Украіна: школьнікі змогуць бясплатна вывучаць англійскую мову анлайн

- 15:36Паралелі

З верасня ўсе ўкраінскія школьнікі змогуць далучыцца да бясплатнага анлайн-вывучэння англійскай мовы на платформе Lingva.Skills. Пра гэта ішла размова на сустрэчы намесніка міністра адукацыі і навукі Украіны Паўла Хобзея з прадстаўнікамі Lingva.Skills.

Сёння на платформе зарэгістраваны і бясплатна вучацца прадстаўнікі больш як 800 агульнаадукацыйных, прафесійна-тэхнічных і вышэйшых навучальных устаноў з усіх рэгіёнаў Украіны.

“Кожны вучань, незалежна ад месца пражывання, павінен мець доступ да якаснай адукацыі. Цяпер дзеці з сельскай мясцовасці, на жаль, маюць у 10 разоў менш шансаў паспяхова здаць знешняе незалежнае ацэньванне па англійскай мове, чым іх аднагодкі з гарадоў. Такія праекты, як Lingva.Skills, што прадастаўляюць любому дзіцяці магчымасць якасна і бясплатна павысіць узровень ведаў па англійскай у рэжыме анлайн, з’яўляюцца добрым інструментам, каб выраўняць гэтыя шансы”, — адзначыў Павел Хобзей.

Для ўдзелу ў праекце трэба на сайце www.lingva.ua падаць заяўку ад навучальнай установы, указаўшы назву, прыкладную колькасць жадаючых вывучаць англійскую і кантактны e-mail. З прадстаўніком навучальнай установы звяжацца каардынатар, адправіць праект афіцыйнага ліста, які трэба падрыхтаваць, і далейшыя інструкцыі.

Рэгістрацыя адбываецца выключна праз афіцыйныя заяўкі. Выкарыстоўваць анлайн-платформу могуць не толькі вучні ці студэнты, але і выкладчыкі, і адміністрацыя ўстановы.

Навучанне адбываецца ў зручны для карыстальніка час. Тэрмін вывучэння — неабмежаваны, але звычайна складае 3—6 месяцаў. Курс англійскай узроўню А1—А2 складаецца са 150 урокаў, кожны з якіх трыма відамі практыкаванняў трэніруе граматычную або гутарковую канструкцыю. Таму карыстальнікі атрымліваюць практычныя навыкі, якія дазваляюць хутка пачаць размаўляць на англійскай мове. Зараз распрацоўваецца наступны ўзровень В1, а таксама вучэбны кантэнт па нямецкай мове.

“Асобна мы стварылі спецыяльны функцыянал для выкладчыкаў англійскай мовы, дзе ёсць магчымасць задаваць індывідуальныя дамашнія заданні вучням у адпаведнасці з вучэбнай праграмай і бачыць іх прагрэс у навучанні. Ён даступны праз падачы заяўкі на сайце. Такі падыход “змешанага навучання” (blended learning) значна сэканоміць час выкладчыка на праверку дамашніх заданняў. Ён зможа больш часу прысвяціць якаснай падрыхтоўцы матэрыялаў да наступных урокаў і менш марнаваць на праверку сшыткаў — гэта за іх зробіць аўтаматызаваная сістэма, якая ўбудавана ў платформу”, — паведаміў старшыня Асацыяцыі інавацыйнай і лічбавай адукацыі Станіслаў Куцэнка.