Улюбёная ў народную песню

- 12:17Людзі адукацыі

Таленавітага педагога па вакале Хрысціну Леанідаўну Шэвелеву добра ведаюць як на беларускай зямлі, так і за яе межамі. У Францыі, Латвіі, Расіі, Швецыі, Польшчы, Германіі гледачы апладзіравалі ўзорнаму вакальна-харэаграфічнаму ансамблю “Перапёлачка”, якім яна кіруе ўжо шмат гадоў.

Хрысціна Леанідаўна нарадзілася ў Віцебску ў незвычайна творчай і музычнай сям’і, дзе ў адзіным сугуччы перапляліся як прафесійныя музыканты, так і прадстаўнікі іншых прафесій. Вакальная і інструментальная музыка гучала з першых хвілін яе жыцця, што і вызначыла яе далейшы лёс як настаўніцы і артысткі.

З дзяцінства яна займалася музыкай, танцамі, лёгкай атлетыкай, вучылася ў мастацкай студыі. Хрысціна Леанідаўна скончыла дзіцячую школу мастацтваў № 2 (аддзяленне харавога дырыжыравання). Велізарную ролю ў выбары прафесіі адыграў настаўнік харавых дысцыплін музычнай школы № 2 Віцебска Віталь Рауза. Ён не толькі запаліў у маленькім сэрцы іскрынку творчасці, але і заклаў правільную мадэль кіраваннем калектывам, якая дапамагае ў працы Хрысціне Леанідаўне і цяпер. Яна выхоўвае ў дзецях перш за ўсё добрых людзей, якія ўмеюць не толькі спяваць, але і ўзаема­дзейнічаць у калектыве, працаваць у камандзе.

Хрысціна Леанідаўна скончыла Гомельскі каледж мастацтваў імя Н.Ф.Са­ка­л­оўскага, дзе вялікую ролю ў яе станаўленні адыграла педагог Аксана Б­арутэнка. Яна выхоўвала ў дзяўчыне характар, развівала прыродныя таленты.

Затым Хрысціна Леанідаўна паступіла і паспяхова скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава з адзнакай па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва”. Яе педагагічная дзейнасць пачалася ў сярэдняй школе № 26 Гомеля з музычна-эстэтычным напрамкам. Менавіта тут стартаваў метадычны пошук настаўніцы, пачалася доўгая дарога да  народнай песні.

Вярнуўшыся ў родны горад, працягнула педагагічны шлях у сярэдняй школе № 15 Віцебска настаўніцай музыкі. Трапіўшы ў 27-ю віцебскую школу, змагла выйсці на новы ўзровень у працы з вакальным калектывам, знайсці свой стыль у пастаноўцы голасу і арганізацыі дзіцячага ансамбля. Акрамя настаўніцкай дзейнасці, працягвала спяваць сама. Хрысціна Леанідаўна стала пераможцай раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў “Песні нашых бацькоў”, “Песня застаецца з чалавекам”, “Сэрца зямлі маёй”.

Праца з выхаванцамі вакальна-ха­рэаграфічнага ансамбля “Перапёлачка” накіравана на ўдасканаленне навыкаў вакалізацыі ў народнай манеры, гарманізацыю вакальнага і харэаграфічнага мыслення навучэнцаў у працэсе творчай дзейнасці на занятках; развіццё голасу навучэнца і авалоданне навыкамі ансамблевага выканання; фарміраванне духоўна-маральнай культуры вучняў; вывучэнне рэгіянальных культурных традыцый Прыдзвінскага краю; павышэнне эфектыўнасці выхавання нацыянальнага патрыятызму. Сёння ансамбль “Перапёлачка” ўключае ў сябе каля 100 навучэнцаў гімназіі. Калектыў працуе ў жанры народна-сцэнічнага вакалу і танца і запатрабаваны на сцэнічных пляцоўках горада, вобласці, краіны.

Як кажа Хрысціна Леанідаўна, для яе ансамбль — гэта не толькі  штодзённая работа, але і магчымасць для развіцця, творчасці, дружны дзіцячы калектыў з добрымі традыцыямі, дысцыплінай, патрыятычнымі арыенцірамі і высокімі мэтамі.

Метадычная работа Хрысціны Леанідаўны была неаднаразова прадстаўлена на педагагічных семінарах, канферэнцыях, шматлікіх майстар-класах. Яна пастаянны лектар для слухачоў курсаў Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, дакладчык педагагічных саветаў гімназіі.

Хрысціна Леанідаўна ўпэўнена, што ансамбль “Перапёлачка” — гэта сродак захавання традыцый роднай Беларусі. Таму наперадзе велізарная прастора для палёту: запрашэнні на фестывалі і конкурсы рознага ўзроўню, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва.

Чалавек не павінен спыняцца ў сваім самаўдасканаленні і развіцці. Педагогу хочацца быць цікавым для сваіх вучняў. Хрысціна Леанідаўна ўсё жыццё любіць вучыцца, пазнаваць нешта новае. Яна лічыць, што галоўная мэта яе работы — вучыць дзяцей захоўваць музычныя традыцыі беларускага народа, умець працаваць у калектыве і быць сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі
і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска  імя А.С.Пушкіна.