Урокі маці

- 10:44Адукацыйная прастора

Яркім і асабліва ўрачыстым стаў Дзень маці для цудоўных жанчын, якія атрымалі запрашэнне на святочны прыём у Віцебскі аблвыканкам, дзе 14 кастрычніка адбылося ўручэнне 31 жыхарцы рэгіёна ордэнаў Маці і абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка. Гераіні свята прымалі ўзнагароды, кветкі, віншаванні, падарункі ад кіраўніцтва вобласці і грамадскіх арганізацый. Як адзначыў памочнік прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, такая ўвага да маці невыпадковая, бо яны гадуюць і выхоўваюць будучыню краіны, дастойную змену, хто працягне нашы справы дзеля росквіту роднай дзяржавы.

Ірына Ярковіч з дзецьмі.

Пра кожную з прысутных у зале сем’яў можна расказаць асобную гісторыю, пранікнёную і вельмі асабістую. А разам яны сваім прыкладам усяляюць аптымізм, задаюць тон і настрой у грамадстве. У сям’і педагога-псіхолага Бачэйкаўскай сярэдняй школы Бешанковіцкага раёна Алены Алейнік чацвёра дзяцей: старэйшы сын — студэнт радыётэхнічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, другі — вучыцца ў 9 класе, дочкі — дашкольніцы. Агульны педагагічны стаж выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава перайшоў за 17 гадоў. Калегі адзначаюць, што прафесійны поспех Алены Мікалаеўны абумоўлены пастаянным творчым пошукам, укараненнем новых метадаў работы, а таксама яе ініцыятыўнасцю, таварыскасцю, ураўнаважанасцю, гнуткасцю мыслення, здольнасцю кантраляваць свае эмоцыі і браць на сябе адказнасць. Гэтыя якасці жанчына прывівае і дзецям. У сям’і Алейнік любяць разам гатаваць новыя стравы, наладжваць летам падарожжы на возера і сумесную рыбалку; маці захапляецца развядзеннем пакаёвых раслін.

У сям’і Магіленка з Дуброўна бацькі настаўнічаюць у сярэдняй школе № 2 райцэнтра. Валянціна Уладзіміраўна на працягу многіх гадоў кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў пачатковых класаў, вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. Дарослая дачка жыве ў Мінску, сыны-двайняты — адзінаццацікласнікі, актыўныя ўдзельнікі клуба юных ратавальнікаў, заўзятыя аматары валейбола, зімовага і летняга мнагаборства і прызёры Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Дарэчы, і навучэнцы пастаянна радуюць настаўніцу сваімі поспехамі. Сярод нядаўніх дасягненняў — перамога ў спаборніцтвах Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і 2-е месца ў Абласным конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў.

Ірына Ярковіч з мінулага года з’яўляецца прыёмнай маці аддзела па адукацыі Талачын­скага райвыканкама. Разам з мужам Ірына Мікалаеўна гадуе чацвярых дзяцей, а яшчэ ўзначальвае бацькоўскі камітэт у школе, арганізоўвае дзіцячыя святы ва ўстановах адукацыі. Ярковічы — пераможцы раённага конкурсу “Мнагадзетная сям’я года — 2019”.

У сям’і Святланы Фядосенка з Ушач усе вельмі любяць спорт. Маці — трэнер-выкладчык Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, бацька — трэнер па спорце Ушацкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, дзеці — прызёры раённых алімпіяд па фізічнай культуры, рускай і беларускай мовах. Старэйшы сын — прызёр Абласной спартакіяды па футболе, сярэдняя дачка — мінулагодні прызёр абласных спаборніцтваў па дзюдо. Дарэчы, яна яшчэ і вучыцца на інструментальным аддзяленні музычнай школы па класе баяна, у скла­дзе каманды раёна сёлета заняла 3-е месца ў конкурсным праекце “Беларуская гасціннасць” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Выхаванцы Святланы Мікалаеўны неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па дзюдо і самба.

Прыёмная мама аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Ганна Дарожкіна з мужам гадуе траіх дзяцей, двое родных сыноў маюць уласныя сем’і. Ганна Сямёнаўна актыўна ўдзельнічае ў рабоце раённага метадычнага аб’яднання прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, раённага клуба замяшчальных сем’яў “Сямейнае гняздзечка”.

Музычны кіраўнік ясляў-сада № 17 Наваполацка Алёна Фланчава — маці дваіх дзяцей. Баць­кі падаюць ім добры прыклад і ў сям’і, і ў рабоце: у мінулым годзе Алёна Васільеўна занесена на Дошку гонару аддзела па адукацыі гарвыканкама ў намінацыі “Майстар педагагічнай працы”, а яе муж — на Дошку гонару ААТ “Нафтан”. Старэйшы сын скончыў школу з залатым медалём, мае падзяку Наваполацкага гарад­скога Савета дэпутатаў за значны ўклад у развіццё маладзёжнага руху і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада. Малодшы сын з адзнакай скончыў 1 клас гімназіі з вывучэннем асноў праваслаўнай культуры. Алёна Фланчава ўваходзіць у аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю дзіцячай творчасці “Наваполацк — планета дзяцінства”, кіруе вакальна-эстраднай студыяй “Канфеці” Палаца культуры “Нафтана”, у вольны час прымае ўдзел у хоры ў храме ў гонар іконы Божай Маці. У сям’і прытрымліваюцца праваслаўных традыцый, у аснове якіх ля­жаць любоў, жаданне і ўменне ахвяраваць сваімі інтарэсамі ў імя інтарэсаў блізкага.

— Жанчына, якая дала жыццё, навучыла мудрасці, благаславіла на добрыя справы і пачынанні, заслугоўвае шчырага прызнання, любові і павагі. Вялікія дружныя сем’і, дзе растуць здаровыя дзеці, — аснова моцы дзяржавы. Менавіта бацькі, і ў першую чаргу маці, фарміруюць у дзіцяці паняцце аб праўдзе і справядлівасці. Падтрымліваючы мацярынства, мы разлічваем на павышэнне ролі і адказнасці бацькоў у выхаванні дзяцей, захаванні згоды і ўзаемаразумення ў сямейных адносінах, — звяртаючыся да жанчын, падкрэсліў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін. — У краіне склалася стабільная сістэма мер падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Радуе, што і на Віцебшчыне адбываюцца пазітыўныя змены ў пытаннях абароны правоў і аховы дзяцінства, зніжаецца ўзровень сацыяльнага сіроцтва, пастаянная ўвага ўдзяляецца ахове здароўя маці і дзіцяці. У Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку арганізаваны цэнтры рэпрадуктыўнага здароўя моладзі, якія аказваюць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу дзецям і падлеткам. Радзільныя дамы Віцебска, Наваполацка і Оршы функцыянуюць як перынатальныя цэнтры другога і трэцяга ўзроў­няў. Штогод каля 10 тысяч жанчын у вобласці знаходзяць шчасце быць маці, з іх у сярэднім у 100 нараджаюцца двайняты.

Абласная прэмія імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка штогод прысу­джаецца жанчынам за высокі маральны прыклад ва ўмацаванні сям’і і выхаванні дзяцей, усталяванне і падтрыманне гарманічных сямейных адно­сін. На цяперашні час узнагароды ўдастоены амаль 500 маці Віцебшчыны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.