Узнагарода за працу, аб якой марыла з дзяцінства

- 9:41Людзі адукацыі

Валянціна Якаўлеўна Трошка — шчаслівая настаўніца, бо ўжо шмат гадоў ідзе на працу з задавальненнем. Яна працавала ў розных навучальных установах, і ўсюды яе чакалі любімыя вучні. Матэматыка — прадмет няпросты, але шчырасць і спагадлівасць Валянціны Якаўлеўны дапамагаюць выклікаць у дзяцей цікавасць да гэтага прадмета.

Апошнія гады настаўніца працуе ў Ельскай раённай гімназіі, што на Гомельшчыне, і, як адзначаюць калегі, Валянціну Якаўлеўну адрознівае высокі ўзровень сацыяльнай актыўнасці і адказнасці за якасць і выніковасць працы. Яна вельмі добрасумленны і патрабавальны педагог, які хварэе душой за кожнага вучня.
Рашаць задачы было любімым заняткам з дзяцінства. Калі Валянціна пайшла ў школу, то асаблівыя адносіны адразу склаліся з дакладнымі навукамі. Думала над задачамі і прыкладамі і не заўважала, як хутка бяжыць час, а на ўроках паспявала рашаць сабе і дапамагаць аднакласнікам. Зразумела, выбіраючы прафесію, не вагалася: толькі матэматыка і толькі педагогіка, таму паступленне ў тады яшчэ педагагічны інстытут імя А.М. Горкага стала абсалютна заканамерным. Калі Валянціна Якаўлеўна ўпершыню зайшла ў свой клас, сэрца трапятала ад радасці і хвалявання. І яна з галавой акунулася ў любімую справу.

Але жыццё ўносіла свае карэктывы. Валянціна Якаўлеўна выйшла замуж, з’явіліся дзеці. Даводзілася працаваць у розных школах і не заўсёды настаўніцай матэматыкі. Быў час, калі яна была выхавальнікам групы прадоўжанага дня (не было вакансіі настаўніка матэматыкі), але і тут не пакідала сваю любімую навуку: дапамагала вучням выконваць дамашнія заданні, тлумачыла, калі штосьці было незразумела. Каб заставацца ў тонусе, пастаянна рашала задачы як са школьных падручнікаў, так і з дадатковай літаратуры павышанага ўзроўню. І, канечне, пры любым выпадку замяняла калег. Пазней, дзякуючы свайму прафесіяналізму, Валянціна Якаўлеўна зноў заняла пасаду настаўніцы матэматыкі.

Вучні В.Я.Трошка атрымліваюць трывалыя веды, а таму заўсёды паказваюць высокія вынікі. Настаўніца добра разумее сучасныя патрабаванні да якасці адукацыі, працуе сістэмна, мэтанакіравана, выкарыстоўваючы ўсё новае і перадавое. Урокі Валянціны Якаўлеўны прадуманыя, змястоўныя, накіраваныя на станоўчы вынік.

Вялікую ўвагу настаўніца ўдзяляе рабоце з адоранымі дзецьмі. Яе вучні з’яўляюцца пераможцамі першага, другога і ўдзельнікамі трэцяга тура Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, дыпламантамі трэцяга этапу абласной алімпіяды. Акрамя таго, кожны год навучэнцы В.Я.Трошка — удзельнікі і пераможцы Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук”, Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Ад альфы да амегі”.

На працягу 20 гадоў Вялянціна Якаўлеўна — кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі. Яе вопыт па тэме “Сістэма падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання” абагульнены і прадстаўлены педагогамі раёна. Настаўніца штогод з’яўляецца членам журы абласнога турніру юных матэматыкаў, а таксама працуе ў раённай школе “Алімпіец”.

Як класны кіраўнік педагог шмат увагі ўдзяляе выхаванню грамадзянскасці, маральнасці падрастаючага пакалення. Нельга не адзначыць і цудоўныя ўзаемаадносіны з вучнямі і іх бацькамі. “Наша Валянціна Якаўлеўна — добразычлівы, ветлівы чалавек, карыстаецца павагай і аўтарытэтам, заўсёды імкнецца да самаўдасканалення, павышэння свайго прафесійнага ўзроўню”, — адзначаюць калегі.

Валянціна Якаўлеўна шкадуе, што не можа ўсіх у аднолькавай ступені навучыць матэматыцы, але імкнецца да гэтага, нягледзячы на тое, што трэба займацца дадаткова ці тлумачыць па некалькі разоў. Вучні ж, стаўшы дарослымі людзьмі, не забываюць сваю настаўніцу і пры сустрэчы дзякуюць ёй і за ўрокі матэматыкі, і за ўрокі жыцця.

За сваю шматгадовую плённую працу Валянціна Якаўлеўна ўзнагароджвалася шматлікімі граматамі і падзякамі. Гэты навучальны год таксама аказаўся для яе адметным. В.Я.Трошка стала выдатнікам адукацыі. Нагрудны знак быў уручаны на рэспубліканскім свяце, прымеркаваным да Дня настаўніка. Валянціна Якаўлеўна хвалявалася, як і тады, калі першы раз пераступала парог свайго класа. Але ўсё прайшло добра. Узнагарода заслужаная — за працу, аб якой марыла з дзяцінства.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.