Усё жыццё прысвяціла школе і вучням ветэран педагагічнай працы Тамара Чамрукова

- 12:40Могилевская область, Новости

Радзеюць рады ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У Круглянскім раёне франтавікоў ужо зусім не засталося. Аднак па­-ранейшаму ёсць тыя, хто не па чутках памятае пра ваеннае ліхалецце. Сярод такіх Тамара Станіславаўна Чамрукова, якая ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла школе і вучням. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёлета Тамара Станіславаўна сустракае сваю 91-ю вясну, але яна бадзёрая духам і поўная сіл. З усмешкай ветэран працы прымае гасцей, асабліва радуецца навучэнцам-піянерам.

— Напярэдадні вайны мне споўнілася восем. Была зусім яшчэ дзіцем, але падзеі акупацыйнага фашысцкага рэжыму назаўсёды ўрэзаліся ў памяць. У саракавыя гады наша сям’я жыла ў Полацку. Першыя ваенныя месяцы прайшлі ў страху: бесперапынныя бамбёжкі, выбухі, стральба… А потым з’явіліся немцы, устанавілі ў горадзе свае варожыя парадкі. Шмат жыхароў са­гналі ў працоўны канцэнтрацыйны лагер, у якім апынулася і мая мама, — з хваляваннем успамінае Т.С.Чамрукова.

Вакол заслужанай настаўніцы сабралася шмат школьнікаў. Аповед дзеці слухалі моўчкі, дзівіліся смеласці і стойкасці ветэрана. Спрабуючы вызваліць маму, ра­зам з маленькім братам Тамара Станіславаўна не пабаялася пай­сці ў нямецкую камендатуру.

— Нашы слёзы не расчулілі фрыцаў… Матулю не адпусцілі, але дазволілі зрэдку з ёй бачыцца. Нас даглядаў тата, якога не мабілізавалі па стане здароўя. Ён працаваў у немцаў на хлебазаводзе. Магчыма, гэта нас і выратавала, бо есці практычна не было чаго. Сабраныя бацькам хлебныя крошкі дапамагалі выжыць, — расказвае ветэран працы.

Напрыканцы вайны ў сям’і не стала дома. Туліліся ў зямлянцы, якую выкарыстоўвалі і як свое­асаблівае бамбасховішча.

— У 1944-м ішлі працяглыя баі за вызваленне горада. У гэтым вогненным жаху ў нас здарылася радасць. Адна з бомб трапіла ў канцылярыю каля канцлагера, і нашай маме ўдалося збегчы. Тады ж я атрымала сваю памятку ад вайны. З-за бясконцых артылерыйскіх абстрэлаў мы доўга ся­дзелі ў зямлянцы, і ўсім моцна хацелася піць. Як толькі наступіла зацішша, я пабегла да ракі, што была побач. А тут ударыў снарад. Дробныя асколкі трапілі ў галаву… Мяне выхадзілі, але шрамы засталіся назаўжды, — расказвае Т.С.Чамрукова.

Незагойныя раны вайна пакінула і ў душы Тамары Станіславаўны. Бацька разам з салдатамі Чырвонай Арміі ўсё ж пайшоў на фронт і дадому больш не вярнуўся…

— Перамогу мы сустрэлі ў Браслаўскім раёне. Мама паехала туды працаваць выхавальніцай у дзіцячым доме. Там, у мястэчку Опса, амаль у 12 гадоў я ўпершыню пайшла ў школу — адразу ў другі клас, — дзеліцца Т.С.Чамрукова.

Узгадваючы пасляваенны час, Тамара Станіславаўна адзначае: адбудоўваліся нанава разбураныя гарады і вёскі, аднаўлялася народная гаспадарка…

— Хоць мы і былі дзецьмі, шмат працавалі, ва ўсім дапамагалі дарослым. Калі прыйшла пара выбіраць прафесію, па маміным прыкладзе, не вагаючыся, пайшла ў педагогіку, — адзначае ветэран.

Пачынала свой настаўніцкі шлях Т.С.Чамрукова ў Латвіі. Пасля разам з мужам, таксама педагогам, вярнулася ў Беларусь.

— Адразу ўладкаваліся ў Брэсцкай вобласці, а потым адправіліся на малую радзіму мужа, у Круглянскі раён. Так невялікая вёсачка Глыбокае, акружаная лясамі і азёрамі, стала мне родным месцам, — кажа Тамара Станіславаўна.

У Глыбоцкай сярэдняй школе Т.С.Чамрукова плённа працавала амаль два дзесяцігоддзі. Спачатку вучыла дзетак у пачатковых класах. Прайшоўшы перападрыхтоўку, выкладала рускую і нямецкую мовы старшакласнікам.

— Імкнулася даць дзецям трывалыя веды. Аднак не менш важным лічыла выхаванне навучэнцаў. Старалася прывіць вучням дабрыню, працавітасць, адказнасць і любоў да сваёй Айчыны, — падкрэслівае суразмоўніца.

Сёння школа ў Глыбокім ужо не функцыянуе, але былыя вучні не забываюцца пра настаўніцу. Рэгулярна наведваюць яе і навучэнцы з Цяцерынскай сярэдняй школы імя А.С.Лукашэвіча. Навучэнцы не толькі гутараць з ветэранам, але і дапамагаюць па гаспадарцы. Тамара Станіславаўна жыве актыўна. На сельскім падворку ў яе куры і козы. А яшчэ ёсць чатыры каты, вялікі агарод, прыгожыя кветкавыя клумбы.

— Мне складана сядзець без справы. Паціху раблю што-небудзь дома ці ў двары, улетку займаюся агародам, хаджу ў лес у грыбы і ягады. Раней захаплялася шыццём і вязаннем. Цяпер гады бя­руць сваё, але я не сумую, — запэўнівае Т.С.Чамрукова.

Нягледзячы на мноства выпрабаванняў, Тамара Станіславаўна задаволена сваім лёсам. Разам з мужам яна выгадавала чацвярых дзяцей, двое з якіх прыёмныя. Сапраўдная яе ўцеха — унукі і праўнукі.

— Радуюся кожнаму новаму дню, цікаўлюся тым, што адбываецца ў свеце, вельмі шаную даб­рабыт і спакой у нашай краіне, — заўважае суразмоўніца.

На гэта ветэран працы арыентуе і маладое пакаленне. Яна пастаянна нагадвае навучэнцам, што 9 Мая — не проста чырвоны дзень у календары, а свята для ўсіх.

— Перамога і мір дасталіся нам неверагодна высокай цаной. Беражыце праўду і захоўвайце памяць аб гэтым, — на развітанне ў чарговы раз дае наказ моладзі Т.С.Чамрукова.

Марына Токарава, начальнік аддзела па адукацыі Круглянскага райвыканкама:

— Зараз у раёне пражывае 124 ветэраны педагагічнай працы. Ніхто з іх не забыты. Прафсаюзнымі арганізацыямі ім аказваецца неабходная матэрыяльная дапамога. Валанцёрскія атрады навучэнцаў падтрымліваюць педагогаў пенсіённага ўзросту ў побыце, наведваюць з віншаваннямі напярэдадні значных свят. На важных школьных і раённых мерапрыемствах яны таксама заўсёды ў ліку запрошаных. Мы цэнім уклад ветэранаў у развіццё сістэмы адукацыі, таму кожнага з іх імкнёмся акружыць увагай і клопатам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара