Усе дамоўленасці будуць выконвацца

- 14:28Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

“Усё, пра што мы дамовімся, будзе выконвацца. Хачу запэўніць, што мы свята будзем выконваць нашы дамоўленасці”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Зяленскаму ад імя ўсёй беларускай дэлегацыі, адзначыўшы, што ў Жытомір увогуле прыехалі амаль паўтысячы чалавек. “На блізкую нам, можна сказаць, родную зямлю. І вы вельмі тонка прыкмецілі, правільна, што ў нас, нягледзячы на тую граніцу, якую нас і прымусілі выбудаваць, паміж людзьмі няма ніякіх граніц, кардонаў. Мы сапраўды разумеем адно аднаго. Хоць і размаўляем на розных мовах, яны блізкія і зразумелыя нашым людзям”, — сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія будуць пісаць пра тое, што адбылося знаёмства двух прэзідэнтаў. “Нічога падобнага. Мы з вамі знаёмы вельмі даўно. Праўда, завочна. Сёння мы сустракаемся тут сам-насам для таго, каб яшчэ раз зверыць гадзіннікі, прайсціся па парадку дня нашых адносін і дамовіцца”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Нам гісторыя прадаставіла такі шанс: дамовіўшыся, выканаць на карысць нашых народаў”, — дадаў Аляксандр
Лукашэнка.

Ён адзначыў, што для Беларусі ёсць не толькі прагматычная аснова ўзаемадзеяння з украінскай дзяржавай і народам Украіны. “Гэтая глыбокая вялікая ідэалогія заснавана на гісторыі, якую мы з вамі перажылі. Ды і цяпер нам няпроста. Усе праблемы, якія ёсць у нас і ў вас, мы перажываем разам. Хачу вас запэўніць: вы ніколі не мелі праблем з тэрыторыі Беларусі і з Беларуссю і вы ніколі не будзеце іх мець. Мы заўсёды бу­дзем самымі добрымі і надзейнымі вашымі прыхільнікамі, партнёрамі. І калі новая ўлада Украіны захоча мець з намі братэрскія, цесныя адносіны, за намі затрымкі не будзе”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

На перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Украіны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ствараць сумесныя прадпрыемствы.

“Гэта не толькі просты гандаль (у супрацоўніцтве паміж краінамі. — Заўвага БелТА.). Мы прынялі рашэнне фактычна. Між­урадавая камісія, якая збярэцца ў Кіеве (мы таксама дамовіліся пра гэта), прыме канкрэтныя рашэнні па стварэнні сумесных прадпрыемстваў. У вас ва Украіне, а ўжо 9 вялікіх (беларускіх. — Заўвага БелТА.) кампаній працуюць тут, і ў нас у Беларусі”, — сказаў прэзідэнт.

Ён прывёў прыклад, і гэтае пытанне было абмеркавана на перагаворах з Уладзімірам Зяленскім: “Гэта не таму, што бразгаем зброяй. Мы вельмі шмат цяпер працуем над развіццём галіны ракетабудавання ў Беларусі. У нас не было такой вытворчасці, а ў вас яна ёсць. Мы вельмі зацікаўлены, каб вы нам у гэтым дапамаглі”.

“Калі вы дапаможаце, мы свой праект рэалізуем, ужо сумесны, за паўтара-два гады. Калі не, то 4—5 гадоў. І грошай менш трэба будзе”, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок у сваю чаргу гатовы інвесціраваць і ствараць сумесныя прадпрыемствы ва Украіне па грамадзянскім напрамку — аўтамабілі, трактары, аўтатэхніка вялікай грузападымальнасці, іншая тэхніка. “Мы гатовы аж да ўваходжання ў капітал гэтых прадпрыемстваў. Гэта значыць, мы абмеркавалі шэраг вельмі важных пытанняў”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі абмеркавалі таксама супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы і пастаўках нафты.

“Мы не ўтойваем. Мы і нафтапрадукты абмеркавалі, і перапрацоўку нафты, альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты, і агульныя рынкі, і заводы, і капіталы, і акцыянерныя… і электраэнергію пасля ўводу атамнай станцыі. Не буду гаварыць па цане. Ужо дамовіліся, як і дзе можам прадаваць. Вельмі шмат пытанняў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго ёсць адзіная прось­ба: “Калі дамовіліся, давайце зробім. Калі не трэба, не хочам — мы павінны сумленна сказаць, як родныя людзі: гэта пакуль нецікава або нельга, гэта рабіць не будзем. Але калі вырашылі дно паглыбіць на Прыпяці і Дняпры, давайце паглыбім”.

Аднаўленне суднаходства па Дняпры і развіццё партовай гаспадаркі ў тым ліку абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў. “Гэта нам будзе выгадна”, — упэўнены Прэзідэнт Беларусі. Ён успомніў момант, калі ў час нядаўняй уборачнай кампаніі Украіна папрасіла паставіць больш дызпаліва і бензіну. “Аказалася, вагонаў няма. Бочкі гэтыя збіралі з усяго свету, каб паставіць сюды. А была б дарога па Дняпры, Прыпяці — у нас наогул не было б праблем. І ў адваротным напрамку”, — заявіў прэзідэнт.

Ён дадаў, што абмеркаваны ўсе пытанні, якія былі на паверхні, аж да сферы СМІ, культуры, у тым ліку магчымасці сумеснага здымання кінастужкі. “Сваты” хацелі зняць. Хваля пачалася — “Сваты” не знялі. Ну, беларускія “Сваты” здымем. Мы гатовы прадаставіць усе ўмовы. Яны ў нас выдатныя. У вас вопыт каласальны — тое, чаго ў нас няма. Давайце разам ствараць гэтыя фільмы, каб нашы народы бачылі, што мы родныя, нікуды не разбегліся і бегчы не збіраемся”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Граніца Беларусі з Украінай не павінна быць перашкодай для перамяшчэння людзей, адзначыў у час перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Я прэзідэнту (Украіны. — Заўвага БелТА.) паабяцаў, што тут не будзе ніякіх праблем”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Уладзімір Аляксандравіч правільна паставіў пытанне па граніцы. Я як адчуў, што, магчыма, нават з папрокам. Не павінна быць беларуска-ўкраінская граніца перашкодай для перамяшчэння людзей. Я пакляўся, што гэтага не будзе. Мы ніколі не стрымлівалі і стрымліваць не будзем нашых украінцаў і беларусаў пры перамяшчэнні”, — заявіў беларускі лідар.

Ён прывёў прыклад, што граніца Беларусі адкрыта для жыхароў сумежных тэрыторый, якія прывыклі збіраць у Беларусі грыбы і ягады.

“Ужо не хачу гаварыць (аскоміну нагнала) пра “пагрозы” з боку Беларусі, Украіны… Мы, дарэчы, на гэтую тэму практычна не размаўлялі. Гэта я ўжо сказаў: “Вы не хвалюйцеся, мы будзем прытрымлівацца гэтай палітыкі”. Помніце, што там — на поўначы (у Беларусі. — Заўвага БелТА.) народ іншы нібыта, але гэта ваш народ. Гэта вашы людзі. Я да ўкраінцаў так стаўлюся — гэта нашы людзі тут”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў станоўчую ацэнку праведзеным перагаворам у вузкім складзе з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

“У нас толькі што была цудоўная размова. Мне вельмі прыемна асабіста з вамі пазнаёміцца. Гутарка была і цёплай, і чалавечай. Я гэта цаню больш за ўсё. Але гаварылі і пра адносіны паміж нашымі краінамі”, — сказаў Прэзідэнт Украіны. Ён выказаў упэўненасць, што гэтыя адносіны ў далейшым будуць толькі паляпшацца. Уладзімір Зяленскі падзякаваў за ролю Беларусі ў пытанні ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, за прадастаўленне перагаворнай пляцоўкі ў Мінску.

Па матэрыялах БелТА.