Урок-чэлендж і настаўнікі-куміры

- 11:29Адукацыйная прастора

На гэтым уроку не спатрэбіліся ні класны журнал з адзнакамі, ні падручнікі са складанымі тэмамі і правіламі. Настаўнікамі сталі папулярныя блогеры Дзіма Ермузевіч і Юля Гадунова, за якімі сочаць у сацыяльных сетках больш як 2,5 мільёна чалавек, а новы матэрыял выкладаўся пяцікласнікам падчас відовішчных доследаў. Эксперыментальны водны ўрок-чэлендж прайшоў у сярэдняй школе № 91 Мінска.

У беларускіх школах з пачатку навучальнага года сталі больш жорсткімі патрабаванні да якасці харчавання. Салодкія напіткі з-за колькасці цукру ў іх складзе канчаткова выключылі з меню сталовых і буфетаў, але мала для каго альтэрнатывай ім стала пітная вада. Для таго каб звярнуць увагу на важнасць вады для самаадчування і нават паспяховасці ў школе, прайшоў першы ў Беларусі ўрок у новым фармаце.

Блогеры расказалі не толькі пра ўласцівасці пітной вады на ўроку, але і пра тое, што самі вядуць здаровы лад жыцця. Так, Юля Гадунова выпівае штодня па 5 шклянак вады, а Дзіма Ермузевіч выбраў спартыўны чэлендж, і цяпер яго падпісчыкі сочаць за тым, як кожны тыдзень ён ставіць новыя асабістыя рэкорды і павялічвае фізічную нагрузку.

На гэты раз яны кінулі школьнікам выклік, ці, як сёння кажуць падлеткі, “чэлендж”: жыць па новых правілах — піць чыстую ваду, есці больш садавіны, а не прысмакаў, і чытаць не менш за 5 кніжных старонак у дзень. Пяцікласнікам выдалі спецыяльныя нататнікі, дзе сабраны парады, як любы выклік (зразумела, карысны) ператварыць у займальную і пазнавальную гульню.

А за эксперыментальную частку ўрока адказваў яшчэ адзін госць — Ілья Курашоў, дырэктар музея займальных навук “Квантум”. Хімік па адукацыі, ён правёў разам з вучнямі доследы, якія наглядна і эфектна праілюстравалі ўласцівасці вады. Каб расказаць пра тое, як уздзейнічае вада на наш арганізм у спякоту, падчас хваробы ці пасля фізічнай нагрузкі, яе і афарбоўвалі, і з азотам змешвалі, і нават падпальвалі.

Незвычайны фармат навучання падтрымаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. “Падобны фармат урокаў цікавы, — адзначае намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая. — Гэта крэатыўнае, інавацыйнае рашэнне, арыентаванае на здароўе навучэнцаў, на здароўе нацыі ў цэлым. У красавіку Мінску было прысвоена ганаровае званне “Горад, дружалюбны да дзяцей”. І асноўныя індэксы, якія даюць нагоду вызначаць, наколькі горад дружалюбны да дзяцей, тычацца якраз здароўя дзяцей, мерапрыемстваў і праектаў, у якіх задзейнічаны дзеці. І таму нам вельмі цікава такое ўзаемасупрацоўніцтва.

І гэта добры прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Здароўе дзяцей — агульнае, і тут інтарэсы не трэба дзяліць на прыватныя ці дзяржаўныя, а трэба знаходзіць шляхі сутыкнення і праводзіць такія ўрокі на карысць дзецей. Калі вывучэнне пытанняў свайго здароўя ў новым фармаце будзе цікава і дзецям, і іх бацькам, то і мы гатовы супрацоўнічаць і ўкараняць такія інавацыі ў школах, у тым ліку на ўроках па хіміі, біялогіі і інш. Бо сённяшнія педагогі — гэта не фокуснікі, а ўдзельнікі навуковых конкурсаў, аўтары праектаў у галіне экалогіі, медыцыны, будаўніцтва водных збудаванняў. Іх доследы не проста так нараджаюцца: яны добра ведаюць хімію, біялогію, ведаюць хімічныя рэакцыі, якія дэманструюць работу нашага арганізма. Вось чаму дзеці забыліся пра званок і гатовы працягваць урок. І нам трэба, арганізоўваючы мерапрыемствы, узяць на заметку такія формы ўзаемадзеяння, у тым ліку і ў шосты школьны дзень.

Урок-эксперымент абяцае стаць першай ластаўкай. Арганізатары адной толькі карысцю пітной вады абмяжоўвацца не збіраюцца. Абяцаюць расказваць пра важнасць чытання кніг, рэгулярных заняткаў спортам, захавання рэжыму сну.

Святлана НІКІФАРАВА.