Урокі ўзаемадзеяння

- 11:27Адукацыйная прастора

У 7 класе яна, раззлаваная, выходзіла з кабінета англійскай мовы са словамі: “Мне гэта ніколі ў жыцці не спатрэбіцца!” Гэтую фразу Надзея Сяргееўна Курулёва памятае і праз гады, магчыма, таму, што здарылася адваротнае — без выкладання англійскай мовы яна сябе ўжо даўно не ўяўляе. 10 гадоў Надзея Сяргееўна паспяхова працуе настаўніцай англійскай мовы, 5 з іх у гімназіі № 29 Мінска. Педагог праводзіць семінары і майстар-класы для настаўнікаў нашай краіны і блізкага замежжа, на працягу 5 гадоў прымае ўдзел у Мінскім маладзёжным фестывалі педагагічных ідэй і рашэнняў, узнагароджана дыпломам I ступені за перамогу ў гарадскім конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2014”.

“Я вырасла ў педагагічнай сям’і, яшчэ ў дзяцінстве любіла гуляць “у школу”, “вучыла” сяброў і правярала іх сшыткі. Пасля прачнулася любоў да замежных песень, якія хацелася разумець, потым дабавіліся кнігі ў арыгінале і жаданне даказаць, што магу ведаць мову. Я сказала сабе: калі стану педагогам, зраблю ўсё магчымае, каб на маіх уроках было весела і камфортна, каб клімат быў спрыяльным для творчасці, дзеці не былі скаванымі. Пасля 9 класа я паступіла ў Лінгвагуманітарны каледж МДЛУ, а потым — у МДЛУ”, — распавядае Надзея Сяргееўна.

Урок — пляцоўка для інтэрактыву

“Найпершая мэта настаўніка замежнай мовы — зрабіць так, каб дзіця не баялася загаварыць”, — пераканана настаўніца. Каб дасягнуць пастаўленай мэты, Надзея Сяргееўна актыўна прымяняе на сваіх уроках інтэрактыўныя прыёмы навучання. У гэтым навучальным годзе педагог абагульніла назапашаны па тэме вопыт і атрымала за работу “Інтэрактыўныя прыёмы навучання на ўроках англійскай мовы як сродак фарміравання вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі навучэнцаў” прэмію Мінгарвыканкама. Н.С.Курулёва сістэматызавала прыёмы, разбіла іх па кампанентах урока (мэтавы, матывацыйны, змястоўны, працэсуальны, кантрольна-ацэначны і карэкцыйны), вызначыла, для чаго можна ўжываць той ці іншы прыём. Частка з іх — аўтарскія.

“Цяжка заставацца філосафам, размаўляючы са сцяной. Мае ўрокі — бесперапынны працэс камунікацыі, узаемадзеяння, — расказвае настаўніца. — У інтэрактыўным навучанні галоўнай з’яўляецца вучэбна-пазнавальная актыўнасць дзяцей. Яна не можа быць сфарміравана ў вучняў сама па сабе — настаўнік павінен над гэтым працаваць. Дзякуючы ўключэнню гэтых прыёмаў, мы прыходзім да выніку”.

Надзея Сяргееўна пераканана, што толькі адпрацаванае і абдуманае прымяненне прыёмаў у спалучэнні з грунтоўным веданнем тэмы забяспечвае планамернае развіццё адукацыйнай сітуацыі. Інтэрактыўныя прыёмы развіваюць усе тыпы мыслення навучэнцаў (аналітычнае, наглядна-вобразнае, крытычнае) за кошт актыўнага іх уключэння ў працэс не толькі атрымання, але і выкарыстання ведаў, паляпшаюць разуменне, засваенне і творчае прымяненне ведаў, фарміруюць уменне вучыцца самастойна, даюць эмацыянальны штуршок да пошукавай актыўнасці навучэнцаў.

Бінга пад музыку

“Магу пачаць урок з таго, што даю вучню нейкую рэч і прашу, каб ён даказаў мне, што яна карысная, і прадаў мне яе. Умова: прадмет павінен быць нестандартным, напрыклад, выкарыстаны пакецік гарбаты, пара розных шкарпэтак, парашут, — працягвае настаўніца. — Яшчэ адзін з інтэрактыўных прыёмаў, які можна прымяняць на матывацыйным этапе ўрока, — “Я не бачу”. Ён накіраваны на прапрацоўку такіх тэм, як кірунак (direction) і загадны лад (Imperative mood). Аднаго з вучняў на некаторы час выводзім з класа, завязваем вочы. Затым мяняем размяшчэнне мэблі ў класе. Дзе-небудзь пакідаем невялікі прыз (цукерку, манету). Вучань павінен дабрацца да прыза з завязанымі вачыма, не дакранаючыся да прадметаў у класе. Але не самастойна, а дзякуючы камандам і падказкам аднакласнікаў. У яго ёсць тры жыцці, гэта значыць, ён можа дакрануцца да мэблі тры разы. Акрамя трэніроўкі моўнага кампанента, дадзенае заданне фарміруе давер паміж аднакласнікамі”, — тлумачыць настаўніца.

Інтэрактыўны прыём, які накіраваны на актывізацыю моўна-разумовай дзейнасці вучняў, развівае іх маўленчую рэакцыю, трэніруе ўжыванне лексікі ў сітуацыях, набліжаных да натуральнай абстаноўкі, — “Гаворачае кола” (Speaking Wheel). “На працягу 5 хвілін вучні чытаюць невялікія ўрыўкі тэксту, запамінаюць іх змест. Пасля дзеці размяшчаюцца ў класе так, каб стварыць два колы — унутранае і вонкавае, і пачынаюць расказваць адно аднаму прачытаную інфармацыю. Унутранае кола — гэта вучні, якія сядзяць нерухома, вонкавае — вучні, якія мяняюцца праз кожныя 30 секунд. Такім чынам яны паспяваюць прагаварыць за некалькі хвілін усю вядомую ім інфармацыю”, — тлумачыць прыём настаўніца.

Цікава, што парная і групавая работа вучняў часта суправаджаецца ненадакучлівым музычным фонам, што, па назіраннях настаўніцы, робіць атмасферу на ўроку нязмушанай і разняволенай.

Для трэніроўкі запамінання лексічных адзінак Надзея Сяргееўна прапаноўвае згуляць у Bingo. Выглядае гэты інтэрактыўны прыём так: адзін навучэнец выходзіць да дошкі, каб паразважаць на прапанаваную сітуацыю, у гэты час астатнія навучэнцы павінны ўпісаць у табліцу 6 або 9 слоў, якія, на іх думку, выступоўца будзе выкарыстоўваць у сваёй прамове. Хто першы выкрасліць усе словы ў сваёй табліцы, выкрыквае: “Bingo”.

“Граматыка і лексіка не могуць існаваць і вывучацца асобна, як гэта было раней. Па новых методыках нават гукавыя нормы ў фанетыцы стараюцца асобна не выносіць, не трэніраваць, — гаворыць настаўніца, — таму лексічныя адзінкі, граматычныя нормы, фанетыку мы вывучаем у сістэме і праз кантэкст”.

Артыстычны рэгуліроўшчык

Заўсёды відаць, калі настаўнік прымушае сябе працаваць, а калі атрымлівае ад самога працэсу велізарнае задавальненне, выходзіць са школы з думкамі, чым бы здзівіць вучняў на наступным уроку.

“Дзеці падрыхтаваны да любога выкліку з майго боку, часам я сама не ведаю, чаго ад сябе чакаць. Іншы раз прыходжу на ўрок і пытаю: “Хто жадае сёння быць артыстам размоўнага жанру?” Выбіраем спікера і азадачваем яго: кожныя 10 секунд “накідваем” яму новыя словы, а ён павінен змясціць іх у адзін лагічны гумарыстычны маналог”.

Вучні Надзеі Сяргееўны ведаюць: пакуль адзін выступае, астатнія не толькі складаюць пытанні па тэме выступоўцы, але і запісваюць памылкі. Таму калі выступае адзін, для іншых гэта такая ж канцэнтраваная праца. Для іх гэта яшчэ і магчымасць павысіць уласную адзнаку, задаўшы добрае дадатковае пытанне.

“Ніколі не выпраўляю чалавека, які адказвае, — працягвае педагог. — У мяне ёсць некалькі сігнальных картак на самыя распраўсюджаныя памылкі. Напрыклад, “s” на чырвоным фоне азначае, што дапушчана памылка ў трэцяй асобе множнага ліку (He like — he likes). Чую, што дапусціў памылку — моўчкі ўзніму картку, і вучань ужо механічна выпраўляецца, не перабіваючы маўленчы працэс. Аднак карткамі не злоўжываю, каб не нагадваць дзецям рэгуліроўшчыка, які толькі і робіць, што сігналізуе аб нечым”.

“Выжыванне” па ролях

“Спецыфіка вывучэння замежнай мовы ў тым, што мы не можам акунуцца ў моўнае асяроддзе, а павінны ствараць яго самастойна, таму на сваіх уроках я шырока выкарыстоўваю ролевыя гульні, якія дапамагаюць любы тэкст са школьнага падручніка пераўтварыць у незабыўнае відовішча, — гаворыць Надзея Сяргееўна. — Удзельнікі атрымліваюць заданне на картках (на дошцы, аркушах паперы і г.д.), размяркоўваюць ролі, раяцца, як лепш абыграць сітуацыю. Часам і я не застаюся за кадрам. Назапашваем лексіку па тэме “Ежа” — пераапранаюся ў афіцыянта і “прымаю заказы”. Дзяцей тым часам размяшчаю ў класе парамі. Мы ствараем імправізаванае кафэ. Кожнай пары даю сваю ролю, напрыклад: вы муж і жонка, прыйшлі паабедаць; вы сяброўкі, чакаеце вечарынкі; у цябе алергія на клубніцы, а ты раз’юшаны, бо ўбачыў у супе валасіну, і г.д. Або, чытаючы ў падручніку тэкст пра Аўстралію, можам “адправіцца” на бязлюднае ўзбярэжжа гэтага мацерыка і выжываць там. Такія гульні і імправізацыі дапамагаюць пазбавіць вучняў скаванасці і трывожнасці. Школьнікі імправізуюць, вядуць дыялог, па-майстэрску вырашаючы прапанаваныя сітуацыі”.

* * *

“Формула ўдалага ўрока простая, — падагульняе Надзея Сяргееўна. — Калі дзеці на працягу заняткаў застаюцца вясёлымі, зацікаўленымі і актыўнымі, а напрыканцы нязмушана гавораць па-англійску — гэта ўжо педагагічны поспех”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.