У Гродне падвялі вынікі работы сістэмы адукацыі вобласці ў 2020 годзе і акрэслілі задачы на бягучы год.
Выніковая калегія галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама прайшла ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Удзел у ёй прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Кір’як.
Да пачатку пасяджэння ўдзельнікі змаглі азнаёміцца з выставай, прысвечанай трылогіі Года малой радзімы. Трансляцыя калегіі ў анлайн-рэжыме вялася ва ўсіх установах адукацыі вобласці, што значна пашырыла кола яе ўдзельнікаў.
Ёсць чым ганарыцца
Юрый Караеў даў высокую ацэнку рабоце школьнага настаўніка і падкрэсліў, што ўвогуле сістэма адукацыі ў нашай краіне лепшая на постсавецкай прасторы. Пры гэтым школе ў справе выхавання моладзі перш за ўсё трэба абапірацца на тыя асновы, што павінны быць закладзены ў сям’і.
— Вынікі ёсць, і яны ўражваюць, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з эпідэмічнай сітуацыяй, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Гэта і паспяховае выступленне нашай каманды на рэспубліканскай алімпіядзе, і рост колькасці стабальнікаў сярод выпускнікоў, добрыя поспехі ў пошукава-даследчай, навуковай рабоце, паляпшэнне паказчыкаў якасці адукацыі. Нам удалося павялічыць колькасць груп у дзіцячых садах і ўвогуле пашырыць ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй. Вырасла колькасць спецыяльнасцей у прафесійна-тэхнічных установах. Каманда вобласці паспяхова выступіла на конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus.
Як падкрэсліў Руслан Абрамчык, вельмі важна, што калегія праходзіць неўзабаве пасля VI Усебеларускага народнага сходу, на якім вялікая ўвага была звернута на пытанні адукацыі, выхавання моладзі. Гэта яшчэ адна магчымасць прыгадаць усе тэзісы, якія агучыў кіраўнік дзяржавы, а таксама дэлегаты форуму, час абмеркаваць перспектывы ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і пытанні, якія перад намі ставіць сучаснасць, у тым ліку і змены заканадаўства ў сферы адукацыі.
Віктар Пранюк засяродзіў увагу на тым, што сістэма адукацыі Гродзенскай вобласці паказвае добрыя вынікі.
— Нават такія ўзрушэнні, як COVID-19, не змаглі спыніць работу ўстаноў адукацыі — яны даволі хутка прынялі правільныя рашэнні, арганізаваўшы вучэбны працэс і непасрэдна на ўроках, і ў віртуальным асяроддзі, таму навучэнцы практычна не адчулі змен, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. — Разам з тым сёння вельмі важная сістэма кіравання. Адукацыя — сфера дзейнасці, якая хутка мяняецца, і кіраваць ёю вельмі складана. Таму на парадку дня разгляд пытанняў міжведамаснага ўзаемадзеяння, у тым ліку з сістэмамі аховы здароўя, правапарадку. Нас хвалююць такія пытанні, як занятасць навучэнцаў у вольны час, падлеткавая злачыннасць, прафілактыка правапарушэнняў. Ад таго, якія мы сёння прымем рашэнні, будзе залежаць вынік у найбліжэйшай перспектыве. Акрамя таго, узрастае роля ўстаноў вышэйшай адукацыі і абласнога інстытута развіцця адукацыі, бо для прыняцця правільных рашэнняў неабходна аналітычная інфармацыя. Нельга забываць і пра зваротную сувязь, а гэта не толькі класныя гадзіны і бацькоўскія сходы, але і работа педагогаў у сацыяльных сетках, магчымасць мець зносіны з бацькамі анлайн. Важна не хаваць праблемы, а адкрыта іх абмяркоўваць, для таго каб своечасова прымаць правільныя рашэнні.
Шмат зроблена для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Гродне. Завершаны работы па рэканструкцыі, капітальным рамонце ў 20 установах адукацыі вобласці, у тым ліку ў пяці за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Літаральна днямі адкрыўся дзіцячы сад у мікрараёне Грандзічы ў Гродне. У гэтым жа мікрараёне ўзводзіцца новая школа. Пачалося будаўніцтва дзіцячых садоў у мікрараёне Паўднёвы абласнога цэнтра і ў Скідзелі. Вядуцца праектныя работы па дзіцячых садах у Лідзе і Слоніме, будаўнічыя работы плануецца пачаць у бягучым годзе. Акрамя гэтага, на 15 аб’ектах сістэмы адукацыі вобласці ў 2021 годзе запланаваны капітальныя рамонты, рэканструкцыя і мадэрнізацыя будынкаў пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка.
