Узнагароджвалі пераможцаў алімпіяд

- 12:21Навіны рэгіёнаў
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання навучэнцаў, пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, адбылася напярэдадні Дня моладзі на базе Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці.

Падобнае ўзнагароджанне праводзіцца ў вобласці ўжо ў чацвёрты раз. Спецыяльнымі дыпломамі аблвыканкама і грашовымі прэміямі сёлета былі адзначаны восемдзясят таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія здолелі найлепшым чынам праявіць сябе ў вучобе, а таксама 66 педагогаў, што іх падрыхтавалі, і 10 трэнераў каманд.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Чорны, уручаючы ўзнагароды, звярнуўся да прысутных з прывітальным словам.
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама А. Чорны ўзнагароджвае пераможцаў. — Менавіта вы, маладыя і ініцыятыўныя, з’яўляецеся нашай будучыняй, крыніцай для новых ідэй. Вы задаяце тон найбольш прагрэсіўным пераўтварэнням у грамадстве. У нашай краіне праводзіцца вялікая работа па стварэнні ўмоў для інтэлектуальнага і творчага развіцця падрастаючага пакалення. Многае робіцца ў гэтым плане і на Магілёўшчыне. Для адораных навучэнцаў, якія імкнуцца да глыбокіх ведаў, адчынены дзверы 18 гімназій і 6 ліцэяў, для іх арганізоўваюцца разнастайныя конкурсы і турніры. Амаль 75 тысяч магілёўскіх юнакоў і дзяўчат штогод прымаюць удзел у рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. І радуе той факт, што нашы школьнікі, гэта значыць вы, выдатна прадстаўляце на іх свой родны край, — адзначыў Анатоль Барысавіч.
Аднак дасягнутыя поспехі — гэта заслуга не толькі вучняў. У кожнага з іх укладзены вялікія намаганні педагогаў. Менавіта таму разам з дасягненнямі магілёўскіх навучэнцаў была адзначана і добрасумленная праца настаўнікаў і трэнераў каманд, якія здолелі разгледзець талент сваіх падапечных і дапамагчы яму раскрыцца.
Дарэчы, з дасягненнямі Магілёўшчыны ў алімпіядным руху мог азнаёміцца любы жадаючы, завітаўшы на выставу, якая была разгорнута ў фае Абласнога цэнтра творчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.