Утульная сямейная атмасфера пануе ў Халопеніцкім дзіцячым садзе

- 15:12Дети — наше всё!, Проекты

Сямейнасць — добрая спецыфіка ўсіх вясковых устаноў дашкольнай адукацы. І Халопеніцкі дзіцячы сад Крупскага раёна не выключэнне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— А  як інакш, — падкрэслівае яго загадчыца Жанна Кукіна. — Садок невялікі, дзетак няшмат — усіх ведаем і гадуем, як сваіх.

Сямейнасць — добрая спецыфіка ўсіх вясковых устаноў дашкольнай адукацыі. А яшчэ адметная рыса — моцная сувязь са школай. У Халопенічах адна сярэдняя школа, туды і ідзе большасць садаўскіх выпускнікоў. Выхавальнікі перадаюць іх першым настаўнікам, як кажуць, з рук у рукі, пра ўсіх падрабязна расказваюць. Ёсць у дзяцей і педагогаў школы і садка добрая традыцыя прыходзіць адно да аднаго ў госці.

— Сумесна з настаўнікамі праводзім педагагічныя семінары, дыялогавыя пляцоўкі. Часта здараецца, што адно дзіця з сям’і вучыцца ў школе, а другое — ходзіць у сад, — расказвае Жанна Кукіна. — Таму абедзве ўстановы для дзяцей знаёмыя, як родны дом. Настолькі, што першакласнікі не адразу адчуваюць, што нешта ў іх жыцці змянілася.

Халопеніцкі сад размяшчаецца ў вялікім для сельскай мясцовасці будынку — калісьці тут быў дзіцячы дом, а зараз, акрамя дашкольнай установы, таксама знаходзяцца сацыяльны прытулак і філіял Крупскага цэнтра дзіцячай творчасці.

Усяго ўстанову дашкольнай адукацыі наведваюць 45 выхаванцаў, 15 з іх кожны дзень прыязджаюць з суседніх вёсак на школьным аўтобусе.

— Наша асаблівая гордасць — міні-музей “Беларуская хатка”, які стваралі ўсім педагагічным калектывам, — распавядае Жанна Рыгораўна. — Тут сабрана шмат прадметаў беларускага побыту — посуд, адзен­не, прылады працы. Ручнікі, абрусы, сурвэткі вышывалі маці, бабулі педагогаў і выхаванцаў, а некаторыя сукенкі шылі нашы супрацоўнікі. У музеі праводзім з дзеткамі народныя святы, напрыклад, Каляды, абрады “Велікодныя перазвоны”, “Гуканне вясны”.

Жанна Кукіна адзначае, што загадчыцай працуе ўжо 10 гадоў, а да гэтага была тут выхавальніцай, таму з Халопеніцкім садам звязана амаль усё яе прафесійнае жыццё.

— За ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ідуць у школу, перажываю, — заўважае яна. — У гэтым годзе першакласнікамі сталі 10 нашых былых выхаванцаў. Сваіх выпускнікоў добра памятаю — мы ж усе як адна сям’я.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара