Увага! Помнік археалогіі

- 14:22Краязнаўства, Рознае

Напрыканцы верасня разам з вучнямі, членамі аб’яднання па інтарэсах “Гісторыкі-краязнаўцы” шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Наталляй Мураўёвай, Віктарам Мураўёвым, Сяргеем Станкевічам, Аляксандрам Маслянковым, Янай Джафаравай, Русланам Федарэнкавым, мы здзейснілі веласіпедны паход па маршруце “Свяцілавічы — Пральня — Лямніца — Масцішча — Пральня — Свяцілавічы”. Мэта паходу — правядзенне археалагічнай разведкі, даследаванне помнікаў археалогіі.

Вядома, што тэрыторыя нашага краю была заселена дрыгавічамі ў VІІІ—ІХ стагоддзях. Асноўным натуральным каркасам рассялення славян былі лясы і рэкі. Характар рассялення абумоўліваўся сістэмай штодзённых жыццёвых патрэб чалавека ў пітной вадзе, ежы, наяўнасцю паліва, сыравіны, спрыяльнага клімату. Важную ролю ў рассяленні адыграў клімат. Вядома, што з VІІІ стагоддзя па ўсёй Еўропе пачалося пацяпленне, якое працягвалася да канца ХІІ — пачатку ХІІІ стагоддзя. У азначаны час захоўвалася ранейшае размяшчэнне паселішчаў славян у рачных далінах, на берагавых тэрасах і ўзвышшах. Асноўныя сляды жыцця тагачаснага насельніцтва — неўмацаваныя паселішчы — звычайна пасля заняпаду разбураліся ўшчэнт і не пакідалі на паверхні ніякіх слядоў. Лепш захаваліся пахаванні, над якімі рабіліся земляныя насыпы. Гэта курганы і гарадзішчы — умацаваныя паселішчы.

Першы прыпынак юныя краязнаўцы зрабілі ў вёсцы Пральні, дзе знаходзіцца курганны могільнік эпохі Старажытнай Русі, які размяшчаецца на правым беразе ракі Вабічы. У выніку даследавання курганнага могільніка высветлілі, што ён практычна поўнасцю знішчаны. Курганы пашкоджаны скарбашукальнікамі, а самы вялікі курган мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць для здабычы пяску, які, хутчэй за ўсё, падсыпаецца на вясковых могілках падчас Радаўніцы. Курган пашкоджаны як зверху, так і каля падножжа. Унізе курганнага могільніка — звалка смецця.

Наступны прыпынак робім у вёсцы Лямніцы, дзе праводзім аг ляд гарадзішча ранняга жалезнага веку на левым беразе рачулкі Лемнічэнкі. Гарадзішча ўражвае вучняў сваімі памерамі і вышынёй. Вучні знайшлі месца, дзе некалі стаялі вароты, якія вялі на гарадзішча, дзе знаходзіліся ямы — сховішчы харчовых запасаў. Уражаны былі юныя краязнаўцы навакольным відам, які адкрываецца з вала гарадзішча. Але і тут не абышлося без лыжкі дзёгцю. На самым высокім месцы гарадзішча вучні знайшлі месца, дзе (магчыма, на Купалле) спальвалі трактарныя і аўтамабільныя пакрышкі.

Побач з гарадзішчам — звалка смецця. Каля падножжа гарадзішча, непадалёк дарогі на Мікалаеўку, размяшчаецца вялікі раскоп, дзе мясцовыя жыхары здабываюць пясок. Некалі тут стаяў металічны знак, які сведчыў, што гарадзішча — помнік археалогіі, які ахоўваецца дзяржавай. Магчыма, ахоўны знак стаў здабычай зборшчыкаў металалому.

Самае цікавае, нязведанае, невядомае чакала нас каля вёскі Масцішча. Недалёка ад вёскі, каля рэчкі Вабічы, быў знойдзены курганны могільнік Старажытнай Русі (ён, дарэчы, нідзе не быў зафіксаваны), агледзена адно з першых хрысціянскіх пахаванняў эпохі Кіеўскай Русі. Тут захаваўся адзін з курганоў, астатнія знішчаны, а побач з курганным могільнікам — кананічнае хрысціянскае пахаванне, даволі значнае па памерах, з камянямі на могілках, на якіх выбіты васьміканцовыя крыжы.

Вядома, што з прыняццем хрысціянства курганы змяніліся хрысціянскімі могілкамі, а гэта адбылося на тэрыторыі краю напрыканцы ХІІ — пачатку ХІІІ стагоддзя. Гэта азначае, што ўнікальны археалагічны помнік — адны з першых хрысціянскіх могілак у нашым краі. Не абышлося без вандалізму і ў Масцішчы. На могілкі хтосьці выкінуў смецце, бытавы хлам у выглядзе жалезабетонных пліт і слупоў, адна магіла раскапана скарбашукальнікамі.

На жаль, помнікі археалогіі не заўсёды ахоўваюцца належным чынам, мясцовае насельніцтва часам з абыякавасцю адносіцца да захавання сваёй гістарычнай спадчыны.

Анатоль МАРОЗАЎ,
настаўнік гісторыі Свяцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Бялыніцкага раёна, кіраўнік аб’яднання “Гісторыкі-краязнаўцы”.
Фота аўтара.