзе патрэбна іх спецыфічная кваліфікацыя, уменне працаваць з ізатопамі (яны ўсё ведаюць пра радыяцыйную хімію і радыяцыйную бяспеку). У той жа час іх кваліфікацыі хопіць, каб працаваць у антыдопінгавай лабараторыі, у Следчым камітэце, у інстытутах акадэміі навук і іншых месцах”, — адзначыў Дзмітрый Вадзімавіч.

“На той момант, калі мы пачалі размяркоўваць студэнтаў у Цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі, на яго месцы быў вялікі катлаван, заліты вадой. Размеркаваныя выпускнікі чыталі інструкцыі, прымалі абсталяванне, прысутнічалі пры мантажы. Падобны працэс праходзяць зараз і выпускнікі, размеркаваныя на атамную электрастанцыю”, — рэзюмаваў Дзмітрый Вадзімавіч Свірыдаў, дэкан хімічнага факультэта БДУ.

Святлана ШЫЯН.
Фота з архіва хімічнага
факультэта БДУ.