Усмешкі, спорт, здароўе

- 10:29Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Учора пляцоўка сталічнага мнагапрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” ператварылася ў своеасаблівую плошчу маладосці, радасці, спорту і здароўя. 14 верасня тут прайшло ўрачыстае адкрыццё ўжо традыцыйнага, шостага па ліку, рэспубліканскага фестывалю “Тыдзень спорту і здароўя”.

Не сакрэт, што без спорту немагчыма здароўе нацыі, таму дзяржава стварае ўсе ўмовы для развіцця фізічнай культуры. Беларусь па праве лічыцца спартыўнай краінай. Спорт аб’ядноўвае нашых суайчыннікаў і ў першую чаргу моладзь, таму рэспубліканская акцыя “Тыдзень спорту і здароўя” стала традыцыйнай. Спорт — гэта рух, здароўе, сіла. Спорт — гэта жыццё, перамогі, гонар. Мы заўсёды ганарымся яркімі перамогамі нашых суайчыннікаў на чэмпіянатах Еўропы, свету і асабліва на Алімпійскіх гульнях. Нездарма сярод ганаровых гасцей урачыстасцей былі прызёры Алімпійскіх гульняў розных гадоў: алімпійскі чэмпіён 1960 года ў Рыме Сяргей Лаўрэнцьевіч Макаранка, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Манрэалі 1976 года Уладзімір Уладзіміравіч Камінскі, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Вадзім Мікалаевіч Стральцоў.

— Кожны чалавек разумее, што яго здароўе — гэта яго багацце. У нашай краіне папулярызацыя здаровага ладу жыцця ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. У нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб людзі, асабліва моладзь, маглі займацца фізкультурай і спортам. І задача ўсіх устаноў адукацыі — так выхаваць маладое пакаленне, каб заняткі спортам і фізкультурай сталі для яго прадстаўнікоў неад’емнай часткай жыцця. Чалавек павінен быць гарманічна развітым, валодаць не толькі ведамі, але і цудоўным здароўем, — звярнуўся з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасцей міністр адукацыі старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.

Сапраўды, важна, каб у пачатку навучальнага года дзеці не толькі селі за вучэбныя парты, але і прыйшлі на заняткі ў спартыўныя гурткі і секцыі, што дзейнічаюць па месцах вучобы ў агульнаадукацыйных установах, ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таму адна з галоўных задач акцыі — далучэнне навучэнцаў да заняткаў у гуртках, групах, секцыях па пэўных відах спорту, факультатывах спартыўнай накіраванасці. Навучэнцам і студэнтам дапамаглі вызначыцца са спартыўным шляхам паказальныя выступленні па фрыстайле і чырлідынгу, майстар-класы па гульнявых відах спорту, фехтаванні, грэка-рымскай барацьбе. Прайшлі міні-турніры па стрытболе, стрытваркаўце, спаборніцтвы сярод малодшых школьнікаў па праграме “Дзіцячая лёгкая атлетыка”. Ярка, актыўна адбылася прэзентацыя фізкультурна-спартыўных цэнтраў дзяцей і моладзі Мінска.

“Будзем займацца спортам — будзе здароўе!” — адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Сяргеевіч Дубкоўскі. “Жадаю, каб у новым навучальным годзе алімпійскі дэвіз “Хутчэй! Вышэй! Мацней!” спадарожнічаў вам”, — далучыўся да віншаванняў віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь генеральны дырэктар мнагапрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” Мікалай Канстанцінавіч Ананьеў.

Каб хутчэй бегаць, вышэй скакаць, быць мацнейшымі, трэба займацца спортам, удзяляць свайму здароўю належную ўвагу. Спорт — гэта рух, здароўе, сіла. Спорт — гэта жыццё, перамогі, гонар. Пераканайцеся ў гэтым, далучайцеся да Тыдня спорту і здароўя, да жыцця са спортам і здароўем.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.