Умець бачыць і прагназаваць, быць мабільным і рашучым

- 10:27Планёрка ў рэгіёне

Другі год запар Слонімскі раён Гродзенскай вобласці займае 3 месца ў абласным конкурсе па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі. Падрабязней аб дасягненнях раёна расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Тэрэса Вацлаваўна Юшкевіч.

— Тэрэса Вацлаваўна, што садзейнічае рэалізацыі здольнасцей навучэнцаў Слонімшчыны?
— Варта адзначыць, што ў раёне працуюць агульнаадукацыйны ліцэй і гімназія, у якіх шэраг прадметаў вывучаецца на павышаным узроўні. Акрамя гэтага, яшчэ ў пяці ўстановах арганізавана профільнае навучанне. У ліцэі і гімназіі наладжана дыстанцыйнае навучанне, праводзяцца дыстанцыйныя алімпіяды для вучняў раёна па матэматыцы, хіміі, гісторыі, беларускай і рускай мовах і літаратурах, англійскай мове. У сярэдняй школе № 9 функцыянуюць дыстанцыйныя курсы па інфарматыцы і матэматыцы. Настаўнікі фізікі школы № 10 праз зносіны ў сетцы інтэрнэт рыхтуюць навучэнцаў да алімпіяд, а настаўнікі інфарматыкі і англійскай мовы ўкараняюць дыстанцыйныя формы навучання з дапамогай блогаў. Навучэнцы гімназіі № 1, сярэдніх школ № № 3 і 8 прымаюць актыўны ўдзел у дыстанцыйных алімпіядах па матэматыцы і фізіцы ў школе дакладных навук, арганізаванай Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Навучэнцы 8-й школы ўдзельнічалі ў Рэспубліканскай дыстанцыйнай алімпіядзе па сусветнай гісторыі “Сузор’е талентаў” (АПА).Рэалізацыі здольнасцей навучэнцаў садзейнічае штогадовае правядзенне на раённым узроўні інтэлектуальных гульняў і конкурсаў. Актыўна ўдзельнічаем і ў абласным конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Крышталёвая Альфа”, перамагаем на рэспубліканскім этапе гэтага конкурсу.
У летні перыяд у раёне працуюць аздараўленчыя лагеры інтэлектуальнай і творчай накіраванасці, у якіх дзеці развіваюць свае здольнасці. Гэта лагеры “Інтэлектуал”, “Эрудыт”, “Музычная зорка”, “Знаўца” (для навучэнцаў, арыентаваных на паглыбленае вывучэнне беларускай мовы і літаратуры).
У мінулым годзе парадавалі нас 100-бальным вынікам па матэматыцы, англійскай мове, грамадазнаўстве, рускай мове чатыры выпускнікі гімназіі № 1 і па матэматыцы — два выпускнікі сярэдняй школы № 3. Увогуле, на працягу многіх гадоў у ходзе ўступнай кампаніі выпускнікі гімназіі паказваюць высокія вынікі.
Варта адзначыць і дасягненні педагагічных калектываў. Так, у І Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”, які праходзіў у 2014 годзе, спецыяльны яслі-сад нашага раёна заняў трэцяе месца ў намінацыі “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі на ўзроўні спецыяльнай адукацыi”.

— Якія праблемы ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва раёна сёння?
— Актуальнымі для нас з’яўляюцца пытанні прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх, сацыяльнага сіроцтва, фарміравання здаровага ладу жыцця. За апошнія гады пры падтрымцы райвыканкама шмат зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Але ў той жа час неабходна павялічваць колькасць працоўных месцаў для вучняў у прадметных кабінетах. Патрабуюць мадэрнізацыі і аб’екты харчавання, у некаторых установах трэба мяняць тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, на парадку дня і абнаўленне стадыёнаў у многіх школах.
Пытанне вострага дэфіцыту педагагічных кадраў у апошнія гады ў раёне знята. Толькі ў бягучым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі раёна працаўладкаваліся 65 маладых спецыялістаў. Працэнт замацавання маладых педагогаў, выпускнікоў 2013 года, пасля двухгадовай адпрацоўкі склаў у мінулым годзе 80,7%, большасць з іх — ураджэнцы раёна.
У 2015 годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 35 нашых выпускнікоў, прычым па мэтавых накіраваннях — 7 чалавек. Усё ж варта прызнаць, што існуе дэфіцыт настаўнікаў па такіх спецыяльнасцях, як “Інфарматыка” і “Фізіка”.

