Веды на 100 балаў

- 10:20Якасць адукацыі

Ва ўрачыстай абстаноўцы сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання ўручылі лепшым абітурыентам Гродзеншчыны.

Цырымонія, на якой прысутнічалі не толькі выпускнікі, але і іх педагогі, бацькі, традыцыйна прайшла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

З прывітальным словам да абітурыентаў звярнуўся старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, член Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, старшыня Гродзенскай абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Анатоль Дарожка:

— У вобласці ў гэтым годзе 37 абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымалі 100 балаў, гэта адзін з лепшых вынікаў у Беларусі, што чарговы раз сведчыць пра вельмі высокі ўзровень адукацыі ў вобласці, прафесійны ўзровень нашых педагогаў, якія перадаюць свае веды і ўменні вучням. Сёння вы стаіце на парозе новага жыцця, перад вамі адкрыты ўсе дарогі, дзяржава стварыла ўсе ўмовы для атрымання любой адукацыі. Вашы веды, уменні, навыкі дазваляюць дабіцца ўсяго, чаго вы толькі пажадаеце. І вельмі важна зрабіць правільны выбар. Тое, што вы таленавітыя, вы яшчэ раз даказалі на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Анатоль Дарожка ўручыў абітурыентам сертыфікаты ЦТ. Самы лепшы вынік у выпускніцы гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Любові Коваль, якая адзіная сярод 37 стабальнікаў вобласці атрымала такі высокі бал адразу па двух прадметах — рускай мове і біялогіі, а таксама 96 балаў па хіміі. Дзяўчына — творчая асоба, яна скончыла музычную школу, з’яўляецца прызёрам Міжнароднага конкурсу сачыненняў па творах Міхаіла Шолахава, пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове.

Яшчэ два выпускнікі гэтай гімназіі Аляксандра Шуста (100 балаў па нямецкай мове) і Аляксандр Скварнюк (98 балаў па матэматыцы і 97 — па хіміі) атрымалі сертыфікаты і віншаванні. Падтрымаць сваіх нядаўніх вучняў прыйшла намеснік дырэктара гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага па вучэбнай рабоце Ала Брыцікава. Высокія вынікі паказалі выпускнікі гімназіі № 9 Карына Казлоўская (100 балаў па рускай мове, 98 — па біялогіі і 96 — па хіміі) і Настасся Лукашэвіч (100 балаў па біялогіі і 96 — па хіміі), гімназіі № 10 Настасся Валодзіна (100 балаў па біялогіі і 98 — па хіміі), сярэдняй школы № 32 Настасся Еўлашэвіч (100 балаў па біялогіі), сярэдняй школы № 31 Настасся Макарэвіч (па 98 балаў па біялогіі і хіміі), Шчучынскай гімназіі Настасся Рэкеда (98 балаў па англійскай мове) і інш.

Ад імя шматтысячнага калектыву ГрДУ імя Янкі Купалы абітурыентаў павіншавала рэктар універсітэта Ірына Кітурка:

— На ўсе сто атрымалася тое, да чаго вы ішлі так доўга. Дзякуй вам, педагогі. Вялікае дасягненне і шчасце, калі вучні пераўзыходзяць нашы чаканні і паказваюць свае здольнасці. У іх перамозе ёсць частка вашай працы. Хачу павіншаваць бацькоў за тое, што вашы дзеці такія цудоўныя. Абітурыенты, любая ўстанова вышэйшай адукацыі з такімі вынікамі ЦТ будзе рада вас бачыць. У тым ліку і мы чакаем вас у ГрДУ імя Янкі Купалы. Як рэктар універсітэта магу толькі пазайздросціць тым установам адукацыі, якія будуць мець такіх студэнтаў.

Уручаючы сертыфікаты ЦТ, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская павіншавала не толькі выпускнікоў, але і іх педагогаў, бацькоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у падрыхтоўку маладых людзей, падтрымлівалі іх. Звяртаючыся да сённяшніх выпускнікоў, а ў хуткім часе студэнтаў, яна падкрэсліла, што юнакі і дзяўчаты здалі адзін са сваіх першых дарослых экзаменаў. 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні — гэта той фундамент будучага жыцця, які яны для сябе заклалі, першая прыступка да самаразвіцця, самарэалізацыі.

— Штогод нашы выпускнікі паказваюць адны з лепшых вынікаў у рэспубліцы. У гэтым годзе 37, у мінулым было 38 стабальных вынікаў. Вельмі парадавалі поспехі ўстаноў адукацыі абласнога цэнтра, але ўдвая парадавала, што ў гэтым годзе па два стабальныя вынікі маюць выпускнікі школ Зэльвенскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага раёнаў. Гэта гаворыць пра тое, што ў кожнай установе ў любым рэгіёне Гродзеншчыны створаны ўсе неабходныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі. Упэўнена, кожны выпускнік зробіць правільны прафесійны выбар, — падкрэсліла Галіна Курганская.

Увогуле ў Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў ЦТ было зарэгістравана 5111 абітурыентаў для выканання 17 406 тэстаў па пятнаццаці прадметах. Для правядзення іспытаў было задзейнічана 4 установы адукацыі. Каля 1000 педагагічных работнікаў забяспечвалі правядзенне ЦТ, больш за 500 — кантроль за ходам іспытаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.