Ведае не той, хто пераказвае, а хто прымяняе на практыцы

- 11:50Рознае, Якасць адукацыі

Вывучэнне грамадазнаўства і гісторыі накіравана на фарміраванне разумення свабоды асобы ў сапраўды дэмакратычным грамадстве, павагі чалавечай годнасці, маральных, прававых і юрыдычных прынцыпаў, якія тычацца права чалавека свабодна і цалкам развіваць сваю асобу.

Проста вучыць падрастаючае пакаленне таму, як стаць прыстойнымі людзьмі, якія па-добраму ставяцца да членаў сваёй сям’і і суседзяў, недастаткова. Навучанне будучых грамадзян прававога грамадства азначае вывучэнне імі сістэмы дзяржаўнага кіравання, набору каштоўнасцей, уяўлення аб грамадстве і ладзе жыцця ў ім.

Для гэтага неабходна перш за ўсё сістэмна і паслядоўна раскрываць прыродныя здольнасці школьнікаў, дапаўняючы і ўзбагачаючы іх, выкарыстоўваючы спецыяльныя прыёмы і метады і нестандартныя падыходы да развіцця мыслення.

Сваю работу выбудоўваю па наступных правілах:

— галоўнае не прадмет, якому вучу, а асоба;

— кожны ўрок павінен стымуляваць актыўнасць вучня — творчую, адукацыйную, сацыяльную;

— ведае не той, хто пераказвае, а той, хто прымяняе на практыцы;

— веданне навучэнцамі перспектывы навучання (практычнае прымяненне ведаў);

— дыферэнцыраваны падыход да навучання;

— абавязковае прымяненне законаў навуковай арганізацыі працы (схемы, сінхронныя табліцы, крыжаванкі, апорныя канспекты і г.д.);

— выкарыстанне жыццёвага вопыту вучня;

— заахвочванне і стымуляванне даследчай дзейнасці вучня. Кожны ўрок — прыступка да творчасці (работа з першакрыніцамі, вырашэнне сітуацыйных задач і г.д.);

— настаўнік не з’яўляецца носьбітам ісціны ў апошняй інстанцыі;

— пастаяннае прафесійнае самаразвіццё і ўдасканальванне, валоданне псіхолага-педагагічнымі ведамі.

На першы план у арганізацыі вучэбнай дзейнасці па авалодванні зместам вучэбнага матэрыялу па гісторыі і грамадазнаўстве выступае фарміраванне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Яны садзейнічаюць сацыялізацыі асобы, якая авалодвае ўменнем арыентавацца ў сучаснай сацыякультурнай сітуацыі і здольная да самарэалізацыі ва ўмовах шматгранных адносін і ўзаемадзеяння з іншымі. Гэтаму садзейнічаюць праблемна-пошукавыя метады і тэхналогіі, якія дазваляюць навучэнцам адчуць сябе гісторыкамі-даследчыкамі, вучаць самастойна набываць не толькі веды, але і мець зносіны, сумесна працаваць, планаваць сваю дзейнасць, кантраляваць і ацэньваць як свае поспехі, так і поспехі аднакласнікаў. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць далучэння навучэнцаў да навукова-даследчай дзейнасці, якую смела можна назваць вышэйшай прыступкай творчай дзейнасці навучэнца.

Галоўная задача школы — гэта ўзбраенне дзяцей неабходным інструментарыем уменняў і навыкаў для самастойнага атрымання ведаў і іх аналізу. Працэс жа пазнання ў гарманічнай асобы працягваецца ўсё жыццё. Праблемна-даследчае навучанне ў нашай школе праходзіць па наступнай схеме:

Важнае значэнне пры навучанні на ўроках маюць і лагічна-сэнсавыя мадэлі, якія служаць свайго роду і падказкай вучню пры падрыхтоўцы дамашняга задання, да экзамену. Пры іх складанні вучань лепш запамінае і ўяўляе тэарэтычны, факталагічны, храналагічны матэрыял.

Для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў існуе таксама шмат спосабаў, метадаў і прыёмаў актыўнага ўзаемадзеяння суб’ектаў навучання. Гэта лекцыі, семінары, канферэнцыі, выкарыстанне схем і табліц, работа з дакументамі, краязнаўчым матэрыялам, спалучэнне групавых і індывідуальных форм работы і г.д.

Інтэрактыўныя вучэбна-метадычныя камплекты (табліцы, схемы, праблемныя заданні, тэсты, дакументы, краязнаўчы матэрыял) дазваляюць уключыць вучняў у творчы, складаны працэс пошуку. Гэта знайшло адлюстраванне ў нашай школе ў вучэбна-метадычных распрацоўках-заданнях, тэстах і апорных табліцах пры падрыхтоўцы да экзамену.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю сумесную групавую работу, дэбаты, дыскусіі, ролевыя гульні, праблемныя сітуацыі, а таксама наватарскія падыходы да вусных і пісьмовых заданняў, адкрытыя, творчыя пытанні, якія дапускаюць некалькі варыянтаў адказаў і заахвочваюць да далейшага дыялогу.
Хачу адзначыць, што пытанні, пастаўленыя адоранаму школьніку, сфармуляваны інакш, чым звычайнаму, які слабавата вучыцца. Напрыклад, заданні тыпу: сфармулюйце …; растлумачце прычыны …; чым адрозніваецца …; назавіце магчымыя варыянты; што яшчэ можна зрабіць у гэтай сітуацыі? Такія заданні садзейнічаюць падтрыманню пазнавальнай актыўнасці навучэнца.

Бо часцей за ўсё на ўроках праз фармулёўку пытанняў і праяўляецца пазнавальная актыўнасць адораных вучняў, а ўменне ставіць разумныя пытанні — гэта важная і неабходная прыкмета інтэлекту і праніклівасці.

Праблема — гэта заданне, адказ на якое непасрэдна не выцякае з матэрыялу, які вывучаецца, а патрабуе далучэння дадатковых фактаў і агульнага (комплекснага) іх аналізу.

Праблемнае навучанне садзейнічае фарміраванню наступных уменняў: выяўленне праблемы, аналіз розных варыянтаў яе вырашэння, іх ацэнка, абагульненне даследавання, пошук альтэрнатывы ў гісторыі і грамадазнаўстве, складанне алгарытму даследавання, афармленне ў выглядзе схемы або табліцы яго вынікаў, напісанне гістарычнага сачынення, вядзенне дыскусіі, работа з гістарычнымі крыніцамі і навукова-папулярнай літаратурай.

Тут хачу прывесці некалькі прыкладаў пастаноўкі на ўроках праблемных пытанняў.

Чаму для ўзнікнення капіталізму неабходна першапачатковае назапашванне капіталу? Ці змагла б сталыпінская аграрная рэформа павесці Расію па капіталістычным шляху развіцця сельскай гаспадаркі і выратаваць краіну ад рэвалюцый, грамадзянскай вайны і калектывізацыі? Ці маглі б бальшавікі ўсталяваць сваю ўладу ў Расіі без грамадзянскай вайны і тэрору?

Выкарыстоўваючы іншыя спосабы праблемнага навучання, можна пайсці за межы мінімальнага адукацыйнага стандарту і навучыць школьнікаў выкарыстоўваць творчыя метады даследчага характару.

Эфектыўнае таксама творчае навучанне, калі актыўныя навучэнцы фармулююць мэты ўрока, ставяць уласныя пытанні, прыводзяць прыклады, складаюць сітуацыйныя задачы, табліцы, схемы, прыводзяць аналогіі, робяць абагульненні. Такія самастойна зробленыя адказы глыбей уцягваюць у працэс ужо ўласнага навучання. Інфармацыя ж, атрыманая на такім уроку, засвоіцца больш трывала.
Шырокае ўкараненне розных форм вучэбнай дзейнасці дазваляе рэалізаваць адукацыйныя магчымасці максімальнай колькасці навучэнцаў. З’яўленне новых арганізацыйных форм навучання, форм арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, асабліва ў пазаўрочны час, аказвае пэўны ўплыў на абнаўленне зместу адукацыі. Напрыклад, цікавая для навучэнца праблема, над якой ён працуе самастойна (падрыхтоўка да канферэнцыі), як правіла, выводзіць яго за рамкі традыцыйнай вучэбнай праграмы.

Адзін з метадаў развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў — гэта арганізацыя практычных работ па аналізе гістарычных крыніц, падзей. У сваёй рабоце на ўроках гісторыі і грамадазнаўства кіруюся алгарытмам: што — хто — дзе — навошта — як — плюсы (+) і мінусы (-) у дзейнасці. Лічу, што адносіны паміж настаўнікам і навучэнцамі павінны грунтавацца на павазе і адначасова на патрабавальнасці да навучэнцаў.

Для развіцця творчых здольнасцей перш за ўсё неабходна навучыцца бачыць рэчы ў новым святле, г.зн. шукаць спосабы прымянення звычайных рэчаў. Галоўнае ў рабоце ў групах — не саромецца генерыраваць ідэі, зладжана працаваць у камандзе, паважаць думку сябра. Сумесная работа, дыскусіі ў невялікіх групах дазваляюць дзецям набываць навыкі лідарства і ўнушаюць важную думку пра тое, што ўсе члены прававога грамадства маюць права ўдзельнічаць у яго жыцці і права быць выслуханымі. Перавага такога падыходу да навучання — гэта прыстасаванасць да мясцовых умоў і той факт, што ён не патрабуе складаных матэрыялаў і методык навучання.

Навучэнцы чытаюць падручнікі, манаграфіі, біяграфіі, гераічныя гісторыі, першасныя дакументальныя крыніцы, нарматыўна-прававыя акты, канстытуцыі, у якіх абмяркоўваецца і растлумачваецца аспект права. Адным з найбольш распаўсюджаных вучэбных дапаможнікаў з’яўляецца газета. На ўроках таксама выкарыстоўваю газету ў якасці “жывога падручніка” для навучання асновам права. Бо артыкулы, рэдакцыйныя калонкі, аб’явы, лісты рэдактару і іншыя агульныя рысы газет — гэта цудоўны матэрыял для таго, каб расказаць аб грамадскай думцы, арганізацыі дзяржаўнага кіравання, эканоміцы, пытаннях дзяржаўнай палітыкі, праве і мностве іншых прадметаў.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Асновы сямейнага права” пры афармленні калажу “Планета “Сям’я” неабходна было выбраць і вывучыць матэрыялы, уключаючы рэкламу, аб’явы і іншыя рубрыкі з газет, і суаднесці свой “наглядны матэрыял” з адпаведнымі галінамі права, зрабіць высновы, прадставіць і абараніць яго. Потым на падставе ўсіх прапанаваных праектаў выпрацоўваецца агульны праект і фіксуецца на аркушы ватману.

Адзін з метадаў развіцця творчых здольнасцей пры падрыхтоўцы дамашняга задання — гэта выкананне мультымедыйнай прэзентацыі. Пры падрыхтоўцы яе вучань праводзіць значную даследчую работу, выкарыстоўваючы пры гэтым не адну крыніцу інфармацыі. Гэта дазваляе пазбегнуць шаблонаў і ператварыць кожную работу ў вынік індывідуальнай творчасці. Навучэнец пры стварэнні слайдаў пераўвасабляецца ў камп’ютарнага майстра. Гэты від вучэбнай дзейнасці дазваляе развіваць у навучэнцаў не толькі лагічнае мысленне, але і фарміраваць адпаведныя ўменні і навыкі.

Яшчэ адзін станоўчы момант работы над прэзентацыяй — гэта развіццё ў навучэнцаў умення публічна прадставіць і абараніць яе, а элемент саперніцтва дазваляе павысіць уласную самаацэнку, бо ўменне працаваць з камп’ютарам з’яўляецца адным з элементаў сучаснай маладзёжнай культуры.

Пры разглядзе розных сітуацый выкарыстоўваю ПРЭС-метад. Ён найбольш падыходзіць у гэтым выпадку, бо трэба за кароткі час пачуць абгрунтаваныя погляды на некаторыя праблемы ад большай часткі вучняў. Ён паказвае кароткую і вельмі эфектыўную схему прэзентацыі сваёй пазіцыі і вучыць коратка, даходліва і аргументавана абараняць свае ідэі і погляды.

ПРЭС — кожная літара абазначае поўны сэнс, і толькі пры наступным “праходжанні” праз усе стадыі (літар) атрымліваецца закончаная схема аргументацыі: П — пункт гледжання; Р — прычына; Э — прыклад; С — выснова.

Прыклад. Неабходна прывесці аргументы на разгляд праекта заканадаўчага акта аб забароне курэння. З выкарыстаннем ПРЭС-метаду гэта гучыць так:

Пункт гледжання: я лічу, што курэнне павінна быць забаронена.

Прычына: таму што курэнне наносіць шкоду здароўю.

Прыклад: напрыклад, людзі, якія кураць, часта хварэюць і хутчэй старэюць, паміраюць.

Высновы: вось чаму я лічу, што курэнне павінна быць афіцыйна забаронена.

Па такім жа прынцыпе можна скласці і супрацьлеглыя пункты гледжання.

Гэты ПРЭС-метад дазваляе ў далейшым весці ажыўленую дыскусію па абмеркаванні праблем.

Асаблівае месца ў развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў, іх маральным выхаванні займае школьная газета. Работы вучняў, асабістыя заметкі, вершы, артыкулы — гэта той матэрыял, на якім выхоўваецца любоў і павага да свайго дому, Радзімы, роднага слова, тым самым павышаецца агульная культура школьнікаў.

Напрыканцы хачу адзначыць, што работа з адоранымі дзецьмі арыентавана не толькі на вынік, але і на пытанні маралі, міласэрнасці, адказнасці, каб у будучыні яны змаглі адрозніць праўду ад хлусні і не ішлі на кампраміс са сваім сумленнем пад націскам пэўных акалічнасцей.

Марына СТАНІСЛАВОВІЧ,
настаўніца гісторыі Ліпскай сярэдняй школы
Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.