— Якія мерапрыемствы шостага дня вы прапаноўваеце сёння школьнікам?
— Вынікам мэтанакіраванай і сістэмнай работы ў гэтым кірунку з’яўляецца перамога аддзела ў 2015 годзе ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы “Выхаваўчая прастора рэгіёна як фактар паспяховай сацыялізацыі і грамадзянска-патрыятычнага станаўлення асобы”. Трывала ўвайшло ў практыку правядзенне ў суботу спартыўна-масавых мерапрыемстваў з запрашэннем бацькоў. У гэтым навучальным годзе мы прыклалі намаганні па актывізацыі турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, па далучэнні вучняў да гісторыка-культурнай спадчыны Слонімшчыны, Гродзенскай вобласці і краіны ў цэлым.
У раёне праводзіцца значная работа па развіцці ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Вынікам такой работы стаў шэраг выхаваўчых мерапрыемстваў, якія сталі традыцыйнымі. Да іх ліку адносяцца і экскурсіі ў рамках краязнаўчага праекта “Залатое кола Слонімшчыны”. У гімназіі № 1 з 2010 года дзейнічае краязнаўчы музей гісторыі канфесій Слонімшчыны “Нам засталася спадчына”. Жыровіцкая сярэдняя школа з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларусаў.
Штогод мы праводзім раённыя бацькоўскія канферэнцыі па пытаннях, якія выклікаюць трывогу як у педагогаў, так і ў сем’яў. Прапаганда пазітыўнага сямейнага выхавання, захавання і прымнажэння традыцый продкаў, развіцця творчасці ў рамках сям’і рэалізоўваецца ў ходзе правядзення раённага конкурсу на лепшую шматдзетную сям’ю “Уся сям’я разам — душа на месцы”, а таксама фестывалю творчасці “Бацькоўскі дом — пачатак пачаткаў”.

— Якія дасягненні ў развіцці ІКТ вы можаце адзначыць?
— Асаблівую ўвагу ўдзяляем стварэнню аўтарскіх праграмных прадуктаў. У Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” на абласным этапе заваяваны два дыпломы І ступені, а на рэспубліканскім — тры дыпломы. Аднак на сучасным этапе неабходна акцэнтаваць увагу не столькі на колькасным аспекце працэсу інфарматызацыі, колькі на практычным выкарыстанні канкрэтных прадуктаў гэтага працэсу, магчымасцей мабільных класаў, асабістых камп’ютарных прыстасаванняў.

— Ці лёгка быць кіраўніком сістэмы адукацыі раёна? Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць сучасны кіраўнік?
— Адназначна адказаць на такое пытанне складана. Упэўнена, што для кожнага кіраўніка важна ўменне аналізаваць сваю дзейнасць, прагназаваць будучыню сваёй установы. Неабходна быць мабільным і рашучым, заўважаць лепшыя якасці кожнага супрацоўніка і спрыяць іх развіццю.
Педагогі Слонімшчыны заўсёды вылучаліся высокім прафесіяналізмам, адданасцю выбранай справе, любоўю да дзяцей. Работа для іх — не проста абавязак, а стан душы, пастаянны пошук.
Напярэдадні свята 8 Сакавіка хочацца павіншаваць сваіх калег. Моцнага здароўя вам, педагогі-жанчыны — а вас сярод работнікаў адукацыі большасць! Радуйцеся жыццю, натхняйце сваіх вучняў, сваіх родных і блізкіх! Будзьце паспяховымі — як на прафесійнай ніве, так і ў сям’і — і самадастатковымі! Шчасця вам і кахання!

Надзея ЦЕРАХАВА.