На калегіі падводзіліся і вынікі па лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі. У краіне пачаў працаваць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, да стварэння якога прыклалі намаганні і педагогі Гродзеншчыны: яны распрацоўваюць 17 вучэбных курсаў. Да таго ж у 2020 годзе гродзенцы першымі ў краіне прыступілі да стварэння свайго аналагічнага рэсурсу, іх вопыт спатрэбіўся пры распрацоўцы рэспубліканскай пляцоўкі.
Асаблівая ўвага ўдзялялася ўзаемадзеянню з Паркам высокіх тэхналогій, адукацыйным праектам “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”, “Інфарматыка без разеткі”, “Праграмаванне Micro: bit у асяроддзі Scratch”. У бягучым навучальным годзе ў 24 установах адукацыі плануецца рэалізацыя пілотных праектаў па гэтым кірунку.
— Увогуле, мы адзначаем якасную, надзейную, упэўненую работу сістэмы адукацыі ў 2020 годзе, — засяродзіў увагу калег Руслан Абрамчык. — Разам з настаўнікамі, бацькамі мы знаходзілі шляхі для таго, каб дзеці атрымалі веды, гарантаваны дзяржавай сацыяльны пакет у выглядзе падвозу да ўстаноў адукацыі, харчавання, набыцця дадатковых ведаў. Асаблівая ўвага ўдзялялася забеспячэнню здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах адукацыі, бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу падчас распаўсюджвання інфекцыі CОVID-19. Прыйшоў час сказаць дзякуй усім, хто паказаў лепшыя вынікі, узнагародзіць пераможцаў агляду-конкурсу, які праводзіцца ў вобласці на працягу многіх гадоў.
Новыя месцы ў дзіцячых садках
На выніковай калегіі Руслан Абрамчык паведаміў, што ўдалося зрабіць у сістэме дашкольнай адукацыі. Да новага навучальнага года былі створаны 65 дадатковых месцаў у Гродне і 20 — у Мастоўскім раёне, адкрыты запатрабаваныя бацькамі групы для дзяцей ад 1 да 2 гадоў, павялічана колькасць інтэграваных груп. Па запытах бацькоў функцыянавала 1268 груп кароткачасовага знаходжання, што дазволіла дадаткова ахапіць дашкольнай адукацыяй больш за 9,6 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў.
У выніку праведзенай работы знізілася колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе, менш стала дзіцячых траўм. Але задача захавання бяспечных умоў знаходжання дзяцей у дзіцячых садах застаецца па-ранейшаму актуальнай. Асаблівай увагі патрабуюць пытанні ўмацавання і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы садоў у гарадах. Актуальнай застаецца і праблема дэфіцыту выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, педагогаў-псіхолагаў, кіраўнікоў фізічнага выхавання, музычных кіраўнікоў.
Разам з тым прагназуемая колькасць дзяцей дашкольнага ўзросту патрабуе стварэння дадатковых месцаў у дзіцячых установах у мікрараёнах актыўнай забудовы ў Гродне, Скідзелі, Слоніме, Ашмянах, Лідзе, Ваўкавыску. У новай пяцігодцы запланавана будаўніцтва новых дзіцячых садоў у гэтых гарадах.
Медалісты і стабальнікі
Ёсць чым ганарыцца і сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Каля 8 тысяч, а гэта 68,3 працэнта навучэнцаў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, вывучалі асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Звыш 900 навучэнцаў працягнулі навучанне ў класах педагагічнай накіраванасці і 460 — у аграрных класах. Прафесійная падрыхтоўка ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне” арганізавана па 36 прафесіях для 3398 навучэнцаў 10—11 класаў. З верасня мінулага года адкрыты цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі ў Шчучыне. Усяго ў вобласці функцыянуюць 9 такіх цэнтраў.
На працягу шэрага гадоў стабільна вялікі працэнт навучэнцаў на выпускных іспытах атрымлівае высокія адзнакі. У мінулым годзе 674 выпускнікі 11-х класаў атрымалі атэстаты асобага ўзору і залаты або сярэбраны медаль, сярод дзевяцікласнікаў 756 выпускнікоў — пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай.
Выпускнікамі вобласці атрымана 38 стабальных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Традыцыйна добрыя веды дэманструюць выпускнікі Гродна, Смаргонскага, Лідскага, Ашмянскага і Зэльвенскага раёнаў.
