Вечны горад

Адзін з самых прыгожых (калі не самы прыгожы), самых старажытных (калі не самы старажытны), самых загадкавых (калі не самы загадкавы) беларускіх гарадоў адзначае своеасаблівы юбілей, круглую дату (і кругоў у гэтай даце аж цэлых шэсць штук!) — 888 гадоў з моманту першай згадкі ў гістарычных дакументах. Дата не проста круглая, а сімвалічная. Калі перавярнуць васьмёркі, то тройчы атрымаецца знак бясконцасці, вечнасці. Вечны горад — так называлі яшчэ ў Антычнасці Рым і так па праве можна называць сучасны Гродна.

Турыстычная сталіца

Як і старажытны Рым, Гродна з даўніх часоў знаходзіцца на перасячэнні гандлёвых шляхоў. Сюды прыязджалі і прыплывалі купцы з Палесся, Прыбужжа, Жамойці, Валыні, Падляшша, многіх краін Еўропы і Усходу, што садзейнічала эканамічнаму і культурнаму росту горада, уплывала на яго нацыянальны і рэлігійны склад, асаблівасці планіроўкі і архітэктурнай спадчыны. Як і Старажытны Рым, Гродна заснаваны на ўзвышшах і ва ўсе перыяды сваёй гісторыі быў умацаваным паселішчам. Як і Старажытны Рым, ён прыцягвае да сябе мільёны турыстаў. Канечне, калі сталіца Італіі прымае гэтую колькасць гасцей усяго за некалькі месяцаў, то Гродну для дасягнення такіх паказчыкаў патрабуецца некалькі гадоў. Спадзяёмся, пакуль што, бо ўсе ўмовы для больш шырокага выкарыстання турыстычнага патэнцыялу ў горада ёсць, у тым ліку для атрымання неафіцыйнага статусу турыстычнай сталіцы Беларусі.

Мінск, Брэст, Віцебск, Магілёў, Гомель, безумоўна, адметныя гарады, аднак той, хто хоць раз прагуляўся па звілістых і ўтульных гродзенскіх вулачках, адчуў сэрцам і душой іх асаблівую атмасферу, абавязкова захоча вярнуцца, каб яшчэ раз прайсціся ад аўтавакзала да Старога замка, забрацца на высокае замчышча і пасядзець там гадзінку-другую, падставіўшы твар сонцу і ветру, палюбавацца панарамай старога моста, паназіраць за плынню Нёмана. Рым, Вена, Прага, Будапешт… Вам хочацца наведаць еўрапейскія сталіцы, прагуляцца па брукаваных вулачках, даведацца пра адметнасці архітэктурных стыляў розных эпох, але для такога падарожжа ў вас не хапае часу і грошай? Не бяда! Ёсць Гродна! Багаццем гісторыі, разнастайнасцю архітэктурнай спадчыны ён не саступае ні Рыму, ні Вене, а яго галоўная водная артэрыя — Нёман — сваёй прыгажосцю паспрачаецца з самім Дунаем.

Галасы мінулага

Прагулка ўздоўж будынкаў XVI— XX стагоддзяў будзе памятнай і цікавай, аднак знаёмства з багатым мінулым горада атрымаецца ўсё ж павярхоўным. Выправіць сітуацыю вельмі проста: варта завітаць у Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства (яго будынак знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада), супрацоўнікі якога могуць або самастойна правесці экскурсію па горадзе, або параяць звярнуцца ва ўстановы адукацыі, дзе найбольш моцна гучаць галасы гісторыі. “Галасы гісторыі” — менавіта так называецца традыцыйны абласны краязнаўчы конкурс, які праводзіцца супрацоўнікамі цэнтра раз у два гады. Сёлета конкурс, вынікі якога былі падведзены напрыканцы красавіка, быў прысвечаны 888-годдзю Гродна.

Як паведаміла загадчык аддзела краязнаўства Святлана Вітальеўна Іоська, пераможцы адборачнага тура “Страчаная спадчына” паказвалі журы (у яго склад уваходзілі выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, вядомыя краязнаўцы, даследчыкі гісторыі горада) свае веды падчас фінальнага этапу — вочнага тура “Гартаючы старыя альбомы: Гродна ўчора і сёння”. Карыстаючыся рознымі сродкамі, юныя экскурсаводы змаглі ажывіць гісторыю, здзейсніць падарожжа ў мінулае.

— У кожным выступленні навучэнцаў адчуваўся боль, горыч страты сапраўдных жамчужын не толькі гродзенскай, але і еўрапейскай архітэктуры. Перад намі з небыцця паўставалі Фара Вітаўта і палац Радзівілаў, Ратуша і Аляксандра-Неўская царква, мы чулі цоканне капытоў і грукатанне карэт, гул старога рынку, а з палаца Тызенгаўза да нас даносіліся гукі балю. Паўстаў перад намі і атэль “Еўропа”, шэдэўр гродзенскай эклектычнай архiтэктуры, які быў знішчаны падчас пажару 1885 года. Асабліва кранальнымі былі словы экскурсавода Мірскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна Ксеніі Мацэль пра былую званіцу кляштара брыгітак, якая знаходзілася на супрацьлеглым баку сучаснай вуліцы Карла Маркса і нібыта спецыяльна перайшла праз дарогу, каб быць больш прыкметнай. Дзяўчына з горыччу адзначала, што, на жаль, праз пяць гадоў пасля знішчэння Фары Вітаўта такі ж незайздросны лёс напаткаў і званіцу. Быў момант, што надзея на яе адраджэнне здзейсніцца, нават падмурак новы заклалі, але толькі старыя фотаздымкі захоўваюць памяць аб былым харастве і велічы, — паведаміла Святлана Вітальеўна.

Кожны раз конкурс адкрывае малавядомыя факты з гісторыі Гродна. Вось і сёлета вучні Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Васіля Уладзіміравіча Герасімчыка прадставілі даволі цікавую работу “Гісторыя каналізацыі і водазабеспячэння Гродна”. “Настаўніцкая газета” ўжо расказвала пра гэтае даследаванне, таму падрабязна спыняцца не будзем, а нагадаем некаторыя факты, якія ўдалося адшукаць верцялішкаўскім вучням. Па словах юных даследчыкаў, ужо ў канцы XІV стагоддзя ў гродзенскім замку існавала сістэма ліўневых сцёкаў-канавак. Першая ж згадка пра грамадскае водазабеспячэнне горада адносіцца да 1541 года, калі Бона Сфорца загадала жыхарам прывесці ў належны стан закінуты імі калодзеж на гарадскім рынку (сучаснай Савецкай плошчы). Гэты вялізны калодзеж быў найважнейшым у горадзе і, як сведчаць дакументы, прыводзіўся ў дзеянне колавым механізмам. Цікава паведамілі школьнікі і пра шыкоўны для таго часу санвузел з арыгінальнай назвай “транзіт” у замку караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, створаны італьянскімі архітэктарамі.

— Фіналістам конкурсу было прапанавана прыняць удзел у алімпіядзе “Гродна ў люстэрку эпох”. Творчыя конкурсы алімпіяды “Роля асобы ў гісторыі Гродна” і “Подых гісторыі” дазволілі яшчэ раз прыгадаць знакамітых людзей, дзякуючы якім горад прайшоў складаны і супярэчлівы, бліскучы і бурлівы гістарычны шлях. Перад журы паўставалі вобразы з розных эпох і стагоддзяў: Давыда Гарадзенскага, Зоські Верас, Максіма Багдановіча, Паўліны Мядзёлка, Пятра Шумава, Францішка Друцкага-Любецкага. Напрыканцы сустрэчы канкурсанты наведалі гісторыка-краязнаўчы музей “Аўгустовак: гісторыя і лёсы” і музейны пакой “Гродна ў войнах XVII—XХ стагоддзяў”, якія працуюць на базе гімназіі № 4. Пераможцамі “Галасоў гісторыі” сталі навучэнцы Галавічпольскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна, гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы і Мірскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна. Літаральна некалькі балаў, а то і дзясятыя долі бала аддзялілі ад пераможцаў прадстаўнікоў устаноў адукацыі Гродна. Наогул, актыўная работа па вывучэнні мінулага горада вядзецца калектывам ліцэя № 1, сярэдніх школ №№ 16, 20, 28, 37, 38, гімназій №№ 4 і 10, — паведаміла Святлана Вітальеўна.

Шляхам віціны

Па словах дырэктара Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Андрэя Юр’евіча Луніна, у гімназіі № 4 і сярэдняй школе № 37 Гродна варта пабываць кожнаму, хто хоча падрабязна ведаць мінулае мікрараёна Фолюш, а таксама азнаёміцца з малавядомымі фактамі ваеннай гісторыі Гродна. Пакуль мы ехалі па звілістых вулачках гістарычнага цэнтра, перасякалі стары мост, Андрэй Юр’евіч расказаў пра яшчэ адзін праект, які рэалізоўваецца цэнтрам з мэтай папулярызацыі гісторыі Гродна:

— Краязнаўчы конкурс “Галасы гісторыі”, пра які расказала Святлана Вітальеўна, ужо даўно стаў знакавым для навучэнцаў і педагогаў Гродзенскай вобласці. Папуляр-насць набывае таксама культурна-адукацыйны і турыстычна-краязнаўчы праект “Шляхам віціны”, які рэалізоўваецца разам з літоўскімі і расійскімі партнёрамі. У рамках праекта ў музеі цэнтра створаны спецыяльны раздзел экспазіцыі, прысвечаны гісторыі развіцця суднаходства на Нёмане, культуры і побыту Прынёманскага краю. У рамках рэалізацыі праекта ва ўстановах адукацыі горада праводзіцца дэманстрацыя экспанатаў з элементамі тэхнічнай творчасці. У ходзе заняткаў навучэнцы атрымліваюць магчымасць не толькі паглыбіць веды па гісторыі роднага краю, але і ўласнаручна стварыць мадэль віціны. Дарэчы, віціна — гэта рачное хадавое судна, якое плавала па Нёмане і перавозіла ў асноўным прадукты харчавання.

Месяц май

Гродна прыгожы ў любую пару года. Найбольш прыемна прагульвацца па яго звілістых вулачках у маі. Ужо адышлі маразы, але яшчэ не прыйшла летняя спёка, а сонечныя промні робяць колеры гарадскіх будынкаў асабліва насычанымі. Жоўты, аранжавы, чырвоны, белы прыгожа кантрастуюць з насычаным зялёным колерам маладой травы і лістоты. У маі ўжо цёпла, ужо можна падоўгу сядзець на старажытным гарадзішчы і любавацца панарамай горада. Калі май — месяц прагулак па Гродне, то месяц вывучэння яго багатай гісторыі — гэта верасень.

Менавіта ў верасні, як паведаміла кіраўнік музея “Аўгустовак: гісторыя і лёсы” гімназіі № 4 настаўніца гісторыі Вольга Георгіеўна Грамыка, сярод навучэнцаў праводзяцца асноўныя краязнаўчыя мерапрыемствы, прысвечаныя Гродну, а вось у маі — мерапрыемствы па выніках работы краязнаўчага даследчага цэнтра інтэлектуальнага аб’яднання “Аўгустова: мінулае і сучаснасць”. Гэта віктарыны, стварэнне газет, плакатаў, цыкл лекцый і экскурсій. Акрамя таго, з мінулым роднага горада гімназісты знаёмяцца і на занятках факультатыву “Гродназнаўства”. Што тычыцца ўрокаў гісторыі, то напрыканцы кожнага навучальнага года Вольга Георгіеўна праводзіць, напрыклад, для вучняў 6 класа экскурсію да Каложы, расказвае дзецям пра асаблівасці архітэктуры храма, замацоўвае тым самым атрыманыя веды. Аднак найбольш папулярныя музейныя экскурсіі.

— Музей “Аўгустовак: гісторыя і лёсы” адкрыты ў 2009 годзе. Тэрыторыя, на якой знаходзіцца наша гімназія, калісьці ўваходзіла ў склад старадаўняга маёнтка Аўгустовак. Сама сядзіба, пабудаваная ў 1770-я гады знакамітым архітэктарам Джузэпэ дэ Сака па ініцыятыве гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза для апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з’яўлялася ўзорам позняга барока з элементамі класіцызму. Першы раздзел экспазіцыі прысвечаны гісторыі стварэння і асаблівасцям архітэктурнага комплексу. Наступны раздзел расказвае пра людзей, чый лёс звязаны з рэзідэнцыяй апошняга караля Рэчы Паспалітай. Наведвальнікаў нашага музея чакае цікавы аповед пра знакамітых дзеячаў ІІ Рэчы Паспалітай, якія былі гасцямі ў гаспадара сядзібы Новы Аўгустовак Маўрыкія О’Брыена дэ Ласі і яго жонкі Надзеі з роду Друцкіх, пра самога гаспадара і яго нашчадкаў, пра касцёл Святой Панны Марыі Міласэрнай — духоўны цэнтр нашага мікрараёна. Расказваем мы наведвальнікам і пра капліцу Пятра і Паўла, пабудаваную ў 1818 годзе як радавую пахавальню роду О’Брыенаў дэ Ласі. Мы раскрыем таямніцу герба гэтага роду, у нас вы ўбачыце старыя фота-здымкі, якіх у Гродне больш няма ні ў кога. Цікавіць жыхароў мікрараёна раздзел, прысвечаны гісторыі гімназіі, а таксама “Побыт і культура нашых бабуль”. Узоры вышыўкі, ткацтва, лозапляцення, разьбы ўпрыгожваюць гэты куток музея. Нашы госці могуць даведацца і пра таямніцу назвы мікрараёна Фолюш. У музеі ладзяцца і часовыя раздзелы экспазіцыі. Цяпер гэта раздзел, прысвечаны 888-годдзю Гродна. Цэнтральную частку займае макет гістарычнай часткі горада, створаны навучэнцамі Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Тут прадстаўлены макеты будынкаў і планіроўка вуліц па стане на 1915 год, — расказвае Вольга Георгіеўна.

Вайна і музей

Гісторыя Гродна — гэта не толькі гісторыя храмаў, свецкіх будынкаў, лёс людзей, гэта і ваенная гісторыя. Менавіта ў рэчышчы ваенных падзей вывучае мінулае Гродна настаўнік гісторыі і кіраўнік музейнага пакоя “Гродна ў войнах XVII—XХ стагоддзяў” 4-й гімназіі Дзмітрый Уладзіміравіч Люцік. “Галоўная мэта стварэння пакоя — папулярызацыя гісторыі Гродзенскай крэпасці. Наш горад адметны тым, што на працягу ўсёй сваёй гісторыі меў умацаванні. Спачатку гэта быў дзядзінец, потым замак, у XVIIІ стагоддзі з’яўляецца бастыённая сістэма, а ў ХІХ стагоддзі — фарты, якія ў ХХ стагоддзі перарастаюць у паўнацэнную крэпасць. У сярэдзіне ХХ стагоддзя будуецца ўмацаваны раён”, — расказаў настаўнік.

Музейны аповед пра мінулае — гэта аповед на аснове канкрэтных прадметаў. Больш за 200 унікальных экспанатаў налічвае гімназічны пакой. Наведвальнікі могуць азнаёміцца і са шрапнеллю, карцечнымі кулямі. Звычайна археолагі лічаць кулі малакаштоўнай знаходкай, аднак, па словах Дзмітрыя Уладзіміравіча, на аснове вывучэння куль розных эпох можна прасачыць эвалюцыю стралковай зброі. Гімназісты пад кіраўніцтвам настаўніка нават напісалі асобную даследчую работу, з якой паспяхова выступалі на краязнаўчых канферэнцыях. Справа ў тым, што на кожнай гільзе ёсць маркіроўка завода, пазначаны год выпуску, вытворцы. Так дзевяцікласнік знайшоў на форце № 1 гільзу французскай арміі ўзору 1916 года. Як яна трапіла на гродзенскую зямлю? Вельмі проста. Аказваецца, Францыя пастаўляла ўзбраенне для польскай арміі падчас савецка-польскай вайны. Кожная вайна (ці то Паўночная, ці то 1812 года, Першая і Другая сусветныя, войны XVII стагоддзя) прадстаўлены ў экспазіцыі пакоя арыгінальнымі прадметамі, і не толькі кулямі. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з асабістымі рэчамі салдат розных эпох і армій, элементамі формы і ўзбраення.

— Акрамя пошукавай работы, мы ствараем з дзецьмі навукова-даследчыя работы па такіх напрамках, як “Гродна ў гады Трынаццацігадовай вайны (1654—1667)”, “Гродна ў гады Паўночнай вайны (1700—1721)”, “Гісторыя Гродзенскай умацаванай пазіцыі”, “Гісторыя Гродзенскай крэпасці”, “Гродзенская крэпасць і Гродна ў гады Першай сусветнай вайны”, “Гродна ў польскую вайну 1919—1921 гг.”, “Гродна ў пачатковы перыяд Другой сусветнай вайны”, “Гродна і Гродзеншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Тэмы даследаванняў новыя і цікавыя, прычым не толькі для дзяцей, але і для сур’ёзных гісторыкаў, — паведаміў Дзмітрый Уладзіміравіч.

Абдуманыя ўчынкі

Вось так, па драбніцах, адкрываюцца малавядомыя і невядомыя старонкі гісторыі Гродна. Так, па драбніцах, ажывае і страчаная ў віхуры стагоддзяў спадчына, а дакладней у віхуры нашых неабдуманых учынкаў. Яскравы прыклад — жамчужына гродзенскай архітэктуры Фара Вітаўта, узарваная ў 1969 годзе. Плённая работа гродзенскіх настаўнікаў і вучняў па вывучэнні мінулага роднага горада дае спадзяванні, што ў будучым такіх неабдуманых учынкаў не будзе, а госці з розных куточкаў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа будуць і далей з радасцю прыязджаць у Гродна, каб прагуляцца па яго гістарычнай частцы, забрацца на высокае замчышча і пасядзець там гадзінку-другую, падставіўшы твар сонцу і ветру, палюбавацца панарамай горада, паназіраць за плынню Нёмана. Нішто не вечна пад поўняй? Магчыма, але толькі не Гродна, толькі не яго звілістыя вулачкі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *