Сённяшні госць праекта “Мая школа” — чалавек, які пачынаў свой працоўны шлях у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі і застаўся верным свайму выбару: рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Валерый Мікалаевіч Галубоўскі.
— Валерый Мікалаевіч, адкуль вы родам?
— Я нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Лельчыцы Гомельскай вобласці, дзе мы пражылі ўсяго адзін год: бацьку Мікалая Іванавіча перавялі працаваць па лініі партыі ў гарадскі пасёлак Доўск, а потым у Гомель, дзе я пайшоў у першы клас. Гэта была сярэдняя школа № 10. Там я вучыўся няпоўны навучальны год, бо тату зноў перавялі ў іншае месца — у Веткаўскі раён Гомельскай вобласці. І да 10 класа я вучыўся ў сярэдняй школе № 1 Веткі.
Мая мама Франя Аляксандраўна — цудоўны чалавек. Яна нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і ў вёсцы Гаравец Барысаўскага раёна. Атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю, працавала спачатку ў грамадскім харчаванні, а потым аперацыяністам у банку. Гэта той выпадак, калі чалавек, які не мае вышэйшай адукацыі, мае столькі мудрасці і ўсебаковага развіцця, што змагла выхаваць у сваіх дзецях (у мяне ёсць старэйшая сястра Ірына, якая скончыла Мазырскі педагагічны інстытут і доўгі час працавала настаўніцай пачатковых класаў) важныя для кожнага чалавека якасці: узаемаразуменне, шанаванне бацькоў і шанаванне дзяцей бацькамі, працавітасць і адказнасць.
— Раскажыце, калі ласка, пра школу, у якой вы вучыліся.
— Мая школа дастаткова вядомая сваімі выпускнікамі. Яе скончыў адзін са славутых лётчыкаў Вялікай Айчыннай вайны двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Якаўлевіч Галавачоў, намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР (1970—1983) Ніна Лявонаўна Сняжкова, Старшыня Савета Міністраў БССР (1983—1986) Уладзімір Ігнатавіч Бровікаў, Аляксандр Нічыпаравіч Аксёнаў, які быў старшынёй Дзяржкамітэта СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, сённяшні віцэ-прэм’ер урада нашай краіны Ігар Віктаравіч Петрышэнка таксама выпускнік нашай школы. Школа дала пуцёўку ў жыццё двум рэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны — Міхаілу Васільевічу Селькіну (1999—2004) і Аляксандру Уладзіміравічу Рагачову (2004—2016). Прычынай гэтага, відаць, з’яўляецца нейкі адметны дух школы, сфарміраваны яе педагогамі на працягу дзесяцігоддзяў, які праяўляўся ў адданасці і вернасці педагагічнай працы, любові да сваёй справы і адказнасці.
Нашы настаўнікі не выпускалі з поля зроку кожнага вучня — усе, хто там вучыўся, адчувалі клопат настаўнікаў не толькі пра засваенне зместу вучэбных прадметаў і падтрыманне дысцыпліны, але і пра выхаванне такіх маральных якасцей і чалавечых каштоўнасцей, як павага да старэйшых і бацькоў і ўзаемадапамога. Яны ўцягвалі нас, сваіх вучняў, у разнастайную пазаўрочную дзейнасць. У тыя часы вельмі папулярнымі і актуальнымі былі збор макулатуры і металалому, дзёйнасць цімураўскіх атрадаў па дапамозе нямоглым і пенсіянерам, догляд помнікаў.
Школе, у якой я вучыўся, у 2009-м — у год 100-годдзя ўстановы — рашэннем Гомельскага аблвыканкама было прысвоена імя вядомага грамадскага дзеяча і дыпламата, міністра замежных спраў СССР (1957—1985), Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1985—1988) Андрэя Андрэевіча Грамыкі, які нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна (у школе ёсць музей баявой і працоўнай славы, у якім частка экспазіцыі прысвечана А.А.Грамыку). Пасля Чарнобыльскай катастрофы мой бацька як кіраўнік Веткаўскага раёна (ён у той час быў першым сакратаром райкама) ездзіў на прыём да Андрэя Андрэевіча ў Крэмль, каб узгадніць пытанні падтрымкі газіфікацыі Веткаўскага раёна. У тую паездку ён узяў мяне з сабой, і я меў магчымасць убачыць вельмі важных людзей, якія вырашаюць дзяржаўныя задачы, памятаючы пра сваю радзіму, унікаючы ва ўсе нюансы праблем, што ўзніклі ў іх землякоў.
