Універсальныя методыкі і новыя праекты

- 12:22Планёрка ў рэгіёне, Рознае

“Усе маладыя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, якія апошнім часам прыязджаюць у Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, замацоўваюцца на сваіх рабочых месцах ва ўстановах адукацыі. Сёлета ў раён прыедуць 60 маладых педагогаў, што на 23 больш, чым у мінулым годзе”, — з кадравых пытанняў пачала размову начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага раёна Ілона Юр’еўна ДАСТАНКА.

— Мы, канечне, адчуваем пэўны недахоп педагогаў, — працягвае Ілона Юр’еўна, — настаўнікаў матэматыкі, фізікі, англійскай мовы, выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, але выйсце знаходзім. Бяром на працу педагогаў пенсійнага ўзросту, заключаем мэтавыя дагаворы з выпускнікамі школ на навучанне па педагагічных спецыяльнасцях у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах краіны.

У 2015 годзе наш аддзел адукацыі, спорту і турызму заключыў 19 мэтавых дагавораў.

— Раскажыце, якія сучасныя тэхналогіі і методыкі выкарыстоўваюць педагогі раёна ў адукацыйным працэсе.

— Педагогі нашага раёна асвойваюць самыя розныя прагрэсіўныя адукацыйныя методыкі і падыходы і гатовы дзяліцца з калегамі сваімі напрацоўкамі. Назавём унікальную і ў той жа час універсальную методыку Віктара Шаталава. Яе асноўная ідэя — ісці ў працэсе навучання ад цэлага да часткі, абапірацца не на зубрэнне, а на разуменне. Вопытам выкарыстання “апорных канспектаў”, прапанаваных гэтым знакамітым матэматыкам, дзеляцца сёння з калегамі настаўнік-дэфектолаг Забалоцкай сярэдняй школы Алеся Аляксандраўна Макась і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Смалявіч Галіна Віктараўна Садоўская, якая расказвае аб арганізацыі даследчай дзейнасці з дашкольнікамі.

Гульнявыя тэхналогіі таксама з’яўляюцца ўніверсальнай формай навучання, паколькі выкарыстоўваюцца ў рабоце як з дашкольнікамі, так і са школьнікамі. Аб асаблівасцях гульнявога навучання ў пачатковых класах могуць расказаць настаўнікі сярэдняй школы № 3 Смалявіч Таццяна Міхайлаўна Ветчанка і Ларыса Генадзьеўна Гнядая.

У рамках праекта “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры навучанні замежнай мове” настаўнікі англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Смалявіч распрацавалі рэкамендацыі для педагогаў і вучняў па выкарыстанні інтэрнэт-крыніц у працэсе навучання.

— Ілона Юр’еўна, якія дасягненні школьнікаў Смалявіцкага раёна вы можаце адзначыць?

— Сёлета нас парадавалі навучэнцы раённай гімназіі Яўгенія Субат, Адам Вольскі, Дар’я Мурашка і навучэнец Пліскай сярэдняй школы Уладзімір Косцін, якія заваявалі дыпломы на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Удзельнікі конкурсаў даследчых работ навучэнцаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў атрымалі ў суме 21 дыплом. Выхаванка ясляў-сада № 6 Смалявіч “Вясёлка” Кіра Руцэвіч стала прызёрам абласнога конкурсу даследчых работ дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Я — даследчык”.

Хацелася б адзначыць поспехі навучэнцаў Зялёнаборскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Алы Пятроўны Гімбут удзельнічаюць і перамагаюць у навуковых конкурсах і канферэнцыях. Так, навучэнка 8 класа гэтай установы Ганна Гусева ў сваёй рабоце “Сонечны посуд” разглядае магчымасць выкарыстання сонечных печаў у кліматычных умовах нашай краіны. Сярод узнагарод Ганны, якія яна атрымала за сваю работу, назаву самую высокую — дыплом ІІІ ступені на Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Навуковыя імкненні — 2014”.

Варта згадаць і нашых спартсменаў, якія не раз падымаліся на п’едэстал. На працягу навучальнага года навучэнцы СДЮШАР Смалявіцкага РВК заваявалі 23 прызавыя месцы, у тым ліку на міжнародным узроўні, 17 спартсменаў атрымалі юнацкія разрады, 3 сталі кандыдатамі ў майстры спорту, а 8 увайшлі ў склад нацыянальных зборных.

— Якія цікавыя мерапрыемствы прапаноўваюцца школьнікам у шосты дзень? Якія практыкуюцца формы работы з сям’ёй?

— Асаблівасцю 2015/2016 навучальнага года стала правядзенне занальных мерапрыемстваў (2—3 суботы ў месяц), калі ўстановы дадатковай адукацыі раёна арганізоўваюць мерапрыемствы пэўнай тэматыкі на базе адной школы, а іх удзельнікамі становяцца яшчэ і навучэнцы з суседніх устаноў адукацыі.

Своеасаблівым цэнтрам па арганізацыі асветніцкай і культурна-забаўляльнай дзейнасці не толькі для дзяцей, але і для дарослага насельніцтва ў раёне з’яўляецца сярэдняя школа ў аграгарадку Слабада. У будынку школы размясцілася Азярыцка-Слабадская дзіцячая школа мастацтваў і аддзяленне біятлона, якое працуе пры СДЮШАР Смалявіч. Хацелася б адзначыць вопыт дзейнасці на базе Азярыцка-Слабадской школы рэсурснага цэнтра па супрацоўніцтве з сям’ёй “Духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”, кіраўніком якога з’яўляецца Вольга Васільеўна Чушанкова. У 2010 годзе ў школе была распрацавана праграма “Выток” па супрацоўніцтве з царквой. Асноўны прынцып, закладзены ў ёй, тычыцца рэалізацыі права дзіцяці і бацькоў на выхаванне ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі і сямейнымі традыцыямі.

Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы ва ўстановах адукацыі раёна?

— Асаблівая ўвага ва ўстановах адукацыі раёна ўдзяляецца фарміраванню талерантнага стаўлення да асоб з АПФР праз правядзенне інклюзіўных творчых, спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, развіццё валанцёрскага руху. У гэтым напрамку неабходна адзначыць работу сярэдніх школ №№ 1,2 і 3 Смалявіч, Усяжскай і Пліскай сярэдніх школ, Зялёнаборскага ВПК.

Сумесны праект па фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту талерантнага стаўлення да дзяцей з АПФР рэалізоўваецца паміж ЦКРНіР Смалявіцкага раёна і Зарачанскім дзіцячым садам. Дашкольнікі актыўна і ахвотна ўключаюцца ў сумесную культурна-забаўляльную дзейнасць з асаблівымі дзецьмі. Упэўнена, што фарміраваць талерантнасць можа толькі педагог, які ўмее стрымліваць негатыўныя эмоцыі ў адносінах да асаблівых дзяцей з боку аднагодак, бачыць станоўчае ў такіх дзецях, разумее матывацыю іх учынкаў, прымае іх такімі, якія яны ёсць.

— Ілона Юр’еўна, раскажыце аб новых ідэях і праектах, якія ў хуткім часе будуць рэалізоўвацца ў раёне.

— Задумы, зразумела, ёсць, і тычацца яны пытанняў удасканалення прафарыентацыйнай работы ў школе, дзейнасці педагагічных класаў, дапрофільнай падрыхтоўкі і іншых. Так, у яслях-садзе № 3 Смалявіч спецыялісты вырашылі сістэматызаваць матэрыял для развіцця і аптымальнага функцыянавання інтэрнэт-сайта сваёй установы з мэтай дыстанцыйнай падтрымкі педагагічнай адукацыі бацькоў дзяцей з 2 да 6 гадоў. Сайт установы дазволіць вывучаць патрэбы, меркаванні і перавагі бацькоў, узровень іх дасведчанасці аб пэўных паслугах, ажыццяўляць сумесныя праекты, павышаць узровень ведаў бацькоў. Яшчэ адной эфектыўнай формай узаемадзеяння з сям’ёй стане выпуск інфармацыйна-метадычнага часопіса для бацькоў. Артыкулы для яго будуць пісаць не толькі педагогі, але і іншыя спецыялісты. Бацькі змогуць падпісацца на электронны варыянт часопіса. Форум сайта ўстановы таксама будзе выкарыстоўвацца ў якасці дыстанцыйнай падтрымкі бацькоў у пытаннях навучання і выхавання дзяцей, стане для іх віртуальным кансультацыйным пунктам.

Надзея ЦЕРАХАВА.