Услед за Коласам

За лесам — лес, за тым лесам — балота, за балотам — возера, а за возерам — рачулка, за ёй — зноў лес, сярод якога — вёска. У той вёсцы — палешукі, якія не толькі ўмеюць працаваць, але і добра адпачываць. А яшчэ яны вывучаюць багатае мінулае роднага краю і дзеляцца гэтым мінулым з жыхарамі іншых вёсак, іншых раёнаў, іншых краін. Цэнтрам гэтага маляўнічага куточка з бясконцымі лясамі і балотамі, глыбокімі азёрамі, звілістымі рачулкамі, утульнымі вёскамі і працавітымі людзьмі з’яўляюцца Ганцавічы.

Сярод лесу і балот

Калі праязджаеш на дызель-цягніку “Баранавічы — Лунінец” праз той самы лес, за якім лес, праз тое самае балота, за якім возера, а потым рачулка і зноў лес, то міжволі ўзгадваеш Коласавы радкі: “А лесу і балот тут быў непачаты край. Сама вёска стаяла на невялічкай палянцы сярод лесу і хмызнякоў… Край палянкі прарэзваўся чыгункай. Дарога ішла каля самай вёскі, захопліваючы нават адзін канец вуліцы. Зараз жа за пераездам пачынаўся лес”. Трылогія “На ростанях”, аповесць “У палескай глушы”, пачатак мінулага стагоддзя. У 2017 годзе тут таксама дастаткова і лесу, і балот, а вёска Люсіна (літаратурнае Цельшына), пра якую сёння нагадвае прыпыначны пункт “Якуба Коласа”, па-ранейшаму размешчана сярод лесу і хмызнякоў.
Глуш Палесся — так назваў гэты куточак малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч, калі 115 гадоў назад пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі прыехаў працаваць у Люсінскае народнае вучылішча. Глуш Палесся — так скажа наш сучаснік, калі, праязджаючы на дызель-цягніку праз ганцавіцкія балоты і лясы, дастане смартфон і паспрабуе патэлефанаваць. Амаль цэнтр Беларусі, ХХІ стагоддзе, у кожным доме, якія пад размераны грукат колаў мільгаюць за акном, ёсць інтэрнэт, а вось мабільная сувязь працуе з перабоямі. Палессе яно такое: сучаснае і ў той жа час недаступнае, адкрытае і адначасова таямнічае, загадкавае. Паспрабуем раскрыць некаторыя таямніцы гэтага маляўнічага куточка і адправімся ўслед за Коласам.

Напамін пра песняра

Тым, хто ўпершыню прыехаў у Люсіна, варта спачатку наведаць месца, дзе знаходзілася народнае вучылішча. Хоць сам будынак не захаваўся, пазнаць тое месца вельмі лёгка. Там створаны невялікі музейна-мемарыяльны комплекс. Пафарбаваныя бярвенні складзены на зямлі ў форме зруба, акурат па перыметры сцен былой установы адукацыі. У цэнтры знаходзіцца валун з шыльдай, якая сведчыць, што “на гэтым месцы знаходзілася школа, у якой з 1902 па 1904 год працаваў настаўнікам народны паэт Беларусі Якуб Колас”. Непадалёк маладзенькія дрэўцы. Гледзячы на іх, узгадваеш радкі трылогіі, у якіх расказваецца, як Лабановіч хадзіў са сваімі вучнямі ў лес выкопваць дрэўцы, каб потым пасадзіць іх каля школы. Гэты эпізод не выдуманы. Захаваўся ліст, напісаны Канстанцінам Міцкевічам люсінцам, у якім пісьменнік цікавіцца станам дрэў, якія ён саджаў разам з вучнямі.

“Цельшынская школа стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягаў да сябе ўвагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражанне”. Высокі драўляны крыж на перакрыжаванні дзвюх вуліц, каля таго самага месца, дзе знаходзілася вучылішча, і цяпер узвышаецца-красуецца, прыцягвае ўвагу вяскоўцаў і гасцей Люсіна. Калі ад гэтага перакрыжавання кіравацца па прасторнай, роўнай, шырокай вуліцы імя Якуба Коласа, а потым уздоўж магазіна “Ядвіся”, то абавязкова прыйдзеш у Люсінскі дзіцячы сад — сярэднюю школу імя Якуба Коласа. Як бачым, напамін пра Коласа ў вёсцы літаральна на кожным кроку. А ў будынку школы — тым больш. На ўваходзе — памятная шыльда, у кабінетах і калідорах — партрэты песняра. Самым галоўным напамінам пра Коласа, скарбніцай каштоўных матэрыялаў пра гады яго працы ў Люсіне з’яўляецца літаратурна-этнаграфічны музей — сапраўдная візітоўка школы, цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання, своеасаблівы штаб школьнай краязнаўчай работы.

