Урок мужнасці і памяці

- 15:15Выхаванне

Адным з важных напрамкаў выхаваўчай работы ў школе з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, фарміраванне ў маладых людзей павагі да ветэранаў і пачуцця гонару за сваю краіну. У сярэдняй школе № 1 Скідзеля створаны валанцёрскі атрад, члены якога наведваюць ветэранаў, аказваюць ім дапамогу, віншуюць са знамянальнымі датамі. Так, нядаўна валанцёры павіншавалі з днём нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы Людмілу Іосіфаўну Смілга.

Людміла Іосіфаўна была рада зносінам з моладдзю, расказала школьнікам пра сваё жыццё, пра ўклад у Вялікую Перамогу. Карэнная ленінградка, яна падчас блакады страціла бацькоў. Як толькі была адкрыта “дарога жыцця”, 19-гадовая Людміла сышла на фронт. Далікатная, мініяцюрная дзяўчына была санінструктарам стралковых рот, выносіла з поля бою параненых. Некалькі разоў была паранена сама. Даводзілася падчас варожых нападаў браць у рукі зброю. І цяпер, гаворыць Людміла Іосіфаўна, яна можа сабраць і разабраць аўтамат. Пасля вайны Л.І.Смілга не адзін дзясятак гадоў працавала настаўніцай працоўнага навучання ў школах Скідзеля. На сваіх уроках педагог, якая прайшла праз агонь Вялікай Айчыннай вайны, значную ўвагу ўдзяляла патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Старонкі жыцця Л.І.Смілга — гэта старонкі нашай гісторыі, і школьнікі, размаўляючы з ветэранам, атрымалі ўрок мужнасці і памяці пра трагічныя і гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы
№ 1 Скідзеля Гродзенскага раёна, кіраўнік валанцёрскага атрада.
Фота аўтара.