Сёння ў праекце “Мая школа” незвычайны госць. Пра яго можна сказаць: педагог ад прыроды. Ужо паўтара дзясятка гадоў ён адпраўляе і сустракае цягнікі ад станцыі Заслонава да станцыі Сасновы Бор. Ён любіць сваіх выхаванцаў, і яны адказваюць яму тым жа. Наш субяседнік — начальнік Дзіцячай чыгункі імя К.С.Заслонава Валерый Віктаравіч САВІЧ.
— Валерый Віктаравіч, колькі вы ўжо на “Малой Беларускай”?
— На дзіцячай чыгунцы я працую 15 гадоў. Прыйшоў сюды з лакаматыўнага дэпо. А ўвогуле на чыгунцы працую ўжо 43 гады. Калі скончыў школу, у 1977 годзе паступіў у мінскае гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 34 чыгуначнага транспарту, і з таго часу маё жыццё звязана з чыгункай.
Скончыўшы вучылішча і атрымаўшы дыплом з адзнакай, пайшоў працаваць памочнікам машыніста цеплавоза, паўгода да арміі, а потым і пасля дэмабілізацыі працаваў у лакаматыўным дэпо “Мінск”. Быў памочнікам машыніста электравоза, машыністам цеплавоза і электравоза. Потым стаў машыністам-інструктарам па навучанні лакаматыўных брыгад.
15 гадоў назад паступіла прапанова пайсці на дзіцячую чыгунку, бо вопыт навучання машыністаў у мяне ўжо быў і з дзецьмі я ладзіў нядрэнна. Профіль быў той жа, а вось умовы працы новыя.
— Не страшна было ісці вучыць дзяцей?
— Мне вельмі дапамагло тое, што ў гэты час падрастаў мой сын, які, як і я, быў фанатам чыгуначнага транспарту. Яму было 14 гадоў, і мне давялося працаваць з яго равеснікамі. Адказы на ўсе пытанні сына падрыхтавалі мяне да размоў з яго аднагодкамі, якія прыходзілі на дзіцячую чыгунку. Так што я ўжо меў вопыт зносін з падлеткамі. Дарэчы, сын тры гады займаўся на дзіцячай чыгунцы і звязаў свой далейшы лёс з гэтам відам транспарту.
Магчыма, Бог нешта дае і ад нараджэння, але ўсё спазнаецца тады, калі прыходзіць час: нехта малюе, нехта піша вершы, а некага вабяць рэйкі і цягнік. Жончына сястра, якая ўсё жыццё працуе настаўніцай пачатковых класаў, неяк сказала: “Калі б ты пайшоў працаваць у школу, ты стаў бы цудоўным педагогам. Ты вельмі добра ладзіш з дзецьмі, і нават не падумаеш, што ў цябе няма педагагічнай адукацыі”.
— Што яшчэ дапамагала ў рабоце з дзецьмі?
— Вельмі часта ўспамінаў, якія былі зносіны з сябрамі ў маім дзяцінстве, і спрабаваў на аснове гэтага будаваць адносіны з навучэнцамі. У прынцыпе, дзятва не памянялася. Змяніліся тэхналогіі і іх захапленні, а дзіцячы погляд на свет застаўся нязменным. Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі! Цікавасцю да ўсяго новага мы нічым не адрозніваліся ад сённяшняга пакалення — проста ў іх зараз большыя, чым у нас, тэхналагічныя магчымасці.
Безумоўна, сённяшнія дзеці шмат страцілі ў тым, што, маючы ўсё гатовае, развучыліся рабіць маленькія вынаходніцтвы,страцілі жаданне нешта змайстраваць сваімі рукамі і праз гэта сталі менш прыстасаванымі да жыцця: навошта рабіць штосьці самому, калі гэта можна купіць у магазіне. Памятаю, як я, карпатліва збіраючы грошы, марыў купіць фотаапарат “Зеніт”, а сёння фотакамера ёсць у любым тэлефоне.
Нягледзячы на ўсё, цяга да тэхнікі, прага рамантыкі чыгункі ў дзяцей засталіся, і у гурток “Юны чыгуначнік” прыходзяць усё новыя і новыя выхаванцы, а нашы выпускнікі звязваюць свой лёс з чыгункай.
— У вас таксама была прага рамантыкі і цікавасць да цягнікоў?
— У школьныя гады ў мяне былі два захапленні: фатаграфія і біялогія. Маці спадзявалася, што я буду паступаць у медыцынскі інстытут, але склася так, што я пайшоў у зусім іншую сферу.