Дарэчы, калі ехалі да А.Грамыкі, везлі яму ў падарунак вазу, зробленую на Добрушскім фарфоравым заводзе, з выявай дома, у якім ён нарадзіўся, і гэты сувенір ад веткаўчан яму вельмі спадабаўся.
— Дзе яшчэ ў школьныя гады паспелі сябе праявіць?
— Многія, думаю, памятаюць, як за асаблівыя заслугі можна было трапіць ва Усесаюзны піянерскі лагер “Артэк”. І ў 1985 годзе я апынуўся ў ліку тых шчасліўчыкаў. Гэта былі таксама незабыўныя моманты. Мы маглі далучыцца да глабальных праектаў, калі дзеці з усяго шматнацыянальнага Савецкага Саюза знаёміліся, дзяліліся ведамі і традыцыямі сваіх рэспублік і разам рабілі агульныя справы. Напрыклад, у “Артэку” ў атрадзе мяне выбралі адказным за фізкультуру і спорт, і я адказваў за паход на вяршыню Аю-дага. Таксама запомнілася, што ў першыя дні змены ў атрадзе праходзіла атрадная справа “Раскажы мне пра сябе”, праз якую мы маглі добра пазнаёміцца. А ў канцы змены — “Раскажы мне пра мяне”, калі нашы сябры расказвалі, што яны даведаліся адно пра аднаго.
— І што расказвалі пра вас?
— Скажу без выхвалення, характарыстыкі былі пазітыўныя. Мне ўдавалася знаходзіць паразуменне з сябрамі. Нават калі здараліся нейкія канфліктныя сітуацыі, мне даводзілася вырашаць іх і мірыць тых, хто пасварыўся. Сёння мяне, напэўна, назвалі б медыятарам (усміхаецца). Магчыма, таму, што спачатку імкнуўся чуць іншых, а потым прадпрымаць нейкія дзеянні, каб нікога не пакрыўдзіць.
Пасля Чарнобыльскай трагедыі навучэнцы Веткі і Веткаўскага раёна на тры месяцы былі запрошаны на аздараўленне ў яшчэ адну ўсесаюзную здраўніцу — “Арляня”. Тут была іншая сітуацыя: мы ведалі адно аднаго, таму, відаць, найбольш запомнілі сваіх важатых — Людмілу і Ігара. Яны ўмелі іграць на гітары, і па вечарах каля піянерскага вогнішча мы спявалі песні, пранізаныя духам сяброўства, узаемаразумення і патрыятызму. А яшчэ запомнілася падрыхтоўка палітінфармацый. Па графіку вызначалі адказных за матэрыялы. Ім трэба было па газетных артыкулах вывучыць навіны ў свеце, падрыхтаваць агляд. А потым праінфармаваць атрад аб падзеях, якія адбываліся ў сусветнай палітыцы. Як зараз памятаю, у той час актыўна абмяркоўвалі гістарычную сустрэчу Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова і Прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана ў Рэйк’явіку па стратэгічным наступальным узбраенні.
— Значная частка вашага жыцця звязана са спортам. Як узнікла цікавасць да лёгкай атлетыкі?
— Як і ў многіх, усё пачалося са школы. У нас было шмат спартыўных мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне здаровага ладу жыцця. Прычым пры абмежаваным спартыўным інвентары (у тыя часы не было такой яго разнастайнасці) яны рабілі наша спартыўнае жыццё вельмі цікавым.
Насупраць школы было вялікае возера, якое мы паміж сабой называлі школьным. Узімку разам з настаўнікам фізкультуры ці нават самастойна расчышчалі снег і рабілі там хакейную пляцоўку. У цёплы час года дацямна — пакуль быў бачны мяч — гулялі ў футбол на школьным стадыёне.
