Утрымліваючы лідарства

- 12:15Планёрка ў рэгіёне

На трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Маскоўскі раён Мінска прадстаўлялі 203 навучэнцы. Заваяваўшы 123 дыпломы і 21 пахвальны водзыў, каманда паказала найлепшы вынік сярод раёнаў горада і зноў заняла 1-е месца. Найбольшую колькасць дыпломаў атрымалі навучэнцы гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага — 41. Гэтая сімвалічная лічба прынесла ім і званне лепшай гімназіі горада. Дастойна выступілі навучэнцы ліцэя № 1, якія прынеслі ў скарбонку раёна 18 дыпломаў. Былі заваяваны кубкі па матэматыцы, астраноміі, хіміі і біялогіі. Зараз ажыццяўляецца інтэнсіўная падрыхтоўка навучэнцаў, якія ўвайшлі ў склад зборных каманд горада, да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Аб гэтым расказала госць нашай “Суботняй планёркі” — начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Ала Дзмітрыеўна КУНІЦКАЯ.

— Ала Дзмітрыеўна, што прывяло раён да такога поспеху? Якая сістэма работы склалася з адоранымі дзецьмі?

— Работа з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі ў раёне вядзецца з ранняга ўзросту. Штогод праводзіцца шэраг конкурсаў, якія сталі традыцыйнымі, а некаторыя з іх набылі статус гарадскіх і міжнародных. Так, гімназія № 174 Мінска штогод арганізоўвае Міжнародную маладзёжную навукова-практычную канферэнцыю “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Навукова-практычная канферэнцыя “Асоба ў гісторыі: Г.К.Жукаў і яго роля ў пераломных бітвах Вялікай Айчыннай вайны”, якую праводзіць сярэдняя школа № 83 імя Г.К.Жукава, з 2016 года атрымала статус міжнароднай. На базе гімназіі № 61 праводзіцца адкрыты конкурс аратарскага майстэрства на англійскай мове “Viva, orator!”, які з 2015 года стаў гарадскім.

Традыцыйнымі сталі дыстанцыйныя інтэрнэт-алімпіяды на базе СДН MOODLE для навучэнцаў раёна па біялогіі і англійскай мове “На шляху да поспеху”, якія арганізоўваюцца гімназіяй № 10 Мінска. Навучэнцам пачатковых класаў праверыць свае сілы і паспаборнічаць за званне лепшага знаўцы матэматыкі дазваляе ўдзел у раённай алімпіядзе “Турнір юных матэматыкаў”, якая з году ў год праводзіцца на базе гімназіі № 146 Мінска.

Навучэнцы раёна прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх інтэлектуальных конкурсах, алімпіядах, турнірах, што праводзяцца ў раёне і горадзе. Аднак галоўным спаборніцтвам разумнікаў і разумніц з’яўляецца Рэспубліканская прадметная алімпіяда. Да ўдзелу ў ёй адказна рыхтуюцца ва ўсіх установах адукацыі раёна. Высокія вынікі дасягаюцца і дзякуючы супрацоўніцтву гімназій і ліцэя з выкладчыкамі УВА. Падчас канікул на базе ліцэя і гімназій у аздараўленчых летніках арганізоўваецца работа профільных атрадаў, якая дазваляе навучэнцам пашырыць свае веды і адпачыць. Для таго каб установы маглі аб’ектыўна выбраць найбольш падрыхтаваных навучэнцаў, лепшых з лепшых, творчыя групы перадавых педагогаў раёна ўжо працуюць над складаннем заданняў для першага этапу алімпіяды. Пытанні падрыхтоўкі навучэнцаў абмяркоўваюць педагогі на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў. Лепшы вопыт работы ўстаноў адукацыі раёна з высокаматываванымі навучэнцамі трансліруецца на метадычных мерапрыемствах.

— А якімі дасягненнямі педагогаў і вучняў раён ганарыцца?

— Навучэнцы раёна дастойна прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных конкурсах і алімпіядах. У 2016 годзе заваявана шмат узнагарод міжнароднага ўзроўню. Вось некаторыя з іх: сярэбраны і бронзавы медалі на V Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе дзяўчат у Румыніі (гімназія № 41), залаты медаль XIII Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, экалогіі ў Румыніі (гімназія № 41), бронзавы медаль на XVII Міжнароднай алімпіядзе па біялогіі ў В’етнаме (гімназія № 12) і інш.

Уладзіслаў Раянтовіч, выпускнік гімназіі № 61 Мінска, — першы выпускнік за ўсю гісторыю правядзення ЦТ у Беларусі, які паказаў максімальны вынік, набраўшы 399 балаў (сярэдні бал атэстата плюс тры стабальныя вынікі ЦТ).

Штогод педагогі раёна ўдзельнічаюць у гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. Па выніках мінулага года 9 педагогаў былі ўдастоены прэмій Мінгарвыканкама. На рэалізацыю трох праектаў былі выдзелены гранты.

На працягу многіх гадоў педагогі раёна дэманструюць высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, удзельнічаючы ў конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. У мінулым навучальным годзе 1-е месца ў намінацыі “Лідар адукацыі” заняла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 10 Мінска Ірына Вячаславаўна Братчэня, 2-е месца ў гэтай жа намінацыі — у намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 218 Віктара Аляксандравіча Дарожкі. У намінацыі “Педагог-псіхолаг” 1-га месца ўдастоена педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 9 Мінска Вольга Ігараўна Івашына, 3-га — педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 215 Святлана Леанідаўна Анцюшэня.

— Ала Дзмітрыеўна, Маскоўскі раён актыўна забудоўваецца, колькасць маладых сем’яў павялічваецца. Як вырашаецца праблема забяспечанасці месцамі ў дзіцячых дашкольных установах?

— Прымаюцца меры, якія дазваляюць павялічыць колькасць месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, развіваюцца розныя формы дашкольнай адукацыі. З 1 верасня адноўлена функцыянаванне групавых памяшканняў ва УДА №№ 560, 541, 546, 554, 555, адкрыты дашкольныя ўстановы № 128 у мікрараёне Міхалова-2 на 230 месцаў і № 105 на 150 месцаў. Усё гэта дазволіла павялічыць колькасць месцаў у дашкольных установах на 480.

Штогод пашыраецца спектр адукацыйных паслуг для дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі. На працягу некалькіх гадоў ва ўстановах №№ 329, 568, 567,104 паспяхова працуюць мацярынскія школы для дзяцей ад 1 да 3 гадоў, якія дазваляюць забяспечыць паўнацэннае развіццё дзяцей ранняга ўзросту і ўзбагаціць выхаваўчы вопыт бацькоў. Папулярнасцю карыстаюцца адаптацыйныя групы ў дашкольных установах №№ 412, 7, 94, 558. Дзеці, якія наведваюць такія групы, хутка прывыкаюць да ўстановы дашкольнай адукацыі, у іх фарміруюцца навыкі паводзін і зносін з равеснікамі. Паспяхова працуюць у раёне тры сямейныя групы (сямейныя дзіцячыя сады), якія з’яўляюцца адной з новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі.

— Якія праблемы хвалююць сёння педагагічную грамадскасць раёна?

— Прыярытэтным напрамкам для педагогаў з’яўляецца стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу для навучэнцаў і выхаванцаў. Вялікая ўвага ў раёне ўдзяляецца рабоце з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. Эфектыўная арганізацыя шостага школьнага дня таксама ў прыярытэце.

Павышэнне якасці адукацыі немагчыма без добрай забяспечанасці ўстаноў адукацыі сучасным абсталяваннем і без укаранення перадавых адукацыйных тэхналогій, таму вялікае значэнне мы надаём павышэнню матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці ўстаноў, узроўню адукацыйнага асяроддзя.

У сувязі з актыўнай забудовай Маскоўскага раёна на першы план выходзіць праблема забеспячэння жыхароў дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі ў крокавай даступнасці. У планах забудовы: дашкольная ўстанова ў межах вуліц Каралінскай — Некрашэвіча (2019—2020 гады), а таксама дзве школы — на вуліцы Яна Чачота, якую мы будзем чакаць у 2018 годзе, і на вуліцы Чурлёніса — у 2019—2020 гадах.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.