Умець знаходзіць падыход да дзіцяці — галоўная якасць педагога. І каб яе ў сабе развіць, патрэбны і тэарэтычныя веды, і практыка. Ідэальна для гэтага падыходзіць работа ў летніку. Віцебскім студэнтам педагагічнай упэўненасці надае і навучанне ў школе важацкага майстэрства. Днямі пачнецца новы яе сезон.
”Работа ў дзіцячых лагерах — гэта адзін з сямі нашых профіляў, — гаворыць Надзея Шахоўская, камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў. — Сярод дзяўчат ён самы папулярны, а ў хлопцаў — другі па папулярнасці, саступаючы галоўныя пазіцыі будаўнічым і вытворчым атрадам. Як правіла, у педагагічныя атрады трапляюць тыя, хто атрымлівае педагагічную спецыяльнасць ці ўжо яе мае. Калі студэнт — будучы педагог, то важацкая практыка для яго абавязковая. А папярэднічае ёй важацкі спецкурс на базе УВА. Звычайна на працягу тыдня-двух. Дадаткова мы сумесна з РІВШ арганізавалі навучанне па сістэме “Школы лідара” для камандзіраў педагагічных атрадаў”.
Але, па словах Надзеі Шахоўскай, пры жаданні прымераць на сябе прафесію педагога можа любы студэнт незалежна ад яго будучай прафесіі — ці то гэта будаўнік, ці IT-спецыяліст, ці медык. Для гэтага і праводзяцца школы важатых. І асаблівай папулярнасцю ў студэнтаў карыстаюцца тыя з іх, дзе выкладчыкі — самі студэнты. Яны ўжо маюць вопыт работы ў летніках, ведаюць патрабаванні да важатых. Яны самі набіраюць слухачоў, праводзяць для іх лекцыі з далучэннем іншых педагогаў, камандзіраў тэрытарыяльных штабоў БРСМ і расказваюць пра традыцыі, культуру, ідэалогію студатрадаўскага руху. І доўжыцца такое навучанне не пару тыдняў, а некалькі месяцаў.
Чытайце матэрыял Святланы Нікіфаравай у нумары ад 3 лютага 2023 года.