Візітоўка школы

“Габрыня зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі прыгожа абрысаванымі брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне”. Такой убачыў Лабановіч Ядвісю. А цяпер паглядзіце на фотаздымак экскурсавода люсінскага музея вучаніцы 11 класа Алены Курылік. Перад вамі ў народным адзенні стройная чарнявая дзяўчына, гадоў шаснаццаці, з тонкімі, прыгожа абрысаванымі брывамі і цёмнымі акруглымі вачамі… Коласава Ядвіся — гэта не толькі канкрэтны, але, напэўна, і абагульнены вобраз усіх люсінскіх дзяўчат. Але вернемся да экспанатаў…

Як паведаміла Алена, музей быў адкрыты ў 1982 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. За 35-гадовую гісторыю музея яго наведалі тысячы людзей. Акрамя беларусаў, тут пабывалі госці з многіх краін свету. Вялікі музейны пакой падзелены на дзве палавіны. У адной расказваецца пра этнаграфічныя асаблівасці вёскі. Тут знаходзяцца кросны, вышываныя ручнікі, розныя гаспадарчыя прылады. Другая прысвечана жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка, перыяду працы ў Люсіне. Асабліва цікава паглядзець на фотаздымкі вучняў Коласа, пачытаць іх успаміны пра настаўніка. Сярод экспанатаў — фотаздымкі Канстанціна Міхайлавіча, кнігі з выданнем яго твораў, асабістыя рэчы (брытва і партаманет), макет Люсінскага народнага вучылішча. А яшчэ захоўваюцца ксеракопіі этнаграфічных запісаў, апісанні вёскі і яе ваколіц, а таксама жыхароў, зробленыя маладым настаўнікам у пачатку мінулага стагоддзя.

Край легенд

Коласа ніколі не пакідала цікавасць да вуснай народнай творчасці, таму і падчас працы ў Люсіне ён запісваў пачутыя ад вяскоўцаў казкі, легенды і паданні. Найбольш вядомая легенда, з якой можна сустрэцца ў трылогіі “На ростанях”, пра Яшукову гару. На старонках трылогіі нам яе распавядае дзядзька Раман, калі вязе Лабановіча на станцыю. “Быў тут калісь маёнтак, і гэты лес, і балоты гэтыя належалі да яго. А ў маёнтку жылі паны… Апошні з іх роду і быў пан Яшук, ды такі ўжо вырадак і гвалтаўнік, што і свет не бачыў такога… Людзі цярпелі… Але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека… Так і прапаў на адным паляванні. Скончылася паляванне, збор трубіць пачалі, пазбіраліся паны, а пана Яшука няма і няма… І толькі на трэці дзень знайшлі пана. Вісеў пан Яшук паміж дзвюх тоўстых асін… Тут і пахавалі яго і курган над ім насыпалі”.

Гэтая легенда не можа пакінуць абыякавым. Пабываць у Люсіне — гэта значыць наведаць месца, дзе раней знаходзілася народнае вучылішча, прайсціся па вуліцы Якуба Коласа, купіць у спякотны дзень бутэлечку вады ў магазіне “Ядвіся” або “На ростанях”, азнаёміцца з экспазіцыяй школьнага музея, а яшчэ прагуляцца па лясных ваколіцах у пошуках Яшуковай гары. Тыя далёкія, здзейсненыя 12 гадоў назад падчас маёй першай камандзіроўкі ў Люсіна, пошукі легендарнай гары і цяпер узгадваюцца да дробязей. Добра памятаю, як запэўнівалі мясцовыя жыхары, што знаходзіцца гара ўсяго “кілометры за два ў лесе”. Арыенцірам павінны быць дубы, якія растуць там цэлай чарадой.

“Што ж, наперад! Два кіламетры — гэта нямнога. Спраўлюся за гадзінку”, — з такімі думкамі адправіўся на пошукі гары. Аднак гадзіна плаўна перацякла ў яшчэ адну гадзіну, а потым і яшчэ адну. Хто вырашыць знайсці Яшукову гару, ведайце: для мясцовых жыхароў “кілометры два” — гэта на самай справе прыкладна чатыры, прычым у адзін бок. У лесе каля Люсіна расце вельмі багата дубоў, ды і мясцовасць узгоркавая. Улічваючы, што з часоў Коласа прайшло цэлае стагоддзе, вам як немясцоваму чалавеку любы пагорак можа падацца Яшуковай гарой, таму ў праваднікі абавязкова вазьміце каго-небудзь з люсінскіх настаўнікаў. Па дарозе вам і легенды з паданнямі раскажуць, і блукаць не давядзецца.

Яшчэ адна адметнасць гэтых мясцін — Дубаўское возера, на беразе якога, як гавораць мясцовыя жыхары, Канстанцін Міцкевіч любіў адпачываць, пісаў свае творы і нават таемна сустракаўся з Ядвігай, дачкой люсінскага падлоўчага Ігната Баранцэвіча, той самай, якая стала прататыпам Ядвісі з трылогіі “На ростанях”. “У Дубаўскім возеры колер вады цёмны, што залежыць ад глыбіні возера і характару дна”, — пісаў у сваіх краязнаўчых нататках малады настаўнік. Такі ж цёмны, як колер вачэй яго каханай Ядвігі. Хочаце пераканацца ў гэтым — наведайце возера Дубаўское. Лепш за ўсё зрабіце гэта летам. Па дарозе, якая будзе пралягаць праз лес, вы абавязкова назбіраеце яшчэ слоік чарніц і нават кошык лісічак. “Яму па душы было гэта адзіноцтва, гэты лес і дарога, па якой ён цяпер ішоў. Яму проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі, на старасвецкія дубы па краях палянкі”.

Душой і сэрцам

“Работа ў школе наладзілася. Малады настаўнік укладаў у яе сваю душу і сэрца. У сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіраліся знання, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і трудным”. Так характарызаваў маладога настаўніка Колас. Гэтыя словы будуць справядлівымі і ў дачыненні да настаўніка інфарматыкі, былога дырэктара Люсінскай сярэдняй школы, апантанага краязнаўцы, які ведае пра Люсіна ўсё і нават больш, Аляксандра Іванавіча Заньку. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч адыграў у жыцці настаўніка асаблівую ролю. Яшчэ ў школьныя гады Аляксандр Іванавіч разам са сваімі сябрамі ўдзельнічаў у зборы экспанатаў для школьнага музея, а потым, калі вучыўся ў 10 класе (а быў гэта 1982 год), яму выпаў гонар быць вядучым на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды адкрыцця ў люсінскай школе музея.

— Гэта было надзвычай урачыстае мерапрыемства. Актавая зала была перапоўнена. Адных толькі вучняў у той час займалася больш за 500. Прыехалі госці з розных куточкаў Саюза. Дырэктарам школы тады быў Станіслаў Іосіфавіч Жаркоў. Менавіта па яго ініцыятыве пры непасрэдным удзеле настаўніцкага і вучнёўскага калектыву быў створаны музей, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.

Калі ў 1982 годзе выпускнік Люсінскай сярэдняй школы паехаў паступаць на матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, то за дзень да экзамену ён наведаў магілу Якуба Коласа. Іспыт быў паспяхова здадзены. Супадзенне, містыка, Коласава блаславенне? Як бы там ні было, Колас з’яўляецца знакавай фігурай у жыцці Аляксандра Іванавіча. Яшчэ ў падлеткавым узросце ён пачаў ствараць у стылі “Новай зямлі” паэму пра роднае Люсіна. Актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і выконваў ролю Лабановіча. Потым акцёрскую эстафету перадаў свайму сыну. Сёння Аляксандр Іванавіч з’яўляецца нязменным рэжысёрам, сцэнарыстам школьных тэатральных пастановак (многія створаны на аснове Коласавай “У палескай глушы”), вядучым творчых мерапрыемстваў, напаўняе каштоўнай інфармацыяй школьны сайт, на якім асобны раздзел прысвечаны тэме “Колас і Люсіна”.

“Настаўнік укладвае ў сваю работу душу і сэрца, чэрпае ў ёй поўную чашу высокага задавальнення”, — думаю, калі б гэта было магчыма, то прыкладна так напісаў бы Якуб Колас пра нашага героя.

Слаўнае імя

У 135-ю гадавіну нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі Ганцавіцкага раёна грунтуецца вакол імён нашых славутых песняроў і ў першую чаргу Якуба Коласа. Як паведаміла метадыст Ганцавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Адамаўна Мурашка, на базе музея Люсінскай сярэдняй школы праведзены фінал раённага свята “Мастацкае слова”, у рамках якога школьнікі рознага ўзросту чыталі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама творы ўраджэнцаў Ганцавіцкага раёна. 21 красавіка быў праведзены раённы этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У маі пройдзе “Тэатральны прыстанак”, дзе будуць інсцэніраваны творы Купалы і Коласа. У чэрвені запланаваны экскурсіі ў Вязынку і ў Мікалаеўшчыну.

— Найбольш маштабнае свята пройдзе ў лістападзе на базе люсінскай школы. У сувязі з тым, што ў далёкім 1902 годзе Якуб Колас пачаў сваю настаўніцкую дзейнасць у Люсіне, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры праводзяць літаратурныя віктарыны, звязаныя з гэтай часткай жыццёвай і творчай біяграфіі песняра. Праводзяцца літаратурныя дыктанты, пераказы, адбыўся раённы конкурс сачыненняў па творчасці Якуба Коласа, на летніх канікулах нас чакае конкурс дзіцячых малюнкаў, — паведаміла Валянціна Адамаўна.

Маршрут памяці

Ганцавіцкі раён — гэта не толькі Люсіна. Край славіцца і сваёй маляўнічай прыродай, і знакамітымі ўраджэнцамі, і багатым ваенным мінулым. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ганцавіч Наталлі Віктараўны Анішчанка быў распрацаваны маршрут памяці, які на Х Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, што праходзіла нядаўна ў гімназіі № 174 Мінска, паспяхова прадставіла вучаніца 9 “Б” класа Настасся Вайцешык. Праект атрымаў дыплом ІІІ ступені. Аб’ектамі даследавання сталі месцы пахаванняў воінаў і мірных грамадзян на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Маршрут пачынаецца ля брацкай магілы на плошчы раённага цэнтра. Тут пахавана 99 партызан брыгад імя Панамарэнкі, Леніна і Сталіна, а таксама 88 воінаў 19-га механізаванага корпуса 1-га Беларускага фронту, якія ў ліпені 1944 года наступалі ў напрамку Ганцавіч.

— Некаторыя імёны былі невядомыя, аднак мы ўстанавілі імя аднаго з пахаваных у брацкай магіле. Гэта Герц Язэпавіч Шапацінскі. Ён загінуў 5 студзеня 1944 года каля вёскі Чудзін, выконваючы баявое заданне. Інфармацыю ўдалося аднавіць дзякуючы сваякам, якія пераехалі жыць у Ізраіль. А вось гэты памятны знак сваім сілуэтам нагадвае праваслаўны храм. Мы займаемся добраўпарадкаваннем помніка. Тут пахаваны астанкі 150 чалавек — 150 невядомых імён. Дзякуючы пошукавай рабоце гімназістаў і супрацоўнікаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея былі ўстаноўлены імёны шасці расстраляных партызан і падпольшчыкаў. У 2016 годзе адбыўся ўрачысты мітынг, на якім была адкрыта мемарыяльная пліта з імёнамі ўстаноўленых герояў, — паведаміла вучаніца, паказваючы фотаздымкі аб’ектаў, праз якія пралягае маршрут. А гэта і магіла савецкіх работнікаў на старых яўрэйскіх могілках, помнік землякам на вуліцы Чыгуначнай у Ганцавічах, памятны знак па завулку Чэхава, далей — 7-ы кіламетр аўтадарогі Ганцавічы — Хатынічы (месца масавага знішчэння), брацкая магіла ва ўрочышчы “Ляпеха” і Курган Славы ва ўрочышчы Горкі.

— Распрацаваны маршрут мае для нас вялікае значэнне. Па-першае, мы ўстанавілі некаторыя імёны невядомых партызан, знайшлі інфармацыю аб працоўным яўрэйскім лагеры. Па-другое, нам удалося стварыць медыятэку з відэазапісамі аповедаў відавочцаў ваенных падзей. Па-трэцяе, мы распрацавалі маршрут і арганізавалі экскурсіі для вучняў гімназіі. У нас таксама распрацаваны інфармацыйныя буклеты для экскурсантаў. Такім чынам, сабраны краязнаўчы матэрыял з’яўляецца каштоўнай крыніцай ведаў. І галоўны ўрок, які мы вынеслі, заключаецца ў тым, што вайна была не толькі бядой, але і сапраўдным выпрабаваннем для чалавека, — адзначыла кіраўнік праекта Наталля Віктараўна Анішчанка.

Таямнічае Палессе

“Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся… і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі… гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу”. Калі будзеце збірацца ў Ганцавіцкі раён, абавязкова вазьміце з сабой Коласаву “У палескай глушы”. Чытайце ў дарозе, параўноўвайце, і вы пераканаецеся, што Палессе пачатку ХХІ стагоддзя ўсё такое ж загадкавае і таямнічае, як і Палессе пачатку мінулага стагоддзя.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *