Урокі на ўсё жыццё

За 42 гады педагагічнай дзейнасці Людміла Пятроўна Раманенка ні разу не пашкадавала, што стала настаўніцай, няхай і не гісторыі, як планавала спачатку, а рускай мовы і літаратуры. У гэтай прафесіі педагог не толькі знайшла і рэалізавала сябе, але і дасягнула высокага майстэрства.

— З трохгадовага ўзросту прыходзіла ў мясцовую школу і сядзела ў настаўніцы пачатковых класаў на ўсіх уроках, прычым абавязкова з кнігай, — успамінае Людміла Пятроўна. — Ужо тады неяк інтуітыўна адчувала, што школа — гэта маё. Заўсёды кажу вучням: “Самая лепшая прафесія — настаўнік”.

Пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта настаўніца працавала ў школах Жлобінскага і Ляхавіцкага раёнаў. Апошнія 25 гадоў Л.П.Раманенка працуе ў гімназіі Ляхавіч.

— Людміла Пятроўна — педагог-наватар, які творча падыходзіць да выкладання рускай мовы і літаратуры, фарміруе ў гімназістаў лінгвістычны светапогляд, камунікатыўныя і чытацкія ўменні і навыкі, культуру вуснага і пісьмовага маўлення, прычым з улікам узроставых асаблівасцей, жыццёвага вопыту і агульнага развіцця дзяцей, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ляхавіч С.В.Ермаковіч. — Педагог стварае сітуацыю поспеху для кожнага вучня. Асаблівую ўвагу ўдзяляе рэалізацыі творчых здольнасцей дзяцей і павышэнню іх цікавасці да прадмета. Умела скіроўвае вучняў да актыўнага пошуку. Настаўніца добра валодае тэорыяй і практыкай развіццёвага дыялогу, тэхналогіяй развіцця крытычнага мыслення і інтэрактыўнага навучання, выкарыстоўвае актыўныя формы і метады работы па выпрацоўцы навыкаў арфаграфічнай пільнасці. Нястомны пошук і бязмежная творчасць, шырокая эрудыцыя і назіральнасць, аналітычнае майстэрства і добразычлівая атмасфера на ўроках — з усяго гэтага складаецца эфектыўная вучэбная і творчая дзейнасць педагога і яе выхаванцаў. Людміле Пятроўне ўласцівы вялікая адказнасць перад вучнямі і мэтанакіраванасць, праўдзівасць і добрасумленнасць, павага да асобы дзіцяці і сапраўдная настаўніцкая інтэлігентнасць.

— Закончыўшы вышэйшую школу, настаўнік не павінен назаўсёды сыходзіць у сярэднюю, — лічыць Л.П.Раманенка. — Іншымі словамі, педагог абавязаны самаадукоўвацца на працягу ўсяго жыцця. А яшчэ быць носьбітам высокіх ідэалаў: любові, дабрыні, сумлення… Сучаснай школе неабходны крэатыўны настаўнік, які вучыць мысліць і паспяхова адаптавацца ў соцыуме. Менавіта таму імкнуся развіваць творчыя здольнасці вучняў на кожным уроку. Так, вельмі люблю сачыненні-мініяцюры, якія дзеці ствараюць за 5—7 хвілін і дзе паказваюць уласнае (філасофскае) бачанне пэўнай тэмы і праблемы. Сярод прапанаваных тэм — “Хто я?”, “Часам мне здаецца…”, “Перада мною чысты аркуш паперы”, “Калі я бачу бяздомнага сабаку…” і інш. Часта паказваю вучням цікавыя фотаздымкі і рэпрадукцыі карцін, на аснове якіх і ствараюцца сачыненні-мініяцюры, прычым даволі часта ў вершаванай форме. Акрамя таго, прапаноўваю дзецям прадоўжыць пачаты тэкст. Для гэтага бяру газетныя і часопісныя матэрыялы, асабліва з рубрык кшталту “Людскія лёсы”. Такі від работы надзвычай падабаецца вучням і добра развівае іх фантазію. Вельмі любяць дзеці ствараць таўтаграмы. Дзейсным сродкам павышэння матывацыі да чытання з’яўляюцца рэкламныя прэзентацыі прачытаных мастацкіх твораў. Гэта вельмі дапамагае ў падрыхтоўцы да вуснага выказвання на алімпіядзе.

Шмат увагі Людміла Пятроўна ўдзяляе рабоце з высокаматываванымі вучнямі. Выхаванцы педагога паказваюць высокія вынікі ў алімпіядным руху і навукова-практычных канферэнцыях, паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне.

На працягу 20 гадоў Л.П.Раманенка ўзначальвае тэатральную студыю “Вобраз”, удзельнікі якой паставілі 20 спектакляў. На рахунку юных акцёраў — шмат узнагарод, атрыманых па выніках творчых конкурсаў.

Доўгі час Людміла Пятроўна ўзначальвала раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, а таксама гімназічнае ВМА настаўнікаў руска-беларускай філалогіі. Сёння вопытны педагог з’яўляецца членам гімназічнага метадычнага савета і абласной творчай групы, часта праводзіць адкрытыя ўрокі, майстар-класы і семінары для настаўнікаў раёна па актуальных праблемах, ахвотна дзеліцца напрацоўкамі з калегамі, у тым ліку на старонках “Настаўніцкай газеты” і “Народнай асветы”.

Шматгадовая плённая дзейнасць педагога адзначана ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, абласнога ўпраўлення адукацыі і галіновага міністэрства, прэміяй спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Па выніках 2014 года выдатнік адукацыі Беларусі Л.П.Раманенка была занесена на раённую Дошку гонару.

— Важнымі якасцямі добрага педагога лічу прызванне, творчасць, эрудыцыю, самаразвіццё і любоў да ўсіх дзяцей, — гаворыць Людміла Пятроўна. — Школа — гэта лесвіца духоўнага станаўлення чалавека. Калі праводзіць урокі здзіўлення, захаплення, разумення, пакаяння, мужнасці, абавязку, самаахвяравання і цярпення, тады ўрокі стануць без званкоў і будуць урокамі на ўсё жыццё.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.