Вакол свету за… 3 гадзіны

- 10:52Адукацыйная прастора

“Загавары са мной, каб я цябе ўбачыў”, “Мова — душа народа” — гэтыя і многія іншыя фразы вельмі добра адлюстроўваюць сутнасць любой мовы, у якой сканцэнтраваны тысячагадовы вопыт народа, яго менталітэт і культура. Ва ўмовах глабалізацыі мова застаецца адным з самых важных атрыбутаў нацыі. Кожная мова ўнікальная і па-свойму прыгожая.

Пазнаёміцца з мовай Вялікабрытаніі, Польшчы, Іспаніі, Францыі і Германіі за некалькі гадзін, а таксама са славутасцямі, касцюмамі, кухняй і сусветнымі брэндамі еўрапейскіх краін можна было падчас гарадскога фестывалю культур “WАW-тур”, які прайшоў на базе сярэдняй школы № 7 Баранавіч. У госці завіталі прадстаўнікі сярэдніх школ №№ 21, 14 і 3, гімназіі № 4. Хаця не. Не ўстаноў адукацыі, а краін. Кампанію ім склалі выкладчыкі і студэнты БарДУ і МДЛУ, супрацоўнікі ЭКГА “Неруш” і сектара літаратуры на замежных мовах цэнтральнай гарадской бібліятэкі
імя  В.Таўлая.

Каманды школьнікаў і студэнтаў БарДУ ўдзельнічалі ў гульні-квесце “Па краінах і кантынентах”. Вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 21 паказалі адметнасці Францыі, правялі займальную інтэрнэт-гульню і пачаставалі пірагом з цыбуляй — французскай нацыянальнай стравай.

Дарэчы, без пачастункаў не адпускала ніводная “краіна”. Так, “Беларусь” (гімназія № 4) прапанавала пакаштаваць карысны ласунак — журавіны ў цукры. Вучні актыўна адгадвалі загадкі пра беларускую фаўну і самастойна выраблялі лялькі-абярэгі і лялькі-матанкі.

У “Вялікабрытаніі” (сярэдняя школа № 7) удзельнікі па сімвалах адгадвалі англамоўныя краіны. У якасці падарункаў дзеці атрымлівалі валянцінкі і смачныя пачастункі.

Найбліжэйшая суседка “Польшча” (выхаванцы польскага клуба) за добрае веданне польскай культуры і геаграфіі пачаставала нацыянальнымі прысмакамі і пажадала ўдзельнікам здароўя, багацця і іншых даброт у жыцці.

“Германія” (сярэдняя школы № 14) парадавала не толькі багатай выставай дасягненняў прамысловасці ФРГ, але і песняй у нямецка-аўстрыйска-швейцарскім стылі.

“Іспанія” (сярэдняя школа № 3) прапанавала безліч пачастункаў з маслінамі і алівамі, парадавала запальным нацыянальным танцам
Вялікаму Кітаю — вялікая пляцоўка. Выкладчыкі-валанцёры з Інстытута Канфуцыя пры МДЛУ правялі майстар-класы па пляценні і выразанні. Вучні пісалі свае імёны кітайскімі іерогліфамі, выраблялі ліхтарыкі, складалі аплікацыі-танграмы, малявалі маскі.

Швецыю прадстаўляла грамадскае аб’яднанне “Неруш”.

Бібліятэкары прапаноўвалі ўдзельнікам фестывалю дапаможнікі па вывучэнні замежнай мовы і настольныя гульні.

Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай “Я малюю гэты свет”, дзе кожная “краіна” спявала, танцавала, дэкламавала вершы.

Ганаровыя госці фестывалю (намеснік начальніка гарадскога ўпраўлення па адукацыі Л.І.Скіндзер і дырэктар Інстытута Канфуцыя пры МДЛУ з беларускага боку Т.А.Дзям’яненка) адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і прапанавалі зрабіць яго традыцыйным.

Анжэла ТУКАЙ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры  сярэдняй школы № 7 Баранавіч.