Ніколі не рана рыхтаваць дзяцей да свядомага выбару будучай прафесіі. Чаму не з пачатковай школы? Гэтую задачу можна вырашыць рознымі спосабамі: праз гульні, экскурсіі на прадпрыемствы, разнастайныя прэзентацыі. Аднак найбольшы эфект даюць сустрэчы з прадстаўнікамі розных спецыяльнасцяў. Гэта і пастараліся ажыццявіць настаўнікі Масалянскага ясляў-сада — пачатковай школы падчас тыдня “Прафарыентацыя для навучэнцаў пачатковых класаў”.
Кожны дзень тыдня быў прысвечаны адной або дзвюм прафесіям, пра якія расказвалі спецыяльна запрошаныя госці.
У першы дзень была арганізавана сустрэча з загадчыцай Масалянскага ФАПа Н.М.Івашкевіч. Наталля Мікалаеўна расказала пра сваю прафесію, радасці і цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца медработнікам. Адказала на разнастайныя пытанні навучэнцаў: “Кім марылі стаць у дзяцінстве?”, “Якімі інструментамі карыстаецеся?”, “Самы цікавы пацыент?”, “Ці часта звяртаецеся да дактароў?”.
На другі дзень прафарыентацыйнага тыдня быў запрошаны святар Іаан Патапчык, настаяцель храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў аграгарадку Масаляны. Айцец Іаан расказаў пра сваё святарскае служэнне, як стаў святаром, пра Мінскую духоўную семінарыю ў Жыровічах. Дзеці ўважліва слухалі і задавалі пытанні. А калі святар пачаў паказваць прадметы, якія выкарыстоўвае ў сваім служэнні, то ўсе з цікавасцю разглядалі і пыталіся, для чаго што трэба. Сваю займальную гутарку айцец Іаан скончыў словамі: “Няважна, кім ты станеш, галоўнае — быць добрым чалавекам!”.
Асноўная задача прафарыентацыйнай работы ў пачатковых класах — пашырэнне дасведчанасці дзіцяці аб прафесіях у працэсе зносін з дарослым. Зыходзячы з гэтага, трэці дзень прафарыентацыйнага тыдня быў прысвечаны прафесіі міліцыянера. Для размовы завітаў начальнік ІСН Бераставіцкага раёна І.А.Жыцкі. Ігар Аляксеевіч расказаў пра спецыфіку сваёй работы, адзначыў, якую адказнасць нясе кожны міліцыянер, падзяліўся цікавымі выпадкамі, якія адбыліся на яго службе, а таксама нагадаў навучэнцам аб адказнасці за правапарушэнні, якія здзяйсняюцца непаўналетнімі. Ігар Аляксеевіч пажадаў дзецям быць законапаслухмянымі і не трапляць у непрыемнасці.
Запрасілі мы і эканаміста сельскагаспадарчага прадпрыемства “Масаляны” Н.В.Жураўскую. Наталля Валер’еўна расказала навучэнцам, што эканаміст працуе ў галіне даследавання, планавання і кіраўніцтва гаспадарчай дзейнасцю. Прафесія эканаміста складаная, але вельмі цікавая і можа спатрэбіцца нават у хатняй гаспадарцы. Пагутарыць з навучэнцамі аб прафесіі будаўніка прыйшоў загадчык гаспадаркі нашай школы Васіль Уладзіміравіч Шамак, які да нядаўняга часу працаваў па спецыяльнасці “Будаўнік”.
Заключны дзень прафарыентацыйнага тыдня таксама выдаўся насычаны. Паразважаць пра свае прафесіі прыйшлі кухар нашай установы Лізавета Валер’еўна Буйко і настаўніца пачатковых класаў Вераніка Аляксандраўна Грышакова.
Лізавета Валер’еўна паказала свой спецкасцюм кухара, расказала, дзе вучацца гэтай спецыяльнасці, якімі якасцямі павінен валодаць кухар, якую страву ёй падабаецца рыхтаваць больш за ўсё. Навучэнка 4 класа Ганна Масько ў канцы сустрэчы сказала: “Хачу ў будучыні стаць кухарам. Я вельмі люблю дапамагаць маме, калі яна гатуе для нашай сям’і. А асабліва мне падабаецца ўпрыгожваць торцікі і пірагі. Мне здаецца, я буду выдатным кухарам”.
Сустрэча з настаўнікам пачатковых класаў была самая чаканая. Пытанняў да Веранікі Аляксандраўны было вельмі шмат. Усе хацелі даведацца: ці цяжка быць настаўнікам, чаму яна выбрала гэтую прафесію, кім марыла стаць у дзяцінстве, якія прадметы трэба добра вучыць у школе, каб стаць настаўнікам і г. д. Вераніка Аляксандраўна з задавальненнем адказала на ўсе пытанні і расказала пра цікавыя выпадкі ў рабоце настаўніка.
Прафарыентацыйны тыдзень атрымаўся карысны і цікавы. Навучэнцы змаглі бліжэй пазнаёміцца з рознымі прафесіямі, а ў будучыні, магчыма, гэта дапаможа зрабіць ім правільны выбар.
Святлана ПАТАПЧЫК,
настаўніца англійскай мовы
Масалянскага ясляў-сада — пачатковай школы Бераставіцкага раёна.