Усё рабіць толькі на выдатна

- 10:37Людзі адукацыі

Любоў Сцяпанаўна Клепчукова — чалавек, з якім хочацца гаварыць і пра якога хочацца гаварыць. Шчырая, добразычлівая, жыццярадасная і разам з тым выдатны кіраўнік з непарушным аўтарытэтам, сапраўднымі лідарскімі і арганізатарскімі здольнасцямі. Дзіву даешся, як у адной жанчыне з такой лёгкасцю спалучаюцца ўсе гэтыя якасці.

За шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Л.С.Клепчукова ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Здаецца, што жыццёвае крэда Любові Сцяпанаўны заключаецца ў тым, каб рабіць усё на выдатна. У 1984 годзе яна атрымала дыплом з адзнакай Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай (цяпер Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна). З таго часу пачаўся яе прафесійны шлях у адукацыю: намеснік дырэктара па выхаваўчай, вучэбнай, навуковай рабоце, дырэктар школы, дырэктар абласнога ліцэя. Больш як 30 гадоў Л.С.Клепчукова прысвяціла галіне, якую бязмежна і шчыра любіць. 12 з іх яна ўзначальвае сферу адукацыі аднаго з самых буйных рэгіёнаў Гомельшчыны. І заўсёды яе праца была на вышыні. Пры гэтым яшчэ паспела з адзнакай скончыць двухгадовыя курсы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае мясцовае кіраванне”, апублікаваць некалькі навуковых артыкулаў.

На гэтым спыняцца Любоў Сцяпанаўна не збіраецца, паколькі цвёрда ўпэўнена, што, каб развівацца, неабходна бясконца вучыцца, яшчэ больш патрэбна вучыцца, калі ты кіраўнік. “Сёння заслугоўвае павагі той кіраўнік, які працуе над сабой, не ставіць сябе вышэй калектыву, а ідзе наперадзе і вядзе за сабой. Паводле законаў фізікі, зверху можна толькі ціснуць, а ідучы наперадзе, цягнуць. Таму перш чым патрабаваць ад людзей, ты сам павінен працаваць на поўную моц”, — сказала ў адным з інтэрв’ю Любоў Клепчукова.

Гэтыя погляды Любові Сцяпанаўны станоўча ацэньваюць як падначаленыя, так і кіраўніцтва. Першыя ведаюць, што імі кіруе разумны, высокаадукаваны чалавек, а другія цэняць, што ў такой важнай і няпростай сферы, як адукацыя, ёсць надзейны аднадумец, сапраўдны рухавік.

Зразумела, што ў такога кіраўніка да падначаленых таксама ёсць патрабаванне пастаянна ўдасканальвацца і пераймаць лепшы вопыт. Гэта абавязкова. Тым больш што размова ідзе пра педагогаў, а педагог, як вядома, павінен вучыцца ўсё жыццё.

У сваёй рабоце Л.С.Клепчукова вельмі цэніць паразуменне і падтрымку ў калектыве, няхай гэта калектыў яе аддзела, школы ці дзіцячага садка. Без гэтага, на яе думку, нельга, бо задачы, якія ставяцца сёння перад адукацыяй, аднолькавыя для ўсіх, і толькі асабісты ўклад і старанні кожнага паасобку дапамогуць атрымаць станоўчы вынік.

Вось такая яна, Любоў Сцяпанаўна Клепчукова: цікавая, кампетэнтная, мэтанакіраваная і проста прыгожая жанчына. Яшчэ яна маці і жонка. Нягледзячы на бясконцую занятасць, недахоп часу, наша гераіня з гэтымі ролямі таксама выдатна спраўляецца і часта падкрэслівае, што яе самае вялікае дасягненне ў жыцці — гэта сям’я.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.