Ведаюць правы, усведамляюць абавязкі

- 7:04Адукацыйная прастора

— Прававое выхаванне займае важнае месца ў падрыхтоўцы вучняў да самастойнага жыцця, фарміраванні грамадзянскасці, маральных каштоўнасцей і агульнай культуры дзяцей, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хараўской сярэдняй школы Пружанскага раёна Вольга Мікалаеўна Бабрыцкая. — Але такое выхаванне немагчыма арганізаваць на належным узроўні без цеснага супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і праваахоўных органаў. У нашай школе вядзецца сістэмная работа ў гэтым напрамку.

На працягу месяца ўпраўленні ўнутраных спраў і адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама абласная камісія па справах непаўналетніх праводзілі абласны дзіцячы конкурс лістовак “Правазнавец”, прысвечаны прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. На адрас арганізатараў паступіла амаль 700 работ з усіх раёнаў вобласці.

Па рашэнні журы конкурсу пераможцамі прызнаны 5 работ. Сярод іх — лістоўка “У вясёлцы жыцця няма месца чорнаму колеру”, падрыхтаваная дзесяцікласнікамі Хараўской сярэдняй школы.

Нядаўна ў навучальнай установе пабывалі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, якія правялі з вучнямі прафілактычную гутарку і азнаёмілі дзяцей з лепшымі конкурснымі работамі. Пераможцы спаборніцтва Ганна Рак, Дзіяна Крэтава і Андрэй Шаўчэнка атрымалі з рук старшага інспектара па асобых даручэннях групы прафілактыкі правапарушэнняў непаўналетніх УАПП УУС Брэсцкага аблвыканкама маёра міліцыі І.М.Філіповіча заслужаныя дыпломы і салодкія падарункі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.