Урок сярод экспазіцыі

- 12:52Брэстчына

Ці магчыма праводзіць урокі і адначасова далучаць навучэнцаў да дзівоснага свету музейнай педагогікі, фарміраваць у іх грамадзянска-патрыятычныя пачуцці? “Можна, калі ў вучэбным кабінеце размясціць музейную экспазіцыю”, — адкажуць у сярэдняй школе № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. Тры паўнавартасныя музеі і яшчэ некалькі музейных куткоў — усё гэта ўбачылі супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты”, калі знаёміліся з вопытам работы ўстановы адукацыі.

Тлумачыцца такое арыгінальнае спалучэнне вучэбнага і выхаваўчага працэсу вельмі проста: 20-я школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам Ленінскага раёна Брэста па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі. У аснове работы цэнтра — дзейнасць музеяў “Спадчына Беларусі”, “Горад-герой Масква”, музея імя Д.М.Карбышава, а таксама музейных экспазіцый яшчэ ў некалькіх кабінетах. Па словах дырэктара школы Ірыны Фёдараўны Нікіфаравец, такое своеасаблівае афармленне кабінетаў дазваляе навучэнцам зразумець непарыўную сувязь гісторыі з жыццём краіны і народа, адчуць сваё дачыненне да падзей гераічнага мінулага, стаць годнымі нашчадкамі памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Хоць афіцыйны статус рэсурснага цэнтра па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школа атрымала толькі ў мінулым навучальным годзе, аднак выхаваўчыя традыцыі ўстановы багатыя і назапашваліся не адно дзесяцігоддзе. Узяць, напрыклад, музей “Спадчына Беларусі”. Адкрыты ён у 2007 годзе, аднак збор экспанатаў, прадметаў побыту продкаў вядзецца настаўнікамі і вучнямі больш за 20 гадоў. Па словах кіраўніка музея настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Людмілы Рыгораўны Лычук, першапачаткова гэта быў невялікі куток, які з цягам часу перарос у паўнавартасны музей. Сёння ў ім захоўваецца больш за 100 экспанатаў, многія з якіх унікальныя. Напрыклад, маслабойка. Калі традыцыйна ў маслабойцы масла трэба таўчы, то з варыянтам маслабойкі, што захоўваецца ў 20-й школе, трэба абыходзіцца інакш: для ўзбіцця масла тут неабходна круціць ручку. Прынесла экспанат настаўніца школы ад сваіх родзічаў з Кобрынскага раёна.

— У музеі часта праходзяць сустрэчы з майстрамі, сярод якіх і тэхнічныя работнікі школы, бацькі, дзядулі, бабулі вучняў. Апошнім часам сталі папулярнымі экскурсіі “Гісторыя аднаго экспаната”. Такая форма аповеду дазваляе наведвальнікам больш грунтоўна ўспрымаць інфармацыю пра канкрэтны прадмет. Расказваем, дзе знайшлі экспанаты, як яны да нас трапілі, хто былі іх гаспадары, чым цікавыя гэтыя людзі. Мы і песні спяваем, і вершы расказваем пра экспанаты. Акрамя “Гісторыі аднаго экспаната”, праводзяцца экскурсіі “Паслухай, што гавораць ручнікі”, “Бабулін кут”, “Калі ласка, у нашу хату”. Ладзяцца і абрады “Багач”, “Заручыны”, “Вясковыя вячоркі ў Піліпаўку”, “Калядкі”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, — паведаміла Людміла Рыгораўна.

У школе, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава, выхаваўчым цэнтрам, безумоўна, з’яўляецца музей славутага генерал-лейтэнанта, доктара ваенных навук. Першапачаткова экспазіцыя размяшчалася ў вучылішчы № 26, аднак у выніку яго рэарганізацыі была перанесена ў 20-ю школу. Такое рашэнне ў свой час прынялі невыпадкова, паколькі яшчэ ў 70-я гады піянерская дружына школы насіла імя Д.М.Карбышава, да таго ж і сама школа знаходзіцца на вуліцы, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза. Экскурсіі ў музеі праводзяцца пад кіраўніцтвам настаўнікаў гісторыі Юрыя Уладзіміравіча Панасевіча і Аляксандра Мікалаевіча Філіповіча. Ладзяцца таксама ўрокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і ветэранамі працы, класныя гадзіны.

У снежні мінулага года 20-ю школу ў рамках Міжнароднага турніру па лёгкай атлетыцы памяці Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава наведаў старшыня міжрэгіянальнага дзіцячага ваенна-патрыятычнага грамадскага руху “Юныя карбышаўцы” генерал-маёр запасу Юрый Аляксандравіч Дзьякаў. Расійскі госць узнагародзіў ганаровым знакам грамадскага руху дырэктара школы І.Ф.Нікіфаравец, настаўніка гісторыі Ю.У.Панасевіча і экскурсавода вучаніцу 11 “А” класа Кацярыну Дзябёлую.

Актыўнае супрацоўніцтва ў рамках грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі наладжана паміж 20-й школай і Брэсцкай пагранічнай групай імя Ф.Э.Дзяржынскага. Пад кіраўніцтвам настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргея Мікалаевіча Дзмітрыева вучні старшых класаў наведваюць пагранічную групу, знаёмяцца з работай Цэнтра па падрыхтоўцы афіцэраў і прапаршчыкаў групы, ваеннай тэхнікай і зброяй.

— Яшчэ адным выхаваўчым цэнтрам нашай школы з’яўляецца музей “Горад-герой Масква”. Створаны ён невыпадкова. З 2007 года наша ўстанова актыўна супрацоўнічае з 384-й школай Масквы, у якой дзейнічае музей Брэсцкай крэпасці-героя. На базе музея “Горад-герой Масква” ўдзельнікі гуртка “Масквазнаўства” пад кіраўніцтвам Ірыны Васільеўны Балабушкі знаёмяцца з гісторыяй, знакамітымі ўраджэнцамі сталіцы Расіі. Кожны год маскоўскія госці наведваюць Брэст, нашы дзеці ў адказ штогод удзельнічаюць у фестывалі “Маскоўская вясна”, — паведаміла Ірына Фёдараўна.

Як паказвае багаты вопыт работы 20-й брэсцкай школы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, сумяшчэнне музея і вучэбнага кабінета з’яўляецца не толькі аптымальным рашэннем пры адсутнасці ў школе свабодных памяшканняў для экспазіцыі, але і дазваляе на ўроках далучаць дзяцей да чароўнага свету музейнай педагогікі, вучыць і адначасова выхоўваць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.