Урад гатовы вывучыць прапановы губернатараў па працаўладкаванні ўсіх беспрацоўных да 1 мая. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў пад старшынствам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Разгледжаны вынікі работы галін і рэгіёнаў па выкананні параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў студзені — лютым 2017 года, чаканыя вынікі ў І квартале і меры па аднаўленні эканамічнага росту.
Як адзначыў Андрэй Кабякоў, ёсць шэраг пытанняў, у тым ліку і арганізацыйнага характару, якія патрабуюць разгляду і прыняцця рашэнняў. Кіраўнік урада звярнуў увагу на якасць прагназавання. “Кожная лічба павінна быць падлічана, абгрунтавана і гарантавана. За памылкі неабходна несці адказнасць”, — адзначыў прэм’ер-міністр.
Асаблівая ўвага ў час пасяджэння была ўдзелена стварэнню рабочых месцаў і працаўладкаванню беспрацоўных. “На нарадзе 9 сакавіка кіраўніком дзяржавы ўраду і губернатарам пастаўлена канкрэтная задача па працаўладкаванні ўсіх, хто можа і хоча працаваць, да 1 мая. Прашу губернатараў далажыць, як разгорнута гэтая работа на месцах, калі патрабуюцца рашэнні ўрада — прапануйце. Рабочыя месцы павінны быць створаны там, дзе ёсць рэальная патрэбнасць на рынку працы ў канкрэтных раёнах і населеных пунктах”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Прэм’ер-міністр таксама звярнуў увагу, што ў найбліжэйшы час пачынаюцца веснавыя палявыя работы. Паводле яго слоў, прадугледжанае фінансаванне дае магчымасць правесці пасяўную кампанію ў штатным рэжыме.