На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы вобласці заваявалі 33 дыпломы, заняўшы 1-е месца ў рэспубліканскім рэйтынгу па эфектыўнасці ўдзелу і 2-е — па колькасці дыпломаў.
Абласны інстытут развіцця адукацыі забяспечыў інфармацыйную падтрымку ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу пры арганізацыі навучання ў перыяд складанай эпідэмічнай сітуацыі. Створаны і працуе адукацыйны партал “Віртуальная школа”.
Асаблівае стаўленне
У спецыяльнай адукацыі захоўваецца высокі паказчык эфектыўнасці карэкцыйна-педагагічнай дапамогі — 57,3 працэнта. Ствараюцца ўмовы для работы з новымі назалагічнымі групамі дзяцей з АПФР. Па стане на верасень 2020 года ўведзена 64,5 штатнай адзінкі выхавальніка для персанальнага суправаджэння дзяцей з аўтызмам.
На працягу 5 гадоў працуюць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У 10 з іх былі арганізаваны аздараўленчыя лагеры для дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця, на базе 12 — дашкольныя групы, а ў Лідскім і Слонімскім раёнах — дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Набыты новы транспартны сродак для Дзятлаўскага ЦКРНіР. У 6 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі атрымліваюць прафесіі 110 навучэнцаў з АПФР.
І прафесія, і першае рабочае месца
Больш за 7 тысяч выпускнікоў падрыхтавана ўстановамі прафесійнай адукацыі вобласці. Усе жадаючыя забяспечаны першым працоўным месцам. Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрыты прыём па дзвюх новых спецыяльнасцях, прафесійна-тэхнічнай — па пяці. Вырас прыём на медыцынскія спецыяльнасці ў каледжы. У вобласці працуе 6 рэсурсных цэнтраў, на іх базе летась прайшлі навучанне 1890 навучэнцаў.
Радуюць поспехі навучэнцаў. Вынікова выступілі яны на конкурсных мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню. На конкурсе WorldSkills Belarus — 2020 каманда вобласці ўвайшла ў тройку прызёраў і заваявала 17 медалёў.
У патрыятычным выхаванні не месца фармалізму
У ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце асабліва значным і маштабным стала правядзенне мерапрыемстваў грамадзянскай, героіка- і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, аб’яднаных тэмай Вялікай Перамогі. Рэалізаваны абласны інтэрактыўны інтэрнэт-праект #Гісторыя#Памяць#Будучыня.by, у якім удзельнічала больш за 600 педагогаў і навучэнцаў. Цікавымі былі мерапрыемствы, прысвечаныя трылогіі Года малой радзімы.
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама яшчэ раз засяродзіў увагу на праекце “Школа актыўнага грамадзяніна”, які рэалізоўваецца не толькі ў школах, але і ва ўстановах прафесійнай адукацыі. У Год народнага адзінства неабходна максімальна выкарыстоўваць патэнцыял гэтага праекта, адысці ад фармалізму.
— Сёння выразна вызначылася патрэба фарміравання новага педагагічнага мыслення, сістэматызацыі дзейнасці педагогаў па ідэалагічным выхаванні навучэнцаў, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Адной з асноўных задач у рабоце з кадрамі павінна стаць фарміраванне іміджу сучаснага педагога як носьбіта ідэалагічных, маральных каштоўнасцей грамадства, матываванне яго на самаразвіццё, работу ў сацыяльных сетках.
Летась жыццё ставіла перад сферай адукацыі новыя задачы, і даводзілася аператыўна прымаць рашэнні. Паглыбленне ў анлайн-прастору, актыўнае выкарыстанне дыстанцыйных форм як у вучэбным працэсе, так і ў дадатковай адукацыі — усё гэта ў мінулым годзе ўвайшло ў жыццё кожнай установы адукацыі. Тым часам прыярытэтам па-ранейшаму застаецца бяспека дзяцей, прафілактыка гвалту ў дачыненні да непаўналетніх, забеспячэнне ўмоў для рэалізацыі іх правоў.
На калегіі не толькі былі падведзены вынікі работы за мінулы год 25-тысячнага педагагічнага калектыву вобласці, узнагароджаны лепшыя работнікі галіны, але і акрэслены задачы на бягучы Год народнага адзінства. Накіраваны яны на забеспячэнне работы сістэмы адукацыі вобласці ў рэжыме развіцця.
Падводзячы вынік сказанаму, Віктар Пранюк падкрэсліў: задачы стаяць складаныя, амбіцыйныя, але яны выканальныя.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.