Украіна: на базе прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў створаць цэнтры па рабочых прафесіях

- 11:02Паралелі

На базе прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў у розных рэгіёнах краіны будуць створаны 25 вучэбна-практычных цэнтраў па рабочых прафесіях. Пра гэта, паводле інфармацыі прэс-службы Мінадукацыі і навукі, падчас нарады па пытаннях прафесійна-тэхнічнай адукацыі паведаміў намеснік міністра Павел Хабзей.

Паводле яго слоў, вучэбна-практычныя цэнтры будуць створаны для такіх спецыяльнасцей, як “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання” і “Швачка. Кравец. Закройшчык”.

“Стварэнне вучэбна-практычных цэнтраў — гэта інвестыцыя ў якасць падрыхтоўкі рабочых кадраў, што задаволіць патрэбы работадаўцаў у высокакваліфікаваных работніках”, — падкрэсліў чыноўнік.

На стварэнне такіх цэнтраў урад выдзеліў 50 млн грывень (1 бел. рубель = 13,5 грыўні). На стварэнне кожнага з 9 вучэбна-практычных цэнтраў па спецыяльнасці “Мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання” будзе выдзелена 630 тысяч грывень. 6 вучэбна-практычных цэнтраў па гэтай спецыяльнасці ўжо створаны пры падтрымцы ўкраінска-швейцарскага праекта дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Кожнае з прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, пры якім будзе дзейнічаць вучэбны цэнтр па спецыяльнасці “Швачка. Кравец. Закройшчык”, атрымае 330 тысяч грывень.

На 2 цэнтры па спецыяльнасці “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, якія будуць функцыянаваць у Херсонскай і Днепрапятроўскай абласцях, выдзеляць 38 млн грывень.

У Міністэрстве адукацыі адзначаюць, што выдзеленыя сродкі пойдуць на закупку сучаснага абсталявання для майстэрань вучэбных цэнтраў, арыенціровачны пералік якога падрыхтаваў дэпартамент прафесійнай адукацыі разам з Мінаграпалітыкі, прадстаўнікамі работадаўцаў і ПТВ.

Прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы, дзе будуць размешчаны вучэбна-практычныя цэнтры, выбіраліся на аснове прапаноў дэпартаментаў адукацыі і навукі абласных дзяржаўных адміністрацый.