Вакцынапрафілактыка дае станоўчы эфект

- 10:18Інфармацыйная гадзіна

Міністэрства аховы здароўя Беларусі спадзяецца пазбегнуць эпідэміі грыпу ў 2016 годзе. Аб гэтым заявіла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

“У нас у краіне прышчэплена больш за 3,9 млн, або 41,7 працэнта насельніцтва. З краін СНД і Еўропы мы адзіная краіна, якая ахоплівае такую колькасць насельніцтва вакцынацыяй. Эпідэмію можна чакаць да канца студзеня — пачатку лютага, але спадзяёмся яе пазбегнуць”, — сказала Іна Карабан.
Тактыка, якую Міністэрства аховы здароўя прыняло з 2008 года (штогадовае павелічэнне ахопу вакцынацыяй), прыносіць свае вынікі. На працягу апошніх двух гадоў эпідэміі захворвання не было. У параўнанні з 2010 годам захваральнасць знізілася практычна ў 52 разы.
Гаворачы пра сітуацыю ва Украіне, дзе рэгіструюцца дзясяткі лятальных выпадкаў ад выкліканай грыпам пнеўманіі, намеснік начальніка аддзела адзначыла, што гэта з’яўляецца наглядным прыкладам таго, як важна насельніцтву быць прышчэпленым. Многія пацыенты там звярталіся па меддапамогу на 6—7-мы дзень. Часу, каб выратаваць ад хуткага развіцця постгрыпознай пнеўманіі, ужо недастаткова. “Вакцынапрафілактыка абараняе чалавека. Дапамагае не захварэць на пнеўманію, міякардыт, менінгіт і інш. А калі ён і захварэе на грып, то перанясе яго ў больш лёгкай форме”, — падкрэсліла яна.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Грыбкова паведаміла, што цяпер у Беларусі пераважае цыркуляцыя вірусаў грыпу H1N1. “Карціна, што назіраецца ў нашай краіне, нічым не адрозніваецца ад вірусалагічнага профілю ў краінах Заходняй Еўропы і ў нашых суседзяў. Вірусы аналагічныя вакцынаваму штаму, які выкарыстоўваецца для прафілактыкі грыпу на сезон 2015—2016 гадоў. Таму тыя, хто паклапаціўся аб захаванні свайго здароўя і правакцынаваўся, абаронены”, — дадала кіраўнік цэнтра.
Тым, хто не паспеў своечасова прышчапіцца, Наталля Грыбкова параіла прадугледзець меры прафілактыкі. Так, у перыяд са студзеня па люты трэба ўстрымацца ад наведвання месцаў, дзе збіраецца вялікая колькасць людзей, і масавых мерапрыемстваў, асабліва ў закрытых памяшканнях. Трэба старацца пазбягаць вельмі цеснага кантакту з хворымі людзьмі, захоўваць “рэспіраторны этыкет”, сістэматычна праветрываць кватэру і рабочае памяшканне. Часта і добра мыць рукі з мылам і старацца не дакранацца імі да губ, носа і вачэй, выкарыстоўваць медыцынскія маскі пры знаходжанні ў адным памяшканні з хворымі людзьмі.
У цэлым захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі цяпер знаходзіцца на нізкім узроўні. Пераважна цыркулююць РС-вірусы, адэнавірусы, вірусы парагрыпу, што характэрна для гэтага прамежку эпідэмічнага сезона.