"Усіхная" мама маленькіх прынцаў і прынцэс

“Дзіцячы садок у маім разуменні — гэта вялікая сям’я для дзяцей, педагогаў і бацькоў. Прыходзячы да нас раніцай, дзіця нібы пераходзіць з адной сям’і ў другую — і гэты пераход павінен быць незаўважным, — лічыць загадчык прыватнай дашкольнай установы “Маленькі прынц” Ала Канстанцінаўна Кіклевіч. — Дзіцячы сад сапраўды стаў для мяне другім домам, а калектыў і дзеці — сям’ёй. Я для ўсіх і загадчык, і выхавальнік, і псіхолаг, калі трэба — сталяр і цясляр, а для дзяцей — сябра, дарадца і… мама”.

 

— Ала Канстанцінаўна, з чаго пачыналася гісторыя “Маленькага прынца”? Як увогуле вы трапілі ў прыватную адукацыю?

А.К. Кіклевіч з выхаванцамі— З дашкольнай педагогікай звязала свой лёс выпадкова. Закончыла геаграфічны факультэт БДУ, выйшла замуж і разам з мужам-ваеннаслужачым і маленькай дачкой паехала на Чукотку. У часці аказалася адзінай жанчынай-педагогам, а дзяцей у гарнізоне было шмат, і камандзір прапанаваў мне адкрыць дзіцячы сад на базе трохпакаёвай кватэры, якую выдзеліла камандаванне. Так у свае 24 гады стала загадваць прыватнай дашкольнай установай сярод тундры. Праз некаторы час мужа перавялі служыць у Венгрыю, і мне зноў прапанавалі арганізаваць групу развіцця для дзяцей 5-6 гадоў, якая размясцілася ў памяшканні афіцэрскага клуба. Калі вярнулася на радзіму ў горад Чэрвень, працавала настаўніцай, завучам, прымала ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік года”, дзе заняла 2-е месца. Аднойчы мне патэлефанавалі з Мінска (званок быў ад заснавальніка прыватнага дзіцячага сада і пачатковай школы) і прапанавалі ўладкавацца ў гэтую ўстанову настаўніцай. Гэта было ў 2000 годзе. Тады я нават не мела ўяўлення аб тым, што такое прыватная адукацыя. Але пайшла на рызыку і пераехала ў Мінск. Спачатку ўсё было добра, аднак хутка пачуццё задавальнення прайшло. Я ніколі раней не сутыкалася з матэрыяльна забяспечанымі бацькамі — а ў той час яны былі вельмі патрабавальнымі, капрызнымі, ганарыстымі. Не ведала нават, як размаўляць з імі. На радзіме адчувала сябе сапраўдным педагогам, паважаным чалавекам, а тут разгубілася. Праз два гады заснавальнік закрыў школу, застаўся толькі дзіцячы сад. У поўным адчаі пачала шукаць новую работу. Выпадкова ўбачыла рэкламу па тэлебачанні аб тым, што прыватная лінгвістычная гімназія “МОКА” аб’яўляе набор навучэнцаў. Вырашыла патэлефанаваць. Заснавальнік гімназіі Вольга Васільеўна Мокіна запрасіла мяне на размову і ў выніку сказала: “Вы мне спадабаліся, і я вас вазьму да сябе”. Праз тыдзень я была ўжо завучам пачатковых класаў у гімназіі, а яшчэ праз паўгода — дырэктарам. Гэта быў цудоўны час, я набывала каштоўны вопыт, мне давалі магчымасць ствараць, побач былі прафесіяналы і аднадумцы. Менавіта тут я зразумела бацькоў, якія прыводзяць дзяцей у прыватную навучальную ўстанову, бо паглядзела на гэтую справу па-іншаму. Адзначыла для сябе, што ў прыватным бізнесе самае важнае — уменне працаваць у камандзе. Але праз некаторы час з гімназіяй усё ж развіталася, таму што мне прапанавалі ўзначаліць прыватны садок. З таго моманту і пачалася гісторыя “Маленькага прынца”. мне быў дадзены шанс увасобіць мару аб уласнай навучальнай установе. Як узнікла назва для яе? Выпадкова спытала ў чужога чалавека: “У сад з якой назвай вы аддалі б сваё дзіця ў “Маленькі прынц” або ў “Дзіцячую акадэмію”? Ён адказаў: “Толькі ў “Маленькі прынц”! Разам з назвай з’явілася і канцэпцыя “Маленькага прынца”: вучыць дзяцей марыць, фантазіраваць, сябраваць, выхоўваць у іх цікаўнасць, добразычлівасць. Усе дзеці ў чымсьці “маленькія прынцы”. Яны прыгожыя, добрыя, спасцігаюць свет, пастаянна імкнуцца да новага, вучацца любіць і сябраваць, быць міласэрнымі.

— Скажыце, чаму вы, калі б узнікла такая неабходнасць, павялі свайго малыша менавіта ў ваш дзіцячы сад?
— Кожную раніцу я размаўляю з бацькамі нашых малышоў, пераконваю іх у тым, што з іх дзіцем усё будзе добра, каб яны не хваляваліся і спакойна ішлі на работу. Вечарам падрабязна расказваю: як сёння спала дзіця, як ела, што спадабалася яму на тых ці іншых занятках, як паводзіла сябе. На працягу дня я размаўляю па тэлефоне з бацькамі, якія жадаюць даведацца, чым зараз займаецца іх малыш, які ў яго настрой. Бацькі, для якіх важныя такія “дробязі”, ужо адчулі, што такое асабістая зацікаўленасць педагогаў у добрым выніку, у тым, каб дзіцяці было камфортна, каб яно не хварэла. Бацькі нашых малышоў не задаюць пытанні кшталту: чым жа вы лепшыя, чым дзяржаўныя дзіцячыя сады? За што мы плацім грошы? Плата, дарэчы, у нас сярэдняя па Беларусі.
Мне не хацелася б ацэньваць дзяржаўную сістэму дашкольнай адукацыі, там працуе шмат прафесіяналаў (некаторыя выхавальнікі прыйшлі ў наш сад з дзяржаўных устаноў), але нельга не адзначыць, што гэтая сістэма мае некаторыя абмежаванні, якія пакуль не можа пераадолець. Адно з іх, напрыклад, у тым, што ў групе працуе толькі адзін выхавальнік, якога ў другой палове дня змяняе другі, пры тым, што садаўскія групы, асабліва ў гарадах, часта перапоўненыя. У дзяржаўных садах усталяваны даволі жорсткія графік і рэжым работы. Прыватныя ўстановы (і гэта вялікі плюс) могуць дазволіць сабе значна большую свабоду.
Дзяцей да нас, у асноўным, прывозяць а палове дзясятай. Спачатку ім трэба паесці, паабдымацца з выхавальнікам, расказаць усе свае навіны. Магчыма, у кагосьці з малышоў з раніцы зусім не рабочы настрой — і ён уключаецца ў заняткі пасля таго, як нешта пабудуе, намалюе, за нечым паназірае. Хтосьці яшчэ не прачнуўся, і яму неабходна падысці да выхавальніка і крышку падрамаць у яго на руках.
Харчаванне ў садзе пяціразовае. Меню складае дыетсястра. На прадукты выдаткоўваем шмат грошай, на гэтым не эканомім. Ніколі, напрыклад, не купляем катлетнае мяса, абавязкова бяром выразку. Кожны дзень у нас у рацыёне — садавіна, па просьбе бацькоў даём дзецям тварожныя сыркі з чаем, ёгурты. Улічваем усе пажаданні бацькоў: калі неабходна — разбавім сок; прыгатуем той суп, які любіць дзіця; камусьці не падабаецца рыба — прыгатуем для яго мяса.
Нашы бацькі могуць быць упэўнены, што іх дзіцяці ў садзе не дазволяць плакаць. Нават калі малышу не хочацца ісці ў групу і ён нечым засмучаны, я разам з выхавальнікамі прыкладу ўсе намаганні, каб дзіця супакоілася. Мы не вядзём дзіця на прагулку, калі яму нездаровіцца. Гэты час малыш правядзе з карысцю, з ім будзе займацца хтосьці з педагогаў, напрыклад, арганізуе індывідуальныя заняткі лагапед.
На працягу дня за кожным дзіцем у старшай групе нястомна назіраюць як мінімум два педагогі. У малодшай групе працуюць адначасова тры выхавальнікі і памочнік выхавальніка. На занятках малышы дзеляцца на падгрупы ў залежнасці ад узросту: у малодшай групе — дзве падгрупы ад 3 да 3,5 года і ад 3,5 да 4 гадоў. Калі ў садзе праходзяць заняткі па харэаграфіі, музыцы, маляванні і іншыя, то ў пакоі разам з педагогам, які іх праводзіць, абавязкова знаходзіцца выхавальнік групы. Яго задача — дапамагаць дзецям, напрыклад, на маляванні падтрымаць пэндзлік, завастрыць аловак, штосьці падказаць. Вечарам з дзецьмі застаюцца два педагогі — адзін займаецца з групай, а другі праводзіць індывідуальную работу. Я таксама, пакуль апошняе дзіця не забяруць з сада, знаходжуся на сваім працоўным месцы: або выконваю адміністратыўныя абавязкі, або дапамагаю іншым спецыялістам — не таму, што яны не спраўляюцца, а таму, што я павінна ўмець рабіць усё, быць у курсе ўсіх спраў ва ўстанове. Ведаць, якую казку чытаў сёння Пеця, з кім гуляла Аня, якія поспехі прадэманстраваў Ваня. Мне падабаецца адчуваць сябе педагогам, люблю сама займацца з дзецьмі, мы з імі чытаем буквар, пішам, вывучаем лік. Імкнуся падцягнуць веды тых, хто доўга адсутнічаў, каму цяжка даецца вучоба.

— Як мяняюцца з часам патрабаванні бацькоў да адукацыі і выхавання дзяцей?
— У нас не бывае неадэкватных, ганарыстых бацькоў, якія сустракаліся яшчэ 10—15 гадоў назад. Сённяшнія бацькі патрабавальныя, але разумныя і кемлівыя. У асноўным гэта бізнесмены, банкаўскія работнікі, урачы, супрацоўнікі міліцыі. Матывы, па якіх яны выбіраюць наш сад, самыя розныя. Прыводзяць і так званых “нясадаўскіх дзяцей”, якія не змаглі адаптавацца да ўмоў іншых дашкольных устаноў. Прыводзяць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія часта і доўга хварэюць, якім патрэбен амаль што дамашні догляд і пастаянныя медыцынскія працэдуры. Наша медсястра штодзень клапоціцца аб іх здароўі. У кагосьці з дзяцей моцная алергія, і бацькі ведаюць, што ў нашым садзе зробяць усё, каб не справакаваць алергічную рэакцыю.
Бацькам важна стварыць не толькі камфорт для сваіх дзяцей, але і даць ім дастойную адукацыю. У вырашэнні гэтага пытання арыентуемся на запыты бацькоў, стараемся задаволіць іх у поўнай меры. Акрамя спецыяльна арганізаванай дзейнасці для дзяцей, праводзяцца заняткі па матэматыцы з элементамі праграмы “Школа-2100”, заняткі па падрыхтоўцы рукі да пісьма “Чароўныя пальчыкі” (у старшай групе — пісьмо), выкладаецца курс англійскай мовы. Лагапед праводзіць у самых маленькіх заняткі па развіцці маўлення, а ў старшай групе — па навучанні грамаце. Дзеці вывучаюць гукі, дзяленне слоў на склады, пабудову сказа, скланенне, змяненні пры множным і адзіночным ліку. Працуюць розныя гурткі. Я, напрыклад, выкладаю аплікацыю і курс дзіцячай філасофіі (у старшай групе) і ўрокі дабрыні (у малышоў). Нядаўна мы вывучалі тэму “Розныя людзі”, абмяркоўвалі, як трэба ставіцца да людзей іншай расы, да пажылых людзей і г.д. Кожны месяц дзеці наведваюць тэатр, музеі, выставы. Усе адукацыйныя паслугі, якія прадастаўляюцца дзецям, усе мерапрыемствы, якія арганізуе сад, аплачваюцца не асобна, плата за іх уваходзіць у штомесячную бацькоўскую плату.
Каб даказаць, што мы сапраўды добра працуем, кожны красавік праводзім серыю адкрытых заняткаў — “панараму ведаў”. Што важна адлюстраваць на гэтых занятках? Не толькі правільнае і дакладнае выкананне заданняў дзецьмі — у малодшым дашкольным узросце гэта не так важна — галоўнае, каб яны бачылі выхавальніка, уважліва слухалі задачу, якую ён ставіць перад імі, аналізавалі яго патрабаванні і кантралявалі свае дзеянні. Важны менавіта псіхалагічны момант — “чуць, разумець і адэкватна ацэньваць пастаўленую задачу”. Усяго гэтага можна дасягнуць праз цікавую гульню. Калі мы справімся з гэтай задачай на этапе 3-4 гадоў, то будзем адчуваць асалоду ад работы з дзецьмі старэйшага ўзросту, паколькі яны зразумелі, што заняткі ім неабходны, і без усялякага прымусу займаюцца самастойна. Нашы выпускнікі, як правіла, паспяховыя ў школах і гімназіях, але не толькі таму, што іх навучылі лічыць, чытаць і пісаць, а таму, што яны ўмеюць слухаць і разумець, што ад іх патрабуе настаўнік. Нашы выпускнікі ўпэўнены ў сабе, бо ведаюць аб сваіх талентах, сад дапамог ім праявіцца — хтосьці выдатна малюе (яго работы прымалі ўдзел у выставах), хтосьці добра танцуе і спявае. Выпускныя святы ў нашай установе зацягваюцца аж на 2-2,5 гадзіны, бо кожнаму выхаванцу трэба прадэманстраваць творчыя здольнасці, парадаваць бацькоў і педагогаў.

— Як вы падбіраеце супрацоўнікаў для “Маленькага прынца”?
— У нашым дзіцячым садзе працуюць людзі, якія любяць дзяцей і ўспрымаюць іх, як сваіх. Аднойчы бацькі назвалі мяне “ўсіхнай” мамай “Маленькага прынца”, вось і стараюся апраўдваць гэтае званне, старанна працую ў нашай вялікай сям’і штодзённа з 9-00 і да 19-00. На работу прымаю сапраўдных прафесіяналаў. Важна, каб работнікі былі знешне прывабнымі, каб у іх была неабходная адукацыя і яны заўважалі ўсе нюансы паводзін дзяцей, разумелі іх настрой, ненадакучліва дапамагалі. Я не вазьму на работу студэнта, які прыходзіць на 3-4 гадзіны. У нас няма недахопаў у памочніках выхавальніка, таму што за тыя грошы, якія плацяць бацькі, можна запрасіць лепшых. Для нас галоўнае — непасрэдная работа з дзецьмі, мы не збіраем вялікіх педагагічных нарад, бо проста няма калі. Калі ж раптам паўстае нейкае важнае пытанне, якое патрабуе калектыўнага абмеркавання, або камусьці трэба падзяліцца з калегамі цікавай педагагічнай знаходкай, прадэманстраваць новы вучэбны дапаможнік, гульнёвае абсталяванне і г.д., то збіраемся па групах і размаўляем, калі ў дзяцей ціхая гадзіна.
Канфлікт бацькоў з выхавальнікамі ў нашай установе ўвогуле не можа ўзнікнуць, таму што выхавальнікі з бацькамі мала размаўляюць. На ўсе пытанні адказваю я. Лічу, што гэты падыход апраўданы, бо бацькі могуць адцягнуць увагу выхавальніка, хто ж будзе глядзець за бяспекай дзяцей і займацца з імі? Я амаль ніколі не звальняла выхавальнікаў па прычыне непрафесіяналізму, але даводзілася развітвацца з імі з-за непажаданых якасцей характару. Што можа не задавальняць? Перш за ўсё — адносіны да дзяцей: абыякавасць, элементарнае неразуменне малышоў. Усе супрацоўнікі “Маленькага прынца” прывабліваюць сваімі высокімі маральнымі якасцямі і адданасцю рабоце.

— Аб чым марыць сёння “ўсіхная” мама маленькіх прынцаў і прынцэс?
— Мы з калегамі не толькі марым, але і пачынаем ажыццяўляць задуманае. Мне вельмі падабаюцца сады з вывучэннем дзвюх і больш моў. Такія працуюць, напрыклад, у Амерыцы. І ў мяне з’явілася ідэя — адкрыць падобны ў Беларусі. Бацькі падтрымалі. І ў верасні мы адкрываем другі дзіцячы сад у Цнянцы на базе прыгожага трохпавярховага катэджа з вялікімі пакоямі. Гэта першы ў Беларусі лінгвістычны сад “Little прынц”, у якім будуць працаваць англамоўныя выкладчыкі, і праводзіцца так званыя Englishdays — калі і дзеці, і педагогі, і бацькі размаўляюць па-англійску.

Надзея ЦЕРАХАВА.

terekhova@ng-press.by
Фота аўтара.