Пачынаючы з трэцяга класа трэнеры па лёгкай атлетыцы праходзілі па класах і адбіралі тых, хто мае нейкія задаткі, у секцыю. Трэнерам у мае школьныя гады працаваў Уладзімір Якаўлевіч Маргуноў (які, дарэчы, потым узначальваў сярэднюю школу № 2 Веткі). На занятках па фізкультуры ён адабраў некалькі чалавек, і мяне сярод іх не было. А мне вельмі хацелася займацца, бо ў секцыі былі мае сябры. І тады Уладзімір Якаўлевіч дазволіў мне хадзіць на трэніроўкі разам з сябрамі. Калі пачаў займацца, стаў рабіць поспехі ў скачках у даўжыню і вышыню: нават займаў прызавыя месцы на абласных спаборніцтвах.
Акрамя спорту, былі заняткі ў музычнай школе па класе баяна. Сам не разумею, як усё паспяваў: раніцай — школа, пасля абеду — заняткі ў музычнай школе, а ўвечары — трэніроўкі. І так з 2 па 6 клас. Запомніліся педагог па баяне Яўген Яськоў і педагог па харавых спевах і сальфеджыа Надзея Мікалаеўна Пяшэвіч — ім добра ўдавалася зацікавіць сваіх навучэнцаў.
Наш класны кіраўнік Зінаіда Пятроўна Пагарцава была для нас нібы другая маці. Адносіны паміж намі былі вельмі паважлівыя, у нечым нават нароўні: яна для нас была больш як сябар, а не як дарослы, які прымушае выконваць нейкія заданні. І мы ўвесь час стараліся не падвесці яе.
Матэматыку ў нас выкладала Надзея Аляксееўна Леўшунова. Яна ў адным класе адначасова давала новы матэрыял, разбіраючы яго з вучнямі ля дошкі, і нагружала тых, хто зразумеў тэму раней, індывідуальнымі заданнямі. Каля паловы класа добра разбіраліся ў матэматыцы, і мы за час урока паспявалі не толькі вывучыць новую тэму і выканаць усе заданні, але і дамашняе заданне зрабіць.
Запомнілася настаўніца хіміі заслужаны настаўнік БССР Таццяна Пятроўна Парфёнава. Яна была патрабавальная да выканання дамашняга задання і дабівалася таго, што ўсе вучні разумелі новую тэму, а не завучвалі яе. І — заўважце! — ніякіх рэпетытараў. Прадмет, трэба сказаць, няпросты, і, здавалася, няпроста разабрацца ў рашэнні задач, але настаўніцы нейкім дзівосным чынам удавалася матываваць вучняў да вывучэння яе прадмета. Думаю, таму, што яна сама любіла свой прадмет і сваю работу.
Добра памятаю нашага дырэктара Мікалая Мікалаевіча Шацілава, які выкладаў у нас фізіку. Ён умеў захапіць сваім прадметам, і, здавалася, нават тыя, каму не вельмі даваўся прадмет, праяўлялі цікавасць. На гуртку па фізіцы разам з Мікалаем Мікалаевічам мы збіралі транзістарны радыёпрыёмнік, і трэба было бачыць вочы дзяцей і іх захапленне, калі нам ўдалося злавіць на ім першую радыёхвалю.
Запомніліся эмоцыі ад экскурсіі ў Маскву, якую мы ажыццявілі ў 10 класе. Падзея была вельмі запамінальная: мы, дзеці з невялікага райцэнтра, пабывалі ў сталіцы СССР, наведвалі музеі і знаёміліся са славутасцямі Масквы, пабывалі ў тэатры.
У цэлым, у мяне склаліся вельмі добрыя ўспаміны пра школьныя гады, таму што кожны настаўнік, нават у не вельмі прыемных гісторыях, ставіўся да нас па-бацькоўску. Нават калі на нас сварыліся, мы разумелі, што для гэтага былі падставы, і не крыўдзіліся на настаўнікаў. Слова педагогаў было для нас вельмі важкім і мела вельмі значнае ўздзеянне.
— Ці падтрымліваеце сувязі з аднакласнікамі?
— Падтрымліваць пастаянныя адносіны не асабліва атрымліваецца, але час ад часу бачымся і перапісваемся. Апошні раз вялікім складам сустракаліся з аднакласнікамі на 20-годдзе выпуску, у 2010 годзе. Тады з 75 чалавек майго выпуску сабралася каля 45. Прыехалі аднакласнікі нават з Расіі.
— Наколькі цяжка было перажываць павышаную ўвагу да вас як сына першай асобы раёна?
— Сапраўды, місія быць сынам першага сакратара райкама вельмі адказная. Безумоўна, у гэтым выпадку ты знаходзішся нібы пад павелічальным шклом, таму што цябе ведаюць усе і твае паводзіны заўсёды пад павышанай увагай. Я не быў уседлівым дзіцем, і сядзець за падручнікамі было не маё, але пачуццё адказнасці было заўсёды: усе дамашнія заданні павінны быць выкананы — было няважна, выканаў ты іх падчас урока матэматыкі ці ўвечары, прыйшоўшы з трэніроўкі. І мне не было сорамна перад бацькамі за мае школьныя поспехі, бо скончыў школу я на “добра” і “выдатна”, і чацвёрак у атэстаце было нямнога.
Потым, калі паступаў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны на спецыяльнасць “Фізічнае выхаванне”, ужо дакладна быў упэўнены, што мяне там ніхто не ведае і ўсе мае дасягненні
не маюць дачынення да аўтарытэту бацькі. Дарэчы, мне заўсёды было важна, каб мяне ацэньвалі па выніках маёй уласнай працы.
— Чаму выбралі менавіта фізічнае выхаванне?
— Мой дзед загінуў на вайне, нават не пабачыўшы свайго сына — майго бацьку. Таму свой жыццёвы шлях бацька шукаў сам і перадаў мне ў спадчыну адказнасць да той справы, якой займаешся.
Калі пасля школы паўстаў выбар, у якую навучальную ўстанову паступаць, я вельмі здзівіўся, калі мой бацька, які заўсёды меў вырашальнае слова як галава сям’і, не стаў настойваць на сваім бачанні маёй прафесійнай кар’еры (магчыма, спадзяваўся, што я пайду куды-небудзь у матэматыку ці эканоміку) і пагадзіўся з маім выбарам вучыцца на выкладчыка фізкультуры. Пасля ён пільна назіраў за мной і тым, як развіваецца мая прафесійная траекторыя.
Паступаючы ва ўніверсітэт, ужо меў дасягненні ў лёгкай атлетыцы, а потым пераарыентаваўся на атлетычную гімнастыку (сілавое трохбор’е). А на апошніх курсах яшчэ, ужо больш для сябе, стаў займацца боксам. Універсітэт я скончыў дастойна. Дыплом на тэму “Псіхадыягностыка спорту найвышэйшых дасягненняў” абараніў на “выдатна”. Інакш і быць не магло, бо кіраўніком майго дыплома быў наш дэкан Барыс Макаравіч Зайцаў. Ён быў надзвычай патрабавальны, ведаў усё пра кожнага студэнта факультэта, і не толькі пра паспяховаць, але і пра паводзіны за межамі ўніверсітэта, асабліва тых, хто жыў у інтэрнаце. Ён мог прыехаць у інтэрнат з раптоўным візітам, калі мы яго зусім не чакалі.
Склалася так, што пасля заканчэння ўніверсітэта я не працаваў па спецыяльнасці, але пэўны вопыт педагагічнай работы атрымаў падчас практыкі, якую, дарэчы, праходзіў у сярэдняй школе № 10 Гомеля, дзе пачынаў вучыцца ў першым класе.
— Якім настаўнікам фізкультуры вы былі?
— Працаваць з дзецьмі мне было цікава. Запомнілася некалькі момантаў. Уявіце сабе: 21-гадовы настаўнік прыходзіць у клас да 17-гадовых школьнікаў — амаль равеснікаў. Маладога настаўніка старэйшыя школьнікі часта не ўспрымаюць як педагога, які можа нечаму навучыць. Маёй задачай было наладзіць кантакт, каб навучэнцы ўспрымалі мяне не настаўнікам, які імі кіруе, а чалавекам, які дзеліцца вопытам і павінен навучыць гульнявым відам спорту. Школа была асаблівай. Яна знаходзілася ў цэнтры горада, і ў ёй вучыліся дзеці або бізнесменаў, або кіраўнікоў. І гэтыя школьнікі істотна адрозніваліся паводзінамі ад тых, хто вучыўся разам са мной у раённай веткаўскай школе. Разнастайных спакус было ўжо дастаткова, і мяжа паміж тымі, хто мог сабе іх дазволіць, а хто — не, ужо была заўважная. І як гэта часта бывае, знаходзіўся той, хто муціў ваду ва ўсім класе. Маёй першапачатковай задачай было знайсці паразуменне з нефармальным лідарам класа. Гэтую праблему ўдалося вырашыць вельмі хутка, і гэты хлопец праз некаторы час стаў маім галоўным “асістэнтам” па дысцыпліне.
