Узнагароды за плённае супрацоўніцтва

- 11:29Актуально, Апошнія запісы

У пачатку гэтага тыдня міністр адукацыі Ігар Карпенка ганараваў журналістаў. Мерапрыемства было прымерквана да Дня друку і праходзіла на базе факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі была аб’яўлена падзяка міністра адукацыі журналістам, якія на працягу доўгага часу асвятляюць на высокім прафесійным узроўні пытанні развіцця сістэмы адукацыі. У ліку ўзнагароджаных былі і прадстаўнікі “Настаўніцкай газеты”.

Узнагароды за плённае супрацоўніцтва атрымалі рэдактар аддзела кіравання адукацыяй Ала Клюйко, рэдактар аддзела навукі і вышэйшай школы Галіна Сідаровіч, рэдактар аддзела школ Вольга Дубоўская, уласны карэспандэнт па Мінскай вобласці Дар’я Рэва і фотакарэспандэнт Алег Ігнатовіч.

У віншаванні Ігар Васільевіч выказаў журналістам словы ўдзячнасці за своечасовае асвятленне ў СМІ пытанняў развіцця адукацыі, за пастаянную інфармацыйную падтрымку і актыўную прафесійную пазіцыю.

Віншуем калег і жадаем ім далейшых поспехаў!

Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.