Зіма ў Беларусі ў апошнія гады даволі незвычайная для нашых шырот. Спачатку засыпле снегам, пасля залье дажджом, а потым прыйдуць маразы. Сёлета ўсё так і адбываецца. Маразы прыйшлі акурат пад Каляды і захоўваюцца да свята Вадохрышча. А значыць, зноў будзе шмат ахвотных перад гэтым вялікім хрысціянскім святам акунуцца ў вадохрышчанскую купель.
Вадохрышча асацыіруецца ў большасці з нас менавіта з купеллю. Акрамя асвячэння вады, у нашым грамадстве існуе традыцыя акунацца ў палонку ў ноч з 18 на 19 студзеня. Прынята лічыць, што ў гэты час купель і месца вакол яе валодаюць асаблівай сілай. Людзі вераць, што, акунуўшыся ў вадохрышчанскую вадзіцу, змогуць вылечыцца ад хвароб або змыць грахі. Нягледзячы на тое, што свята Вадохрышча складана ўявіць без гэтай традыцыі, купанне ў палонцы не адносіцца да царкоўных таінстваў. Гэта менавіта традыцыя — пра гэта важна памятаць.
Не буду разважаць пра неабходнасць змываць грахі ў сцюдзёнай купелі — пра гэта лепш спытаць у святара. Раскажу пра тое, што прыводзіць звычайнага чалавека да жадання зайсці ў ледзяную ваду і як адбываецца цуд, калі такое незвычайнае жаданне перарастае ў неабходнасць. Раскажу пра тое, як да акунання ў ледзяную купель прыйшла я сама.
Тое, што халодная вада мае аздараўленчы эфект, думаю, даказваць не трэба. Загартаваны чалавек значна менш хварэе, прасцей пераносіць перапады тэмпературы і лягчэй рэагуе на экстрэмальныя сітуацыі. Напэўна, правільней прыходзіць да акунання ў палонку паступова: абліваючыся прахалоднай вадой ва ўласнай ванне і не зачыняючы фортку нават у лютыя маразы. У мяне атрымалася значна хутчэй: у адну з зімовых субот я проста ўвайшла ў ледзяную ваду пры мінус 10 градусах паветра. Праўда, рабіла гэта пад наглядам людзей, якія займаюцца акунаннем у халодную ваду шмат гадоў, і ў спецыяльна абсталяваным для гэтай мэты месцы — на тэрыторыі выратавальнай станцыі “Цнянская” сталічнай арганізацыі АСВОД. Дарэчы, там дзяжурыць урач, калі ў кагосьці з пачынаючых ці прасунутых “маржоў” раптам нешта пойдзе не па плане. У мяне ўсё прайшло выдатна — я акунулася тройчы, чаргуючы ледзяную ваду і праграванне ў лазні, якая размяшчалася тут жа.
Калі ў мяне зараз пытаюцца, як адчуванні ад акунання, я адказваю заўсёды аднолькава: “Яны неперадавальныя”. Няпраўда, што ледзяная вада быццам апякае скуру — холад ёсць холад, толькі ён і адчуваецца. А вось калі выходзіш з палонкі пад пранізлівы зімовы вецер — і праўда зусім не холадна. Цела атрымлівае такі моцны стрэс, што на хвіліну быццам упадае ў анабіёз, нават сардэчныя штуршкі замаруджваюцца. Скура гарыць і чырванее, а па нагах быццам прабягаюць нябачныя токі. Важна пасля акунання ў халодную ваду адразу добра сагрэцца — лепш у лазні — і выпіць гарачай гарбаты з траў з мёдам.
Не буду нікому раіць паўтарыць мой шлях да ледзяной палонкі — у кожнага чалавека свае прычыны і сваё здароўе. Камусьці такія экстрэмальныя водныя працэдуры строга забаронены па медыцынскіх паказаннях — холад не даруе памылак і няўважлівасці да сябе. Аднак калі вы здаровы чалавек і хочаце пашырыць межы сваіх магчымасцей ці, як модна зараз гаварыць, выйсці з зоны камфорту, акунанне ў ледзяную ваду можа стаць для вас цікавым вопытам. Халодная вада дорыць незабыўныя адчуванні і эйфарыю ад усведамлення, што ты змог перасіліць свае страхі, зрабіць крок насустрач нязведанаму. Холад — ён больш у нашай галаве, і ён зусім не страшны, ён можа стаць кожнаму з нас добрым сябрам.
І напрыканцы некалькі важных правіл.
Ніколі не акунайцеся ў халодную ваду ў адзіночку. Абавязкова побач павінен быць чалавек, які вас страхуе.
Рабіце гэта строга ў спецыяльна абсталяваных месцах.
Ніколі не нырайце ў ледзяную палонку! Заходзьце ў ваду асцярожна, трымаючыся за парэнчы.
Пасля акунання максімальна сагравайцеся, каб халодная вада не нашкодзіла вашаму арганізму.
Зрабіце акунанне сістэматычнай, а не разовай з’явай.
Па прагнозах сіноптыкаў, у Беларусі захаваецца марознае надвор’е. Значыць, акунанне ў палонку на свята Вадохрышча стане яшчэ больш яскравым і падорыць незабыўныя эмоцыі.
Акунёмся? Я — дакладна.
Фота з архіва БелТА носіць ілюстрацыйны характар