Устанаўліваем правілы разам з вучнямі

- 13:56Адукацыйная прастора

Дзмітрый Міхайлавіч Века пяты год працуе настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ў Сыродскай базавай школе Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Ва ўстанове, куды яго ў свой час размеркавалі, малады педагог адчуў сябе на сваім месцы.

У сферы інтарэсаў маладога чалавека заўсёды былі матэматыка і інфарматыка. Узнікла жаданне менавіта з гэтымі прадметамі звязаць свой лёс, аднак былі розныя думкі і сумненні наконт таго, якую прафесію выбраць. Канчаткова прыняць рашэнне, у правільнасці якога малады педагог сёння ўпэўнены на ўсе сто, дапамог класны кіраўнік.

— Я паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна на спецыяльнасць “Матэматыка. Інфарматыка”, — расказвае Дзмітрый Міхайлавіч. — Час вучобы запомніўся як самы яркі і насычаны перыяд майго жыцця. Падчас педагагічнай практыкі выкладаў інфарматыку ў сярэдняй школе № 15 Мазыра. З сямікласнікамі, у якіх вёў урокі, хутка ўдалося знайсці агульную мову. Мне было цікава, хоць, прызнацца, я моцна хваляваўся.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2016 годзе Д.М.Века быў размеркаваны ў Сыродскую базавую школу роднага Калінкавіцкага раёна. Быў рады вярнуцца на сваю малую радзіму. Вёска, у якой жывуць бацькі, знаходзіцца ўсяго за дзевяць кіламетраў. Так што некалькі гадоў малады настаўнік ездзіў на работу з суседняй вёскі, зараз жа — з Калінкавіч. У райцэнтр пераехаў пасля таго, як стварыў сям’ю. Месца жыхарства змянілася, але адлегласць да работы засталася такой жа, як і раней. Штодня Дзмітрый Міхайлавіч ужо па звычным маршруце едзе на машыне ў школу, якая стала для яго роднай. Думак наконт таго, каб змяніць месца працы, у маладога настаўніка няма. А вось пастаянна рухацца і расці прафесійна яму важна.

Першы час маладому настаўніку складаным здавалася абсалютна ўсё: падрыхтоўка і правядзенне ўрокаў, праверка сшыткаў, запаўненне журнала, афармленне справаздач, зносіны з калегамі і бацькамі… Літаральна ва ўсім не хапала адчування ўпэўненасці ў сабе, і быў страх зрабіць нешта не так.

— І ўсё ж баяцца не варта. Усё гэта праходзіць, калі з галавой пагружаешся ў работу, бачыш свае першыя, няхай і невялікія поспехі, — дзеліцца вопытам Д.М.Века. — Да таго ж я не адчуваў сябе сам-насам са сваімі праблемамі, з першага дня мне аказвалі падтрымку вопытныя калегі. На мой пог­ляд, ва ўніверсітэце больш вучылі прадметам, а не таму, як іх выкладаць. Тонкасці настаўніцкай працы спасцігаеш, калі трапляеш у школу. Аказваецца, усё не так проста, да кожнага класа і дзіцяці трэба знайсці свой ключык. Урокі не могуць быць аднолькавымі і прадказальнымі. Настаўніку варта хутка рэагаваць на тое, як дзеці ўспрымаюць новую інфармацыю.

Першай мэтай, якую паставіў перад сабой Дзмітрый Міхайлавіч, сталі добразычлівыя, пазітыўныя адносіны з вучнямі. Яму важна было стаць для іх старэйшым сябрам, якога не баяцца, а паважаюць і якому давяраюць. Магчыма дзякуючы такой устаноўцы, даволі хутка з дзецьмі і іх бацькамі ўдалося знайсці агульную мову.

Малады педагог вызначыў для сябе: самае лепшае — разам з вучнямі вызначаць агульныя правілы: што можна і нельга рабіць на ўроку. Яго вопыт паказаў, што менавіта правілы, якія прымаюцца разам, дзеці выконваюць з большай ахвотай, чым навязаныя “зверху”. Важна ўстанавіць паміж вучнямі і настаўнікам правільную дыстанцыю. Дзмітрый Міхайлавіч задаволены тым, якая атмасфера ў выніку такога падыходу пануе ў класах, дзе ён выкладае. Бацькоў вучняў ён з самага пачатку стараецца зрабіць сваімі саюзнікамі, каб разам ісці да важных мэт: вучобы і выхавання дзіцяці.

У выкладанні малады настаўнік робіць стаўку на павышэнне матывацыі вучняў да вывучэння яго прадметаў. Заўважыў, што заўсёды паспяхова праходзяць урокі, на якіх прымяняюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Таксама добра выручае тэхналогія праблемнага навучання.

— Стараюся арганізоўваць работу так, каб на маіх уроках нікому не было сумна, — тлумачыць Д.М.Века. — Дзеці ведаюць, што, напрыклад, на матэматыцы я не проста раскажу ім новае правіла і пакажу алгарытм рашэння. Я абавязкова рыхтую нешта цікавае. Магчыма, гэта нейкі інтэрактыў, заданні на камп’ютары пры дапамозе дадатку LerningApps, прэзентацыя ці нешта яшчэ.

Маладому педагогу ўжо неаднаразова даводзілася даваць адкрытыя ўрокі. Першы падобны вопыт выклікаў шмат хваляванняў. Калі адпрацаваў паўгода, яго адкрыты ўрок наведвалі маладыя спецыялісты з Калінкавіцкага раёна. Таксама прыйшлі дырэктар, яго намеснік, калегі са школы. Тады вельмі хацелася паказаць усім, што ён на сваім месцы, не выпадковы чалавек у прафесіі. Нягледзячы на хваляванне, першы блін не выйшаў камяком. Удалося даць добры акрыты ўрок. Пазней настаўнік павышаў катэгорыю і прывык да гасцей на ўроках. Інакш немагчыма расці, вопытныя педагогі заўсёды падкажуць моцныя і слабыя бакі, дадуць каштоўныя парады. Дзмітрый Міхайлавіч заўсёды загадзя настройвае дзяцей на тое, што на ўроку будуць госці. Яму важна, каб навучэнцы не перажывалі, не адчувалі напружання, а былі спакойнымі і паводзілі сябе як звычайна. Для гэтага тлумачыць: наведвальнікі прыйшлі, каб праверыць прафесійны ўзровень педагога, а не вучняў.

Першыя вынікі такіх адказных адносін да работы ўжо ёсць. У пазамінулым навучальным годзе вучаніца Дзмітрыя Міхайлавіча, васьмікласніца Валерыя Сямёнава, атрымала дыплом ІІІ ступені на раённай прадметнай алімпіядзе па матэматыцы. Настаўнік збіраецца і далей зацікаўліваць вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху.

Дзмітрый Міхайлавіч імкнецца стаць сучасным педагогам, які разумее вучняў, добра ведае, чым яны зараз цікавяцца, і выкарыстоўвае гэта на карысць вучобе. Аднак ён намагаецца не толькі перадаць сваім вучням веды, але і абавязкова дапамагчы ім стаць добрымі, неабыякавымі людзьмі.

Таццяна ШЫМКО.