Удзячная лёсу

- 10:39Сацыяльны ракурс

Прафесія педагога прыцягвала настаўніцу матэматыкі гімназіі № 3 Бабруйска Алену Жыркевіч з дзяцінства. Ужо тады яна марыла аб гэтым складаным, але цікавым шляху, цвёрда вырашыўшы ісці ў педагогіку. Тое дзіцячае жаданне Алена Юр’еўна ажыццявіла. І яна ні разу не пашкадавала аб тым, што ў свой час звязала жыццё з педагагічнай працай.

На непахіснае імкненне Алены Жыркевіч да педагогікі паўплывалі яе школьныя настаўнікі фізікі і матэматыкі.

— Галіна Мікалаеўна і Аляксандр Канстанцінавіч Ярэмчанка не толькі раскрылі мае матэматычныя здольнасці. Яны натхнілі мяне працай у школе, з дзецьмі. Больш за тое, гэтыя педагогі і цяпер для мяне лепшы прыклад прафесіяналізму, — расказала Алена Юр’еўна.

Да пастаўленай мэты — стаць настаўніцай — яна імкнулася, калі была яшчэ школьніцай. Паспявала не толькі выдатна вучыцца ў сваёй навучальнай установе, але і паспяхова займалася ў завочнай школе пры тагачасным Ленінградскім дзяржаўным універсітэце. У выніку родную школу Алена Жыркевіч скончыла з залатым медалём, а спецыялізаваную ўніверсітэцкую — з фундаментальнымі матэматычнымі ведамі. Працягнула адукацыю ў цяперашнім МДУ імя А,А.Куляшова, без асаблівых складанасцей стаўшы студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта.

Гады студэнцтва Алена Юр’еўна ўспамінае з цеплынёй. Ды і як інакш — яны былі яркімі, насычанымі. Удзел у творчых мерапрыемствах і спартыўных спаборніцтвах, займальныя лекцыі, захапляльныя семінары… Выконвалі будучыя педагогі і больш сур’ёзныя задачы.

— Калі мы былі ўжо выпускнікамі, здарылася трагічная аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Мы не засталіся ў баку ад тых падзей. У зонах павышанай радыяцыі быў востры недахоп педагагічных кадраў. Я, як і многія студэнты, адгукнулася на заклік аб дапамозе. Вахтавым метадам працавала ў сярэдняй школе вёскі Косічы Быхаўскага раёна, — успамінае Алена Юр’еўна.

Час вучобы ва ўніверсітэце праляцеў хутка. У руках Алены Жыркевіч аказаўся запаветны дыплом, ды яшчэ з адзнакай. Размеркаванне малады педагог атрымала ў Бабруйск. З гэтым горадам яна і звязала сваё жыццё — як асабістае, так і прафесійнае.

Зараз Алена Юр’еўна ўжо вопытны настаўнік з трыццацігадовым працоўным стажам. Гэтыя гады яна настаўнічала ў розных установах адукацыі, і ўсюды яе педагагічная дзейнасць была плённай. Станоўча адгукаецца аб Алене Жыркевіч і кіраўніцтва гімназіі № 3, дзе жанчына працуе зараз.

— Гэта творча думаючы педагог. Значную ўвагу яна ўдзяляе раскрыццю здольнасцей навучэнцаў. Шырока выкарыстоўвае на ўроках разнастайныя сучасныя сродкі навучання, робячы вучэбны працэс максімальна эфектыўным, — гаворыць пра настаўніцу намеснік дырэктара ўстановы па вучэбнай рабоце Святлана Севярын.

Сама ж Алена Юр’еўна лічыць, што, калі прымушаць дзяцей вучыць матэматыку, нічога значнага не дасягнеш, а калі ўмела зацікавіць іх прадметам, матываваць на канкрэтныя дзеянні, вынік будзе.

Каб захапіць матэматыкай, Алена Юр’еўна робіць вучэбны матэрыял максімальна даступным для разумення, а таксама шукае свой падыход да кожнага вучня. На яе думку, для паспяховага вывучэння прадмета на высокім узроўні важна спрыяльная атмасфера. Узаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнямі павінны быць партнёрскімі, даверлівымі.

— У класе навучэнцам павінна быць псіхалагічна камфортна. Для гэтага настаўніку неабходна быць на адной хвалі з дзецьмі, з увагай ставіцца да кожнага, умець зацікавіць і падтрымаць, — адзначае суразмоўніца.

Паводле яе слоў, у гімназіі практычна ўсе дзеці арыентаваны на атрыманне ведаў, але матываваць іх на вучобу ўсё роўна неабходна. На сваіх уроках Алена Жыркевіч імкнецца не проста даваць вучням гатовы матэрыял, але і накіроўваць іх на самастойны пошук ведаў.

— Найбольш каштоўныя ўменні — тыя, якія навучэнцы набылі самі, таму на занятках схіляю дзяцей на ўласныя даследаванні, высновы, — тлумачыць Алена Юр’еўна.

Дасягаць добрай паспяховасці па прадмеце дапамагае таксама прымяненне на ўроках практыка-арыентаванага падыходу. Алена Жыркевіч стараецца наблізіць матэматыку да рэальнага жыцця. Разглядаючы вучэбную тэму, яна заўсёды прыводзіць даступныя прыклады выкарыстання атрыманых ведаў у жыцці. Гэта робіць складаны прадмет больш простым для ўспрымання і вывучэння.

Па меркаванні Алены Юр’еўны, паспяховымі заняткі можна лічыць тады, калі ўсе вучні зразумелі тэму, вынеслі для сябе нешта карыснае. Для гэтага трэба рабіць урокі творчымі, прымяняць на іх розныя адукацыйныя методыкі.

— Актыўна выкарыстоўваю на занятках гульнявыя тэхнікі, тэхналогію праблемнага навучання, эўрыстычны падыход. Разнастайнасць метадаў навучання таксама дазваляе падтрымліваць цікавасць навучэнцаў да матэматыкі і дапамагае ім лепш засвойваць вучэбны матэрыял, — кажа Алена Жыркевіч.

Адметна, што, з’яўляючыся прафесіяналам, валодаючы эфектыўнымі методыкамі навучання, Алена Юр’еўна не перастае ўдасканальваць педагагічнае майстэрства. Яна знаходзіцца ў творчым пошуку новых падыходаў да выкладання, спосабаў паляпшэння якасці навучання.

Значнае месца ў сваёй педагагічнай дзейнасці Алена Юр’еўна адводзіць і рабоце з адоранымі дзецьмі. Наогул, яна прытрымліваецца думкі, што галоўная задача педагога — своечасова разгледзець здольнасці кожнага вучня і дапамагчы ім раскрыцца. З адоранымі дзецьмі настаўніца сістэматычна займаецца на ўроках, факультатывах, індывідуальных занятках, падчас сустрэч у адпаведным гімназічным вучэбным цэнтры. Упор педагог робіць на ўдзел навучэнцаў у алімпіядным руху. Каб зрабіць падрыхтоўку максімальна якаснай, Алена Жыркевіч актыўна супрацоўнічае з Абласным інстытутам развіцця адукацыі, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам. Такі падыход у сукупнасці з усебаковай маральнай падтрымкай вельмі спрыяе развіццю юных талентаў. У свой час вучні Алены Жыркевіч станавіліся пераможцамі і прызёрамі Еўрапейскай дзявочай алімпіяды па матэматыцы, Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, матэматычнай алімпіяды краін СНД, заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Трываласць атрыманых ведаў яе вучні штогод дэманструюць і на цэнтралізаваным тэсціраванні. У мінулым годзе яны паказалі вынікі, якія перавысілі сярэдні бал па краіне сярод навучэнцаў гімназій і ліцэяў.

…Праз трыццаць гадоў плённай працы ў сферы адукацыі Алена Юр’еўна не перастае дзякаваць лёсу за тое, што той калісьці прывёў яе ў педагогіку, дапамог зрабіць правільны прафесійны выбар. Сёння яна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо прафесія стала для яе прызваннем, справай, да якой ляжыць душа.

Выкладаннем Алена Жыркевіч займаецца з задавальненнем. Такое стаўленне настаўніцы да працы прыносіць адпаведны вынік. Яна неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі розных узроўняў. Гэтыя ўзнагароды для яе важныя. Але сваім самым значным дасягненнем Алена Юр’еўна лічыць жыццёвыя поспехі шматлікіх выпускнікоў. А ўсё таму, што яна ведае: у сённяшніх перамогах былых вучняў ёсць і яе ўклад.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.