Мне падабаецца педагагічная работа. Вярнуўшыся да яе ў каледжы, дзе выкладаў асновы права і шэраг іншых дысцыплін, мне даводзілася шмат працаваць з цяжкімі хлопцамі. Быў выпадак, калі адзін з навучэнцаў (група вучылася ў другую змену) адпрасіўся з заняткаў, каб набыць кветкі і павіншаваць маці з днём нараджэння. Адпусціўшы яго для такой добрай справы, я пайшоў у свой кабінет і патэлефанаваў яго маці. Каб, натуральна, павіншаваць яе з днём нараджэння і расказаць, які ў яе добры сын. Жанчына была вельмі здзіўлена маім віншаваннем, таму што… дзень нараджэння ў яе быў у зусім іншы дзень (смяецца). Вядома, падман раскрыўся (хлопец пасаромеўся, адпрошваючыся, сказаць, што паехаў мірыцца са сваёй дзяўчынай). Выклікаў яго і проста пагаварыў, але я не думаў, што тая размова будзе мець такія сур’ёзныя наступствы — хлопец у групе стаў, можна сказаць, маёй правай рукой.
Такіх гісторый можна расказваць шмат. Сутнасць іх у адным: педагог павінен зазірнуць у душу кожнага выхаванца, каб зразумець яго і наладзіць канструктыўныя ўзаемаадносіны.
— Як трапілі ў сістэму прафтэхадукацыі?
— Пасля заканчэння ўніверсітэта я працаваў у шэрагу камерцыйных структур. Таксама быў вопыт вядзення ўласнага бізнесу. За заробленыя грошы атрымліваў завочную юрыдычную адукацыю ў Міжнародным інстытуце працоўных і сацыяльных адносін. Не сакрэт, што любая камерцыйная дзейнасць звязана з юрыдычнымі пытаннямі. І тут таксама тэорыя і практыка супалі: была магчымасць працаваць са сталымі юрыстамі і набрацца вопыту. І менавіта гэты перыяд дапамог мне потым працаваць на іншых пасадах. Набытыя ў рэальным сектары эканомікі практычныя навыкі дапоўніліся веданнем адукацыйнага кампанента, таму сёння мне камфортна мець зносіны з нашымі заказчыкамі кадраў, бо я разумею спецыфіку іх дзейнасці — падыход да вырашэння многіх пытанняў ў вытворчай і сацыяльнай сферах істотна адрозніваецца. І сёння, абмяркоўваючы з заказчыкамі кадраў патрабаванні да кваліфікацыі будучых спецыялістаў, якіх мы рыхтуем, і пералік патрэбных пэўнай сферы спецыялістаў, мы прыходзім да паразумення.
У сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі я трапіў у 1999 годзе, калі прыйшоў у Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі працаўладкоўвацца як юрыст (як я казаў, я скончыў МІПСА па спецыяльнасці “Правазнаўства (адвакатура і натарыят)”). Рэктар інстытута Аркадзь Ханонавіч Шкляр прапанаваў пасаду памочніка рэктара, і я акунуўся ва ўсе арганізацыйныя працэсы сістэмы прафтэхадукацыі.
Тады яшчэ адным маім Настаўнікам стаў Уладзімір Лукіч Верхавец, які зрабіў значны ўклад у развіццё сістэмы прафтэхадукацыі на пасадзе старшыні Дзяржкамітэта па прафтэхадукацыі Беларусі (1980—1988). Калі я прыйшоў у РІПА, ён быў саветнікам рэктара, і мы працавалі з ім у адным кабінеце. Па сутнасці, пра традыцыі сістэмы і розныя цікавыя выпадкі я даведаўся менавіта ад яго. У той час мяне вельмі ўразілі яго адносіны да людзей: на першае месца ён заўсёды ставіў чалавека з яго асаблівасцямі, характарам і асабістымі якасцямі, але галоўным для яго быў прафесіяналізм. Ён меў здольнасць гарманічна задзейнічаць усе ўменні і навыкі падначаленага дзеля карысці і развіцця агульнай справы ўсёй сістэмы, рэгіёна ці пэўнай навучальнай установы. І калі мы рыхтавалі кнігу да чарговага юбілею сістэмы прафтэхадукацыі (гэта было 60-годдзе), Уладзімір Лукіч сказаў мне: “Ты ў гісторыю сістэмы прафтэхадукацыі таксама ўпішаш сваю старонку”. Яго словы аказаліся прарочымі.
— Што вас прымусіла пайсці ў навуку?
— Да 2008 года я працаваў памочнікам рэктара і ўжо ведаў усю арганізацыйную структуру і прынцыпы работы сістэмы. А вось са зместам навучання падрабязна знаёмы не быў. І тады Аркадзь Ханонавіч адправіў мяне са штаба на перадавую: так я стаў спачатку выкладчыкам, загадчыкам аддзялення, а потым і дырэктарам Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, які знаходзіцца ў структуры РІПА. Прыйшоўшы ў каледж, стаў мэтанакіравана працаваць над абнаўленнем адукацыі і адкрыццём новых спецыяльнасцей. І чым больш я паглыбляўся ў гэта, тым больш разумеў, што без навукі тут не абысціся.
У той час мы адкрывалі новую спецыяльнасць “Мехатроніка”, па якой пачыналі рыхтаваць рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Былі рэалізаваны абсалютна новыя падыходы і сфарміравана сучасная матэрыяльная база. Ідэя атрымала вельмі добрае развіццё, і сёння на базе каледжа створана мадэль сучаснай разумнай фабрыкі, па якой мы не толькі вучым моладзь, але і праводзім павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў прадпрыемстваў прамысловасці розных сфер па працэсным кіраванні і аперацыйным менеджменце, дзе паказваем, як можна аптымізаваць вытворчыя працэсы за кошт укаранення сучасных тэхналогій. Для гэтага ў адным з нашых рэсурсных цэнтраў стварылі лабараторыю па разумнай фабрыцы і мехатроніцы, якую сертыфікавалі па міжнародных стандартах.
У навуку я прыйшоў праз практыку. Тэма дысертацыі першапачаткова была скіравана крыху ў іншую сферу, але потым разам з маім навуковым кіраўніком і настаўнікам, доктарам педагагічных навук, прафесарам, акадэмікам Расійскай акадэміі адукацыі, выдатнікам прафтэхадукацыі СССР, заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь Аркадзем Ханонавічам Шклярам мы яе карэкціравалі, зыходзячы з маёй работы ў каледжы, — мяне зацікавілі змяненні ў змесце і сістэме падрыхтоўкі кадраў для мэт развіцця дзяржавы, эканомікі і грамадства.
Вельмі каштоўным быў уплыў на маё станаўленне ў навуцы вучонага і метадолага Эдуарда Мечыслававіча Каліцкага, які сёння працуе саветнікам рэктара, а да гэтага разам з А.Х.Шклярам стаяў ля вытокаў стварэння РІПА і працаваў першым прарэктарам; Міхаіла Васільевіча Ільіна, які працяглы час працаваў прарэктарам РІПА па навукова-метадычнай рабоце; Юрыя Ільіча Крычэўскага, Асі Пятроўны Канановіч і іншых супрацоўнікаў інстытута.
На базавых пастулатах савецкай навуковай школы А.Х.Шкляру ўдалося стварыць навуковую школу прафесійнай адукацыі ў нашай краіне, уключаючы аспірантуру і савет па абароне кандыдацкіх дысертацый. У першым складзе савета працавалі такія вядомыя расійскія вучоныя-педагогі, як стваральнік сучаснай метадалогіі і тэорыі адукацыі, заслужаны дзеяч навукі Расіі, доктар педагагічных навук, прафесар, акадэмік РАА Аляксандр Міхайлавіч Новікаў; доктар педагагічных навук прафесар Ірына Анатольеўна Іўлева. Была ўнікальная магчымасць мець зносіны з гэтымі славутымі вучонымі. Многія з тых, хто працуе ў РІПА і іншых установах нашай сістэмы, абараняліся ў нашым савеце і з’яўляюцца паслядоўнікамі гэтай навуковай школы.
Я вельмі ўдзячны лёсу, што ў маім жыцці сустракаліся такія Настаўнікі, якія на пэўным этапе адыгралі вельмі важную ролю ў развіцці сістэмы — кіраўнікі і вучоныя, якіх ведаюць і цэняць на постсавецкай прасторы і ў краінах Еўропы.
Сёння мы працягваем развіваць тое, што тады было пачата ў навуцы, эвалюцыйна ўкараняем у практыку інавацыі. Мы змаглі не толькі захаваць сістэму прафтэхадукацыі, але і развіць і ўдасканаліць яе. Сёння яе бяруць за аснову многія краіны, і мы дзелімся сваім вопытам. Расійская Федэрацыя, Узбекістан і іншыя краіны ініцыіруюць стварэнне ўстаноў, аналагічных нашаму РІПА. Але паўтарыць шлях станаўлення нашага інстытута не зусім атрымліваецца, бо гэта гады карпатлівай працы па стварэнні сістэмы навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі. Менавіта па гэтай прычыне наш вопыт вельмі запатрабаваны.
— Чым жывяце зараз? Ці лічыце сябе паспяховым чалавекам?
— У мяне прыгажуня і разумніца жонка Жанна, якая знайшла сябе ў цырульніцкім майстэрстве адразу пасля школы і застаецца вернай прафесіі да гэтага часу. Старэйшаму сыну Максіму 21 год, малодшаму Вячаславу — 16. Я вельмі рады, што адносіны паміж намі заснаваны на даверы, мне вельмі прыемна, калі яны самі прыходзяць, каб падзяліцца нейкімі навінамі ці атрымаць параду.
Калі я надоечы стаў гартаць школьны альбом, успамінаючы школу і аднакласнікаў, знайшоў у ім вельмі цікавы дакумент, пра існаванне якога нават і не памятаў. Гэта “Ліст у будучыню”, выдадзены Лельчыцкім раённым Саветам дэпутатаў маім бацькам, калі мяне рэгістравалі адразу пасля нараджэння. У тэксце, канечне, шмат палітычных лозунгаў таго, савецкага, часу, але ў галоўнай частцы ёсць такі тэкст: “Жыццё вымяраецца не пражытымі гадамі, а тым, што ты зрабіў добрага для людзей, які пакінуў пасля сябе след на зямлі. Будзь сумленным, прыстойным у вялікіх і малых справах. Паважай бацькоў і старэйшых. Ніколі не пакідай у бядзе чалавека. Падтрымлівай гонар калектыву, у якім вучышся і працуеш. Памятай: шчасце — гэта радасная праца на карысць свайго народа, барацьба за цудоўную будучыню ўсяго чалавецтва”. Яшчэ раз перачытаўшы гэта, злавіў сябе на думцы, што па гэтых пастулатах я жыву ўсё жыццё.
— Што б вы пажадалі педагогам краіны напярэдадні Дня настаўніка?
— Акрамя звычайных віншаванняў з надыходзячым Днём настаўніка, хачу сказаць, што мы жывём у цікавы перыяд, калі вакол адбываецца шмат змен, і ад педагога патрабуецца не толькі передача ведаў, але і пошук новых падыходаў і методык і прымяненне іх у сваёй рабоце. Жадаю ўсім настаўнікам і выкладчыкам творчасці ў працы, задавальнення ад вынікаў сваёй дзейнасці, калі навучэнцы, дасягнуўшы пэўных вышынь у жыцці і адбыўшыся як асоба, прыходзяць да настаўніка і дзякуюць яму. У нас зараз вельмі цікавая моладзь, яна прагматычная і хоча, каб з ёй размаўлялі і яе чулі, на роўных і разам вырашаючы надзённыя пытанні. Таксама жадаю нязгаснай энергіі і творчага натхнення ў вашай нялёгкай працы, каб вы выхавалі яшчэ не адно дастойнае, разумнае і адукаванае пакаленне. І канечне, здароўя і дабрабыту ў сем’ях, таму што моцная сям’я — гэта аснова для развіцця прафесійнай дзейнасці і выхавання дзіцяці.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Валерыя ГАЛУБОЎСКАГА.