У мяне не вельмі добра складваліся адносіны з арганічнай хіміяй, і я добра разумеў, што без трывалых ведаў па гэтым прадмеце ў медінстытут я не паступлю.
Відаць,так было наканавана. Неяк, праходзячы міма будынка вучылішча, прачытаў (рэкламы ў тыя часы не было), што там прымаюць дакументы на спецыяльнасць “Памочнік машыніста”. Зайшоў, падаў дакументы і застаўся ў гэтай сферы на ўсё жыццё.
— Як адрэагавалі бацькі на ваша рашэнне?
— Мае бацькі былі вельмі простымі людзьмі і прынялі маё рашэнне з разуменнем і павагай да майго выбару. Безумоўна, яны былі вельмі рады, калі я прынёс дадому сваю першую заработную плату: 160 рублёў у той час, калі сярэдняя зарплата па краіне была 80 (матэрыяльны дабрабыт ніхто не адмяняў).
— Наколькі адметнымі былі школьныя гады?
— Дзяцінства было вясёлае. Побач было Камсамольскае возера, так што можна лічыць, што мы жылі амаль за горадам — уклад жыцця быў напаўвясковы. У дзяцінстве, бывала, лазілі ў суседскія сады па грушы і яблыкі. Бегалі на “салдацкія горы” — недалёка ад нас была ваенная часць.
Да 8 класа я вучыўся ў 37-й мінскай школе, што знаходзілася ў кольцы трамвая № 4, а калі мы пераехалі ў іншы раён, прыйшлося ўстанову памяняць, так што заканчваў я ўжо сярэднюю школу № 38.
Безумоўна, памятаю свой першы клас і першую настаўніцу Наталлю Захараўну. Як пісалі ў сшытках у касую лінейку рысачкі, кружочкі і кручочкі. Пісалі мы пер’евымі ручкамі і з сабой заўсёды насілі чарніліцу. Памятаю, як было крыўдна, калі на апошнім радку старанна выкананага дамашняга задання з’яўлялася клякса, і прыходзілася ўсё перапісваць нанава.
Ганак школы знаходзіўся за 40 метраў ад нашага дома, таму мама заўсёды сачыла за тым, як я заходзіў у школу.
Прыкладнымі паводзінамі ў школе я не адрозніваўся, але да выклікаў да дырэктара не даходзіла: разумеў мяжу таго, што можна, а чаго нельга. У чым прызнаюся, дык гэта ў тым, што ў мяне было два дзённікі: адзін для настаўнікаў, другі — з добрымі адзнакамі — для бацькоў.
Шчыра кажучы, калі сабраць усё тое, што мы рабілі ў школе, можна было б стварыць цэлы дапаможнік пра тое, як насаліць настаўніку. Быў, напрыклад, такі выпадак. Наш настаўнік матэматыкі вельмі любіў стукаць класным журналам па стале, і мы аднойчы зрабілі “дыверсію”: злёгку раскруцілі яго чарнільную ручку і паклалі на месца — у выніку ўсе адзнакі за чвэрць былі заліты чарніламі.
— Магчыма, вам самому даводзілася быць у якасці аб’екта вучнёўскіх “дыверсій”?
— За час маёй педагагічнай дзейнасці такога не здаралася. Магчыма, таму, што нашы юныя чыгуначнікі адрозніваюцца ад сярэднестатыстычнага школьніка. На дзіцячую чыгунку дзеці прыходзяць па сваім уласным жаданні, і калі ім нешта не падабаецца, яны могуць проста больш не прыходзіць на заняткі — у школе такі нумар не пройдзе. А тыя, каму цікава і важна нешта даведацца, застаюцца, і нават не на адзін год. Нашы выхаванцы — сур’ёзныя падлеткі, якія задумваюцца пра сваю будучыню і маюць нейкія перспектывы. За 15 гадоў шмат хто з нашых выхаванцаў скончыў профільныя навучальныя ўстановы і працуе на чыгуначным транспарце. На жаль, на жаданыя спецыяльнасці трапляюць не ўсе, бо на чыгунцы вельмі высокія патрабаванні па стане здароўя, і некаторыя, маючы вялікае жаданне і патрэбныя веды, не праходзяць па здароўі.
— Ці былі ў школе настаўнікі, на якіх хацелася быць падобным?
— У нас былі цікавыя настаўнікі. Вельмі добра памятаю ўрокі рускай літаратуры — нам было цікава з нашай настаўніцай.
Наша класны кіраўнік Ірына Пятроўна Шаравера выкладала фізіку. Мне падабаліся электратэхніка і оптыка. Відаць, таму на ўроках фізікі было вельмі цікава і ўсё атрымлівалася. А вось з матэматыкай не вельмі сябраваў.
Увогуле, вучыўся ў школе я нядрэнна, але зорак з неба не хапаў. Асэнсаванне неабходнасці навучання прыйшло крыху пазней — у вучылішчы. Стаў разумець, што дзяцінства заканчваецца і трэба самому думаць і прымаць рашэнні.
Відаць, па гэтай прычыне педагогаў вучылішча я памятаю лепш. Электратэхніку выкладала Маргарыта Тарыева, майстрам вытворчага навучання быў Ігнат Ігнатавіч Лаўкет, сярод выкладчыкаў былі Пётр Афанасьевіч Сліж і Васіль Андрэевіч Цецярук — людзі, якія былі настаўнікамі з вялікай літары. Як аказалася, база ведаў, якую я атрымаў у школе, была шырэйшай, чым я яе ацаніў, бо ўся далейшая вучоба давалася вельмі лёгка. З таго часу ўсе навучальныя ўстановы і курсы — вучылішча, завочнае аддзяленне Усесаюзнага тэхнікума чыгуначнага транспарту ў Маскве, курсы машыністаў, курсы ваенных кухараў — я заканчваў з адзнакай.
— Раскажыце крыху падрабязней, як вас, прызыўніка з тэхнічнай прафесіяй памочніка машыніста цеплавоза, “занесла” вучыцца на кухара?
— У арміі я служыў у Бабруйску. На той момант не было запатрабаванасці маёй кваліфікацыі, і (да гэтага часу не ведаю чаму) у чыгуначныя войскі мяне не ўзялі. Прапанавалі пайсці ў 168-ю школу ваенных кухараў. Атрымалася, як у няпісаным салдацкім законе: “да кухні бліжэй, ад начальства далей” (смяецца). Па завяршэнні навучання атрымаў чацвёрты разрад.
— Ці гатуеце дома?
— Я лічу, што на кухні павінна быць адна гаспадыня. Гатаваць умею, але аддаў гэтую парафію жонцы. Да таго ж для мяне на кухні галоўнае — не парадак, а сам творчы працэс, і пасля мяне ў памяшканні патрабуецца вялікае прыбіранне (смяецца).
— У вас надзвычайная місія: адначасова і гарантавацьбяспеку на дзіцячай чыгунцы, і адказваць за дзяцей, якія праходзяць на ёй практыку.
— Пачнём з таго, што адразу без адпаведнай падрыхтоўкі на месца машыніста падлетка ніхто не пасадзіць. Каб быць машыністам, правадніком, дзяжурным па станцыі, трэба прайсці адпаведны курс навучання. Напрыклад, машыністам дзіцячай чыгункі можна стаць толькі на трэці год і толькі пасля здачы сапраўдных экзаменаў. Нашы выхаванцы ў поўным аб’ёме вывучаюць устройства цеплавоза, асновы вядзення і кіравання тармазамі цягніка, значэнне сігналаў на чыгуначным транспарце і шмат што іншае. Без гэтага нікуды. На дзіцячай чыгунцы не існуе нейкіх асаблівых правілаў — усё, як на сапраўднай “дарослай чыгунцы”: усе інструкцыі і нарматывы аднолькавыя. Так што нашы гурткоўцы хоць і гуляюць у дзіцячую чыгунку, але гуляюць па-даросламу.
Нашы выпускнікі, якія ідуць вучыцца ў профільныя каледжы і ўніверсітэт транспарту, кажуць, што ім вельмі лёгка вучыцца там, бо яны ўжо ведаюць асноўную частку дакумента і, дзякуючы набытаму практычнаму вопыту, разумеюць, пра што расказвае выкладчык. Прызнаюся, што, калі я паступіў у вучылішча, шмат якія рэчы былі мне незразумелыя, бо я быў далёкі ад гэтай сферы: размовы пра, напрыклад, стрэлачны перавод і выфарбоўванне вастракоў, памеры элементаў і нормы зносу былі для мяне проста наборам слоў, і гэта трэба было вывучыць і адказаць на экзамене.
— Валерый Віктаравіч, ваш сын пайшоў па вашым шляху. Ці можна лічыць, што вы сталі заснавальнікам дынастыі чыгуначнікаў?
— Пра гэта гаварыць яшчэ рана. Вось калі ўнучкі (а яны яшчэ маленькія) выберуць прафесіі, звязаныя з чыгуначным транспартам, то, магчыма, так і будзе. А пакуль чыгуначнікаў у нашай сям’і трое.
Не ведаю, як гэта атрымалася, але Аляксейхварэў на чыгунку з самага нараджэння. З 4-х гадоў ён часта хадзіў са мной на работу, а самымі любімымі кніжкамі былі кнігі па канструкцыі цеплавозаў і электравозаў. Скончыў каледж, працаваў памочнікам машыніста, а пасля заканчэння БелДУТ працуе інжынерам па бяспецы руху лакаматыўнага дэпо “Мінск”. Дарэчы, і нявестка мая таксама чыгуначніца.
— Ці здараліся ў вашай прафесійнай кар’еры такія выпадкі, што пасля вы адчувалі гордасць?
— Складанасці бываюць у любой прафесіі, а тым больш на транспарце. Пра многія пазаштатныя сітуацыі не прынята гаварыць. Напрыклад, даводзілася на няспраўным цеплавозе давозіць цягнік да канцавой станцыі. Самае галоўнае ў гэтых выпадках — не панікаваць самому, а ў пасажыраў нават не павінна закрасціся думка, што нешта ідзе не так. Дарэчы, не заўсёды нават і цягніковая брыгада ведае поўную сітуацыю на лакаматывае, бо ў нас няма пераходу ад лакаматываў да вагонаў. Да таго ж пры грузавым руху машыніст з памочнікам на перагоне ўвогуле ўдваіх самі па сабе разам з вялізным таварным цягніком — усе рашэнні прымаюцца толькі тут і зараз.
Чалавеку важна ўмець пралічваць і прайграваць сітуацыі, якія ў тваім жыцці не здараліся, але маглі б адбыцца. Такая тактычная гульня часам можа вельмі дапамагчы. Бо, як кажуць, калі нешта можа паламацца, яно ламаецца. Машыніст — гэта апошні чалавек, які можа папярэдзіць любую бяду. Таму ён павінен ведаць не толькі ўстройства лакаматыва, але і работу дзяжурнага па станцыі, устройства чыгуначнага пуці, сігналізацыі і сувязі, кантактнай сеткі. Увогуле, любая прафесія патрабуе ўвагі і працы, ведаў і ўменняў.
— Чым займаецеся ў вольны час?
— Сёння для мяне творчая аддушына — фатаграфія. Гэтае захапленне ўзнікла даўно, а потым перайшло ў калекцыяніраванне. Сёння ў маёй калекцыі каля 50 фотаапаратаў розных гадоў і краін выпуску, прычым амаль усе ў рабочым стане (у юнацтве я нават рамантаваў фотаапараты). Я не вялікі калекцыянер, але тое, што трапіла ў мае рукі, ад мяне ўжо не сыходзіць. Збіраю не толькі рарытэтныя фотаапараты, але і значкі чыгуначнай тэматыкі.
З плёначных фотаапаратаў, якімі захапляўся ў дзяцінстве і юнацтве, перайшоў на лічбавае фота і заняўся камп’ютарнай фотаапрацоўкай. Самастойна авалодаў камп’ютарам — для мяне гэта было няцяжка, бо зносіны з ім я пачынаў, калі толькі нараджаліся першыя ЭВМ. Першым маім камп’ютарам быў “Вектар” з працэсарам Z80. Першая спроба накладання эфектаў на фатаграфію была выпадковай, а потым пайшло-паехала.
Як аказалася, я вельмі творчы чалавек (смяецца). Яшчэ спрабаваў сябе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве: разьбярстве па косці і дрэве, інкрустацыі па дрэве, спрабаваў ствараць ювелірныя вырабы. Даўно на аматарскім узроўні займаюся чыгуначным мадэляваннем, але асабліва не спяшаюся і раблю гэта для душы, таму мой макет стаў сапраўдным “даўгабудам” (смяецца).
— А за што сябе не любіце?
— Бывае, магу кінуць няскончаную работу, калі да завяршэння застаецце 5%. Жонка з-за гэтага часам сварыцца на мяне. Мне цікавы працэс пошуку рашэння, а калі рашэнне знойдзена, я магу страціць цікавасць да гэтага прадмета.
— Вы сябе лічыце педагогам?
— Зараз, відаць, ужо так!
— Калі прыйшло асэнсаванне гэтага?
— У той час, калі да мяне сталі прыходзіць нашы выпускнікі, каб выказаць падзяку як старэйшаму таварышу, настаўніку і майстру.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва В.Савіча.